Вайсковы камісарыят Берасьцейскай вобласьці аб’явіў тэндэр на друк 50 тысяч мабілізацыйных позваў

Армія Беларусі

Вайсковы камісарыят Берасьцейскай вобласьціабʼявіў тэндэр на друк блянкаў мабілізацыйных загадаў накладам 50 тысяч асобнікаў да 31 сьнежня.

Адпаведны дакумэнт апублікаваны 8 лістапада на сайце дзяржаўных закупак і падпісаны вайсковым камісарам вобласьці палкоўнікам Алегам Канавалавым. Цана закупу — 500 беларускіх рублёў. Тэрмін пастаўкі тавару — лістапад-сьнежань 2022 году. Найменьне тавару значыцца як мабілізацыйнае прадпісаньне вайсковаабавязанага, прызначанага ў каманду. Закуп фінансуецца зь дзяржаўнага бюджэту.

Скрын аўкцыённага дакумэнта

У верасьні 2022 году Гомельскі абласны вайсковы камісарыят ужо закупіў 30 тысяч блянкаў позваў, а 31 кастрычніка абвясьціў тэндэр на закуп яшчэ 30 тысяч блянкаў позваў для прызыўнікоў і 70 тысяч для вайсковаабавязаных. Сумарна, у параўнаньні зь мінулым годам (каля 50 тысяч блянкаў), выходзіць рост у 2,6 раза.

Абласны вайсковы камісарыят у Берасьці на пачатку лістапада закупляў 120 тысяч блянкаў для позваў на прызыў, 100 тысяч позваў агульнага выкліку і 180 тысяч — пэрсанальных мабілізацыйных позваў.

«Гэтыя закупы могуць сьведчыць як пра вайсковую актыўнасьць, так і быць часткаю працы для дэзынфармацыі патэнцыйнага праціўніка», — пісала тады выданьне «Флагшток».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны магчымай мабілізацыі. Беларусы просяць зьмяніць закон аб воінскім абавязку, ваенкаматы закупляюць блянкі для позваў