Учора Наста Лойка ня выйшла на волю пасля 15-сутачнага арышту, бо яе перазатрымалі па новым артыкуле. Сёньня яе справу па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) разгледзелі ў судзе Першамайскага раёну Менску. Вынікам стаў чарговы арышт тэрмінам на 15 сутак.
«На судзе Наста заявіла, што падчас арышту яе двойчы адводзілі на гутаркі з супрацоўнікамі ГУБАЗіКу, дзе адзін раз яе ўдарылі электрашокерам, а 11 лістапада адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў бяз вопраткі на 8 гадзін. Наста моцна захварэла.
За ўвесь гэты час на Акрэсьціна ўдалося перадаць лекі, аднак ёсьць інфармацыя, што да Насты лекі так і не дайшлі. Яна па-ранейшаму знаходзіцца ў зьняволеньні бязь цёплых рэчаў і сродкаў асабістай гігіены», — паведамляюць @humanconstanta.
Нагадаем, Насту затрымалі 28 кастрычніка. Пазьней Насту асудзілі на 15 сутак арышту за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцу Насту Лойку ня выпусьцілі на волю пасьля 15 сутак арышту