Калі Беларусь нацыяналізуе літоўскі бізнэс, Літва можа кампэнсаваць страты замарожанымі актывамі беларускіх фірмаў

Вільня

Прэзыдэнт Канфэдэрацыі прамыслоўцаў Літвы Відмантас Янулявічус пракамэнтаваў BNS пагрозы Менску нацыяналізаваць кампаніі зь «недружалюбных краін».

Калі ўлады Беларусі на гэта пойдуць, то можна было б выкарыстоўваць замарожаныя сродкі кампаній, якія трапілі пад санкцыі Эўрапейскага Зьвязу, для кампэнсацыі страт інвэстараў і сродкаў фізычных асоб, цытуе яго словы delfi.lt.

«У выпадку, калі нашы кампаніі будуць нацыяналізаваныя, гэта абавязкова прывядзе да пазову ў Эўракамісіі, калі мы будзем вымушаныя прасіць Беларусь і Расею кампэнсаваць нашым кампаніям, нашым сябрам, як сябрам ЭЗ, сродкі, за кошт тых сродкаў, якія сёньня замарожаныя. Гэта можна напісаць як адказ на іх мэсыдж», — сказаў BNS Янулявічус у панядзелак.

Пакуль, паводле слоў Янулявічуса, канфэдэрацыя ўладальнікаў літоўскіх кампаній нічога ня ведае пра такія дзеяньні, але ёсьць неабгрунтаваныя падатковыя праверкі некаторых кампаній.

Толькі ў Літве ў сувязі зь міжнароднымі санкцыямі супраць беларускіх кампаній замарожана каля 34 млн эўра і 7 млн даляраў ЗША, сьведчаць дадзеныя Службы па расьсьледаваньні фінансавых злачынстваў.

Тэлеграм-канал «Пул Первого», зьвязаны з прэс-службай Лукашэнкі, паведаміў у панядзелак, што той прыгразіў нацыяналізаваць кампаніі або іх долі, якія належаць інвэстарам зь «недружалюбных краін» у Беларусі, калі будзе спроба іх прадаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 86% беларусаў, якія нядаўна пераехалі ў Літву, заявілі, што пакінулі радзіму з палітычных прычынаў