Лукашэнка заявіў, што на пашырэньне МУС «грошай няма»

Аляксандар Лукашэнкка

Аляксандар Лукашэнка 14 лістапада прыняў кіраўніцтва МУС з дакладам аб стане апэратыўнай абстаноўкі ў краіне і разьвіцьці сыстэмы органаў унутраных справаў.

Міністар унутраных справаў Іван Кубракоў, дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч, а таксама намесьнікі кіраўніка МУС Мікалай Карпянкоў і Дзьмітры Карзюк расказалі Лукашэнку аб «стане апэратыўнай абстаноўкі ў краіне і разьвіцьці сыстэмы органаў унутраных справаў».

Лукашэнка зазначыў, што ў Беларусі апошнім часам надаецца шмат увагі «ўдасканаленьню сыстэмы кіраваньня ў дзяржаве», неабходна гэта і МУС.

Паводле яго, кіраўніцтва ведамства даўно хацела абмеркаваць зь ім шэраг пытаньняў і прыняць рашэньні. Аднак Лукашэнка паведаміў, што пры «ўдасканаленьні» МУС ня варта разьлічваць на празьмернасьці і вялікія фінансавыя ўкладаньні.

«Усё павінна ўкладвацца ў адзіную канцэпцыю. І дзейнічаць мы павінны адэкватна сытуацыі. Я намякаю на тое, што лішніх грошай ніколі няма. Не было і ня будзе», — заявіў Лукашэнка.

Ён сказаў, што на рэчы сапраўды неабходныя сродкі знойдуцца, але «калі можам патрываць — значыць, трэба патрываць».

«У пляне пашырэньня, можа быць, нават нейкіх марнаваньняў на забесьпячэньне жыцьцядзейнасьці нашых вайсковых падразьдзяленьняў. Наагул сілавога блёку. Таму калі магчыма патрываць — значыць, трэба патрываць да пэўнага часу. Але калі гэта ўжо перасьпела, то трэба хутка прымаць рашэньне», — сказаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ратавалі ўкраінцаў. Нікога не забівалі. І заўсёды былі супраць вайны». Да чаго рыхтуецца Лукашэнка на выпадак паразы Пуціна
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўныя каштоўнасьці — памяць пра чужыя подзьвігі і незьмяняльны лідэр. Ці дапамагае ідэалёгія ўтрымаць уладу Лукашэнку?