Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў пасьля прыбыцьця на востраў Балі ў Інданэзіі трапіў у лякарню. Пра гэта паведаміла агенцтва Associated Press з спасылкай на трох урадавых чыноўнікаў Інданэзіі.
На саміце G20 Лаўроў меў кіраваць расейскай дэлегацыяй, бо ў Крамлі заявілі, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін «вельмі заняты», каб прыняць удзел у саміце.
Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава зьняпраўдзіла інфармацыю пра шпіталізацыю, заявіўшы, што разам з Лаўровым чытала стужку навін і была зьдзіўленая. Яна назвала навіну «найвышэйшым пілятажам фэйкаў».
Губэрнатар Балі паведаміў Reuters, што Лаўроў, прыбыўшы на востраў, сапраўды наведваў бальніцу Сангла для «праверкі». Цяпер ён адчувае сябе добра і ў шпіталізацыі ня мае патрэбы.
«Ён быў у добрым здароўі і пасьля агляду адразу зьехаў», – сказаў ён журналістам.
У ліпені на канфэрэнцыі кіраўнікоў МЗС G20 на Балі Лаўроў апынуўся ў ізаляцыі і пакінуў сустрэчу раней за тэрмін. У красавіку падчас выступу расейскіх прадстаўнікоў паседжаньне G20 пакінулі міністры фінансаў і кіраўнікі цэнтральных банкаў шэрагу заходніх краін. Многія з тых, хто ўдзельнічаў у сустрэчы дыстанцыйна, выключылі відэакамэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар замежных спраў Расеі Лаўроў: Захад імкнецца мілітарызаваць Паўднёва-Ўсходнюю Азію, каб стрымаць інтарэсы Расеі і Кітая ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз і Вялікая Брытанія будуць байкатаваць выступы Расеі на саміце G20