Праваабаронца Анастасія Лойка 12 лістапада ня выйшла на волю пасьля 15-сутачнага адміністрацыйнага арышту, паведамляе ліквідаваная ў Беларусі арганізацыя Human Constanta.
Лойку затрымалі 28 кастрычніка. 31 кастрычніка суд Першамайскага раёну Менску арыштаваў яе на 15 сутак паводле арт. 19.1 КоАП (дробнае хуліганства).
Да гэтага ў верасьні — кастрычніку Лойку двойчы затрымлівалі і арыштоўвалі на такі ж тэрмін паводле аналягічнага адміністрацыйнага артыкулу.
Пры гэтым Сьледчы камітэт закрыў заведзеную ў дачыненьні яе крымінальную справу аб нявыплаце падаткаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 кастрычніка: затрымалі мэнэджара сеткі «На сувязі» і праваабаронцу Насту Лойку; назвалі яшчэ 625 «экстрэмістаў»Анастасія Лойка была ў камандзе Human Constanta, працавала па пытаньнях рэпрэсіўнага «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства, абароны правоў замежных грамадзян і людзей без грамадзянства ў Беларусі, нефармальнай адукацыі ў сфэры правоў чалавека.
Ліквідаваная ўладамі праваабарончая арганізацыя Human Constanta працягвае займацца правамі чалавека ў трох асноўных кірунках: абарона правоў замежных грамадзян і асоб без грамадзянства; барацьба з дыскрымінацыяй і адукацыя ў галіне правоў чалавека; лічбавая свабода.
Human Constanta заклікала міжнародныя арганізацыі публічна заявіць пра сваю пазыцыю ў сувязі з затрыманьнем Насты Лойкі, перасьледам іншых беларускіх праваабаронцаў і задзейнічаць усе даступныя міжнародныя мэханізмы для спыненьня рэпрэсій у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ 10 адвакатаў трапілі пад рэпрэсіі Міністэрства юстыцыі Беларусі