Сыход зь Беларусі McDonald’s: нясмачна — і шматкропʼе

«Мак» яшчэ вернецца ў Беларусь. Вернецца і сымбаль, і тое, што ён сымбалізуе.

Сьцісла

  • У свой час зьяўленьне ў СССР рэстаранаў McDonaldʼs было сымбалем адкрыцьця сьвету, смак гамбургера здаваўся смакам свабоды.
  • У Беларусь «Мак» прыйшоў са спазьненьнем, якраз тады, калі на краіну насоўвалася дыктатура.
  • «Мак» у Менску пасьля падзей 2020 году ў сымбалічным сэнсе быў як усьмешка Чэшырскага ката: ката ўжо няма, засталася толькі ўсьмешка.
  • Цяперашняе выгнаньне «Мака» — прыніжальная дэманстрацыя вернападданасьці Маскве.
  • 40 гадоў таму, калі памёр Брэжнеў, здавалася, што савецкая сыстэма — назаўжды. Адносна цяперашняй лукашэнкаўскай сыстэмы такога адчуваньня няма.
  • «Мак» яшчэ вернецца ў Беларусь. Вернецца і сымбаль, і тое, што ён сымбалізуе.

Сетка рэстаранаў хуткага абслугоўваньня McDonaldʼs пад кіраваньнем «КСБ Виктори Рестораны» зьбіраецца на працягу некалькіх тыдняў працягнуць працу пад расейскім брэндам «Вкусно — и точка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест рэстаранаў McDonald's у Беларусі будзе працаваць расейскі брэнд «Вкусно и точка»

Крок найперш сымбалічны. Калі ў далёкім 1990 годзе першы ў СССР McDonaldʼs адкрыўся ў Маскве — гэта была прыкмета і сымбаль таго, што тагачасная адзіная краіна адкрываецца сьвету, адкрываецца Захаду. Для людзей, якія тады каштавалі стравы рэстарану, іх смак здаваўся смакам свабоды.

Чарга ў рэстаран McDonaldʼs, Масква, 1990

У Менск «Мак» прыйшоў на 6 гадоў пазьней. Гэта было сымбалем ужо менш выразным і дваістым. У Беларусь шмат што прыходзіла і прыходзіць са спазьненьнем. Адкрыцьцё рэстарану адбылося неўзабаве пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму, зь якога пачалося імклівае сасьлізгваньне краіны ў дыктатуру.

Сымбаль свабоды і адкрытасьці зьявіўся тады, калі і адно, і другое ў беларусаў пачалі рашуча і мэтанакіравана адбіраць.

У гэтым сэнсе лягатып «Мака» ў Менску пасьля падзей 2020 году выглядаў ужо зусім усьмешкай Чэшырскага ката з «Алісы ў краіне цудаў» Льюіса Кэрала — кот ужо зьнік, але ў паветры яшчэ лунала яго ўсьмешка.

Цяпер і таго ня будзе. Фактычнае выгнаньне McDonaldʼs — прыніжальная дэманстрацыя залежнасьці, другаснасьці адносна Масквы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: McDonald’s канчаткова пакідае Расею: далейшая праца «не адпавядае каштоўнасьцям» кампаніі

З Расеі гэтая сетка рэстаранаў сышла сама, гэты крок быў знакам асуджэньня расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. Выгнаньнем «Мака» беларускія ўлады як бы прызналі і сваю адказнасьць, і віну за агрэсію. Наўрад ці Масква так ужо дамагалася ад беларускіх уладаў, каб тыя замянілі «Мак» на іхнае сумнеўнае «Вкусно — и точка».

Хутчэй самі вырашылі выслужыцца, прадэманстраваць ляяльнасьць: маўляў, мы ў бок Захаду і не глядзім, вычышчаем нават прыкметы ягонага ўплыву. А асабліва тыя, якія з часоў перабудовы былі знакамі гэтага ўплыву.

Вельмі нясмачна. А чаму ж шматкропʼе?

Леанід Брэжнеў (зьлева) уручае гораду Менску ордэн Леніна і мэдаль "Залатая зорка", Менск, 1978

Днямі, на 40-ю гадавіну сьмерці Леаніда Брэжнева, прыгадалася ўласнае адчуваньне з таго далёкага, кіслага 1982 году: гэтая сыстэма назаўжды, так тут будзе вечна. Ад пэрсоны на чале тая сыстэма практычна ўжо не залежала. «Дарагі Леанід Ільіч» мог сядзець у Крамлі хоць у каматозным стане, гэта ні на што не ўплывала.

А вось зараз такога адчуваньня няма і блізка. Цяперашні стан — гэта канвульсія, прыпадак, а ня вечнасьць. Цяперашняя сыстэма завязаная на асобу Лукашэнкі, яна ня мае ніякага колькі-небудзь істотнага духоўнага падмурку. Савецкая сыстэма ў 1982 годзе трымалася не адно на гвалце і нават не пераважна на ім.

Цяперашняя — усё больш выключна на ім. Калі карыстацца савецкімі аналёгіямі, то гэта — правал у больш раньні, дабрэжнеўскі савецкі пэрыяд. І вядома, чым гэта скончылася.

Так што — да пабачэньня, да вяртаньня, «Мак» на праспэкце Незалежнасьці ў Менску. У Беларусь вернуцца і сымбаль, і тое, што ён некалі сымбалізаваў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.