Байдэн не плянуе сустракацца з расейскай дэлегацыяй на саміце G20

Прэзыдэнт ЗША

Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША выказаў думку, што кіраўнік расейскага МЗС рызыкуе апынуцца ў ізаляцыі на плянаваным саміце лідэраў краін «Вялікай дваццаткі»

Дзяржаўны сакратар Энтані Блінкен не плянуе сустракацца з расейскім міністрам замежных справаў Сяргеем Лаўровым на Балі падчас саміту лідэраў краін «Вялікай дваццаткі», які пачнецца на наступным тыдні. Пра гэта ў чацьвер заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту Нэд Прайс.

Прайс станоўча адказаў на пытаньне журналіста, ці па-ранейшаму дзяржаўны сакратар лічыць неабходнай «ізаляцыю» галоўнага расейскага дыплямата на сустрэчы ў фармаце G20. Нагадаем, што ў ліпені прадстаўнікі заходняй кааліцыі ігнаравалі і байкатавалі ўдзел прадстаўнікоў Расеі ў сустрэчы міністраў замежных справаў «Вялікай дваццаткі», піша Голас Амэрыкі.

«Мы лічым, што з Расейскай Фэдэрацыяй нельга весьці справы, нібыта нічога не здарылася. Так лічым ня толькі мы. Думаю, усе бачылі на Балі падчас ліпеньскай міністэрскай сустрэчы G20, што Расея апынулася ў ізаляцыі, — заявіў Прайс. — Мы чулі пра гэта ад шэрагу міністраў, якія прадстаўляюць большасьць краін G20. Відавочна, чуў пра гэта і міністар замежных справаў Лаўроў. Той факт, што ён не зрабіў ласку вярнуцца ў другой палове дня, пачуўшы асуджэньне ад шэрагу сваіх калегаў, я думаю, кажа пра пагарду і крытыку, якую ён вельмі выразна пачуў і засвоіў».

Нэд Прайс выказаў думку, што на саміце лідэраў G20, дзе Лаўроў будзе прадстаўляць Расею ў сувязі з адсутнасьцю на сустрэчы прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, кіраўнік МЗС РФ «пачуе нешта вельмі падобнае».

Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту таксама выказаў думку, што шэраг краін «Вялікай дваццаткі» падчас саміту выкажацца аб наступствах падрыву Расеяй правілаў міжнароднага парадку, у тым ліку аб росьце цэнаў на харчаваньне і энэрганосьбіты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін не прыедзе на саміт G20 на Балі. Расею прадставіць Лаўроў

Байдэн не плянуе сустракацца з расейскай дэлегацыяй на саміце G20 — Саліван

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн плянуе правесьці шэраг двухбаковых сустрэчаў на палях саміту «Вялікай дваццаткі», але не з прадстаўнікамі Расеі, паведаміў на брыфінгу 10 лістапада дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван.

У прыватнасьці, паводле яго, прэзыдэнт ЗША спадзяецца ўпершыню сустрэцца з новымі прэм’ер-міністрамі Вялікай Брытаніі і Італіі, якія нядаўна заступілі на пасады.

У той жа час Байдэн не плянуе сустракацца зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым, які ўзначаліць расейскую дэлегацыю, сказаў Саліван, адказваючы на пытаньне, ці плянуе ён абмяркоўваць зь ім пытаньне зьняволеных у Расеі амэрыканцаў Брытні Грэйнэр і Пола Ўілана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн упершыню сустрэнецца з кіраўніком Кітаю