ЗША адмовіліся лічыць расейскую эканоміку рынкавай, а беларускую ніколі і не прызнавалі

Міністэрства гандлю Злучаных Штатаў

ЗША скасавалі статус расейскай эканомікі як рынкавы. Пра гэта паведаміла міністэрства гандлю Злучаных Штатаў. Цяпер амэрыканскія фінансавыя інстытуцыі будуць разглядаць Расею як краіну зь нярынкавай мадэльлю эканомікі.

Пра гэта паведаміла міністэрства гандлю Злучаных Штатаў, перадае Reuters.

Рашэньне прынята з прычыны «шырокага» ўмяшаньня дзяржавы ў расейскую эканоміку і дае магчымасьць «выкарыстаць усю строгасьць амэрыканскага антыдэмпінгавага заканадаўства для карэкцыі скажэньняў рынку», выкліканых гэтым умяшаньнем, заявілі ў міністэрстве.

Рынкавы статус надалі расейскай эканоміцы ў 2002 годзе. Гэта стала важным крокам на шляху да ўступленьня Расеі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю праз 10 гадоў. Апошні раз амэрыканскі ўрад пацьвярджаў гэты статус у 2021 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будзе чорны рынак». Ці можа дзяржава забараніць цэнам расьці? Разьбіраемся

Да прысваеньня статусу расейская эканоміка лічылася нярынкавай, што прыводзіла да павышаных антыдэмпінгавых мытаў і пагаршала магчымасьці экспартэраў абараняць свае інтарэсы.

Краіна, чыю эканоміку Вашынгтон прызнае рынкавай, можа аспрэчыць такія захады супраць яе, даказаўшы, што цэны на яе экспарт вызначаюцца паводле рынкавых прынцыпаў і, такім чынам, ня ёсьць дэмпінгам.

Эўрапейскі Зьвяз пазбавіў Расею гандлёвых прэфэрэнцыяў яшчэ ў сакавіку. Гэтая мера ўвайшла ў чацьвёрты пакет санкцыяў ЭЗ супраць Расеі за яе ўварваньне ва Ўкраіну. Цяпер эўрапейскія краіны могуць уводзіць вышэйшыя тарыфы на расейскія тавары.

ЗША ніколі не прызнавалі Беларусь рынкавай эканомікай

Апошні раз гэтае пытаньне разглядалі ў Вашынтоне ў кастрычніку 2020 году. Вашынгтон тады захаваў за Беларусьсю статус дзяржавы з нярынкавай эканомікай. Пра гэта было сказана ў выніку міжурадавай праверкі, праведзенай у адказ на просьбу ўладаў Беларусі.

«Беларусь застаецца краінаю зь нярынкавай эканомікай у адпаведнасьці з антыдэмпінгавым заканадаўствам ЗША. У выніку гэтага рашэньня Міністрэрства гандлю працягне ставіцца да Беларусі як да нярынкавай эканомікі з гледзішча разьліку дэмпінгавых межаў у антыдэмпінгавых справах міністэрства», — паведамляе ведамства.

Просьба ўраду Беларусі аб пераглядзе non-market статусу была прадыктаваная жаданьнем спрасьціць экспарт мэталапрадукцыі ў ЗША.

У лютым 2020 году ўлады Беларусі паведамілі, што ЗША пачалі даследаваньне эканомікі краіны. Амэрыканскія экспэрты ацанілі беларускія валютныя апэрацыі, інвэстыцыйны рэжым, працоўныя адносіны, дзяржаўную ўласнасьць, а таксама прагрэс у перамовах аб далучэньні да СГА.

У сьнежні 2019 году урад Беларусі накіраваў у Міністэрства гандлю ЗША пачатную заяўку на ініцыяваньне перагляду статусу беларускай эканомікі зь неабходнымі аргумэнтамі.

У Міністэрстве эканомікі Беларусі спадзяваліся, што зьмена статусу эканомікі краіны дасьць магчымасьць ухіліць дыскрымінацыйныя мэтады разьліку ахоўных мытаў, унікнуць іх неабгрунтаванага завышэньня для беларускай прадукцыі ў ЗША, паспрыяе нарошчваньню экспарту ў ЗША.