Талібы забараняюць жанчынам наведваць спартыўныя залі ў Афганістане, заявіў 10 лістапада ўрадавы чыноўнік у Кабуле.
Як паведамляе агенцтва AP, гэта апошняе ў шэрагу рашэньняў, якія парушаюць правы і свабоды жанчын пасьля прыходу да ўлады талібаў у жніўні 2021 года.
Прадстаўнік афганскага Міністэрства пашырэньня цноты і прадухіленьня распусты сказаў, што забарона была ўведзена таму, што людзі ігнаруюць загады аб гендэрнай сэгрэгацыі, а жанчыны не насілі абавязковыя хусткі або хіджабы.
Таксама жанчынам забаранілі наведваць паркі. Да сёньняшняга дня, нагадвае ВВС, жанчынам было дазволена наведваць паркі ў нядзелю, панядзелак і аўторак, а мужчынам — у астатнія чатыры дні тыдня.
Паведамляецца, што забарона наведваць паркі распаўсюджваецца на ўсіх жанчын незалежна ад таго, суправаджае іх мужчына або не.