Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 10 лістапада прыняла ў першым чытаньні законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях адукацыі», паведамляе яе прэс-служба.
Дакумэнт уносіць зьмены ў законы «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусі», «Аб пэнсійным забесьпячэньні», «Аб абароне», «Аб пахаваньні і пахавальнай справе» і іншых.
Права на атрыманьне адукацыі гарантуецца «на беларускай і (або) расейскай мовах». У ранейшай рэдакцыі было «на беларускай ці расейскай мовах».
Скасавана права на выхаваньне і атрыманьне адукацыі ў роднай мове для асобаў іншых нацыянальнасьцяў, якія жывуць у Беларусі. Такім чынам дакумэнт узгоднены з новым Кодэксам аб адукацыі, згодна зь якім з 1 верасьня 2022 году навучаньне ўва ўсіх школах Беларусі павінна весьціся толькі на дзяржаўных мовах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як працуе літоўская школа ў Рымдзюнах, якую наведалі міністры Макей і ЛінкявічусШкол зь літоўскай і польскай мовамі навучаньня ў Беларусі ўжо няма
У верасьні ўлады нібыта з прычыны невыкананьня правілаў пажарнай бясьпекі закрылі літоўскамоўную школу ў вёсцы Пеляса (Воранаўскі раён Горадзенскай вобласьці). Дзяцей перавялі ў іншыя школы. У Пяляскай школе, якая адкрылася ў 1992 годзе, дзеці вучыліся на літоўскай мове, вывучалі таксама расейскую, беларускую і ангельскую.
Гэта была першая нацыянальная школа ў Беларусі, яе заснавальнікамі выступілі Фонд культуры і Міністэрства асьветы і навукі Літвы (цяпер Міністэрства адукацыі, навукі і спорту). Школа працавала паводле навучальных плянаў і праграмаў Міністэрства адукацыі Беларусі.
Літва заклікала Беларусь не парушаць узятыя ў рамках Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (АБСЭ) абавязаньні гарантаваць нацыянальным меншасьцям права вучыць дзяцей на сваіх мовах.
Спынілася літоўскамоўнае навучаньне і ў школе вёскі Рымдзюны Астравецкага раёну Горадзенскай вобласьці.
Рымдзюнская школа, пабудаваная ў 1996 годзе на літоўскія сродкі, утрымлівалася за кошт Рэспублікі Беларусь, а Пяляскай школе выдзяляла фінансаваньне літоўскае міністэрства адукацыі. У Рымдзюнскай школе — 82 вучні і 18 настаўнікаў, 14 зь якіх зьяўляюцца грамадзянамі Літвы. У Пяляскай школе 127 вучняў і 23 настаўнікі, 11 зь якіх — грамадзяне Літвы.
У красавіку таксама стала вядома, што з гэтага навучальнага году адзіныя ў краіне польскамоўныя школы ў Горадні і Ваўкавыску пераводзяць на расейскую мову.
Да канца гэтага навучальнага году ў краіне працавалі дзьве школы на польскай мове: школа № 36 у Горадні і школа ў Ваўкавыску. У горадзенскай школе было каля 620 вучняў, у ваўкавыскай — прыкладна 250.
Паводле новых дырэктыў Мінадукацыі, у гэтых школах пакінулі па адным уроку польскай мовы і літаратуры на тыдзень, астатнія прадметы зрабілі расейскамоўнымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі адказалі на пэтыцыю аб недапушчэньні закрыцьця польскіх і літоўскіх школ