На Рэйк’явіцкім глябальным форуме Сьвятлане Ціханоўскай уручылі ўзнагароду WPL Trailblazer Award (Жаночае палітычнае лідэрства). Беларуская дзяячка выступіла перад удзельнікамі і падзякавала ўраду і прэм’ер-міністру Ісьляндыі за запрашэньне:
«У 2020 годзе, калі жанчыны мірна выйшлі супраць рэжыму, з нас зьдзекаваліся, білі і саджалі ў турму. Але мы не спыніліся, бо наша любоў да нашых сем’яў, дзяцей і нашай краіны робіць нас непераможнымі. Дыктатар дзейнічае зь нянавісьці, мы робім гэта зь любові».
Таксама Ціханоўская адзначыла, што моцна цешыцца таму, што яна стала ляўрэаткай, не выпадае.
«Бо я не магу быць шчасьлівай, калі мая нацыя несвабодная. Я не магу радавацца, калі ўначы КДБ прыйдзе арыштоўваць маіх суседзяў. Я не магу радавацца, калі рэжым дазваляе чужой арміі з кожным днём несьці нам усё больш страху і небясьпекі».
Ціханоўская падкрэсьліла, што перамогі пачынаюцца з малых крокаў. Беларускіх жанчын яна адзначыла за іх характар:
«Гэтая ўзнагарода належыць беларускім жанчынам, якія адмаўляюцца здавацца, нават калі ім пагражаюць ці яны ўжо ў турме. Сёньня я хачу сказаць, як я ганаруся тым, што я адна зь мільёнаў беларускіх жанчын. І я ўпэўнена: наша найвялікшая ўзнагарода наперадзе! Жыве Беларусь!»
Узнагародамі WPL адзначаюць дасягненьні вядучых жанчын-палітыкаў, чыё лідэрства натхняе на перамены. Практычныя прыклады больш пераканаўчыя за словы і заахвочваюць іншых ісьці шляхам посьпеху, лічаць арганізатары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ўрок». Ціханоўская пракамэнтавала сытуацыю з Тацянай Зарэцкай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кавалеўскі і Коўшык пра візыт у Кіеў: «Мы ўбачылі жаданьне супрацоўнічаць, у тым ліку ў сфэры нацыянальнага адраджэньня»