Што рыхтуецца для журналістаў, разьбіралася служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Паводле прагнозу старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігара Карпенкі, да канца года Выбарчы кодэкс павінен быць падпісаны кіраўніком дзяржавы. Ён нагадаў: з верасьня 2023-га краіна ўступае ў «актыўную фазу» рэалізацыі прынцыпова новай мадэлі — адзінага дня галасаваньня на расейскі ўзор.
Служба маніторнгу БАЖ зьвяртае ўвагу тое, што ў кодэксе рэгулюецца месца мэдыя ў электаральных кампаніях — «гаворка найперш пра дзяржаўных прапагандыстаў, бо незалежная журналістыка ў Беларусі зьнішчаная як зьява, а акрэдытаваныя замежныя СМІ абмяжоўваюцца пераважна расейскімі рэдакцыямі».
На тлумачэньне дзейнасьці СМІ адводзіцца артыкул № 46. У абноўленым варыянце ўдакладняецца, хто з журналістаў мае права асьвятляць выбарчую кампанію. Як і трэба было чакаць, выпадковых людзей там не можа быць апрыёры, адзначае БАЖ.
- «Прадстаўнік сродку масавай інфармацыі — журналіст або асоба з дакумэнтам, які сьведчыць пра яго паўнамоцтвы прадстаўніка юрыдычнага суб’екта з ускладзенымі функцыямі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі. Журналіст замежнага мэдыя абавязаны мець пацьверджаную акрэдытацыю супрацоўніка замежнага СМІ ў Рэспубліцы Беларусь», — тлумачыцца ў скарэктаванай вэрсіі.
БАЖ адзначае, што жорсткія межы для журналіста, акрэсьленыя ня столькі згаданым дакумэнтам, колькі законам аб дзейнасьці сродкаў масавай інфармацыі. Яго Аляксандр Лукашэнка падпісаў 24 траўня 2021 году.
Было ўхвалена, што пашыраецца пералік інфармацыі, распаўсюд якой у СМІ і на інтэрнет-рэсурсах забаронены.
У прыватнасьці, накладзена табу на вынікі апытаньняў грамадзкай думкі, праведзеных без адмысловай акрэдытацыі. Не дапускаецца разьмяшчэньне гіперспасылак на матэрыялы, якія зьмяшчаюць інфармацыю, неляяльную да дзяржаўных інстытутаў.
Генэральны пракурор і падначаленая яму вэртыкаль атрымалі права абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданьняў, праз якія распаўсюджваюцца зьвесткі, скіраваныя на «прапаганду экстрэмісцкай дзейнасьці» ці зьмяшчаюць заклікі да такой дзейнасьці. Гэта тлумачыцца «шкодай нацыянальным інтарэсам».
Пад пагрозай крымінальнай адказнасьці для журналістаў і кіраўнікоў мэдыяў нельга весьці жывыя стрымы з любой вулічнай акцыі, паколькі гэта «нагнятае напружанасьць у грамадзтве».
Выключэньне, калі падзея дзяржаўнай важнасьці і асьвятленьне санкцыянавана пратакольнымі службамі прэзыдэнцкай адміністрацыі.
«Мінімізацыя замежнага ўплыву» на беларускі інфармацыйны рынак
- Спыніць выхад СМІ можа Міжведамасная камісія па бясьпецы ў інфармацыйнай сфэры. Пры гэтым рэпрэсіўныя функцыі захоўваюцца і ў Міністэрства інфармацыі — напрыклад, у выпадку вынясеньня двух і больш пісьмовых папярэджаньняў юрыдычнай асобе, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі, або ўладальніку сеткавага выданьня.
- Прапісаныя меры на «мінімізацыю замежнага ўплыву» на беларускі інфармацыйны рынак.
- Незалежна ад часу стварэньня СМІ, іх заснавальнікамі ня могуць выступаць замежныя юрыдычныя асобы, замежныя грамадзяне, а таксама юрыдычныя асобы з замежным удзелам.
- Уводзіцца магчымасьць пазбаўленьня акрэдытацыі журналіста, калі ім або юрыдычнай асобай з функцыямі рэдакцыі СМІ распаўсюджаны зьвесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці, або ўчынена наўмыснае супрацьпраўнае дзеяньне ў працэсе прафэсійнай дзейнасьці.
- Замацоўваецца магчымасьць абмежаваньня доступу да копіі інтэрнэт-рэсурсу, які раней ужо быў абмежаваны.
БАЖ робіць выснову, што «паўнамоцтвы так званай „чацьвёртай улады“ у Беларусі зьведзеныя да мінімуму, а яе галоўнай роляй зводзіцца выключна да ідэалягічна-прапагандыскага абслугоўваньня дзейнага палітычнага рэжыму. Ня кажучы пра тое, што за апошні год шэраг незалежных мэдыяў прызнаныя ўладамі „экстрэмісцкімі“ матэрыяламі ці фармаваньнямі, усё больш журналістаў трапляюць у сьпісы сілавікоў як датычныя да экстрэмісцкай і нават тэрарыстычнай дзейнасьці. Звыш трох дзясяткаў супрацоўнікаў СМІ асуджаныя ці застаюцца за кратамі ў чаканьні судовых вэрдыктаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўныя тэлеканалы АНТ і СТБ атрымаюць дадатковыя субсыдыі зь бюджэту