Кіеўскі апэляцыйны суд дазволіў кампаніі «Санта Холод Україна» часткова карыстацца і распараджацца актывамі, нягледзячы на тое, што яны пад арыштам. Раней адзін з кіеўскіх судоў скасаваў арышт, накладзены на банкаўскія рахункі кампаніі.
Чаму арыштавалі актывы і рахункі кампаніі
24 чэрвеня актывы і рахункі кампаніі ва Ўкраіне арыштавалі для забесьпячэньня магчымай канфіскацыі маёмасьці як віду пакараньня ў рамках крымінальнай справы, якую завялі сёлета ў траўні.
Справу расьсьледуюць з траўня паводле ч. 2 артыкула 364-1 і ч. 2 артыкула 110-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — злоўжываньні паўнамоцтвамі службовай асобы юрыдычнай асобы незалежна ад формы ўласнасьці (караецца штрафам ад 68 да 102 тысяч грыўняў, арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў або пазбаўленьнем волі на 3–6 гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады), а таксама фінансаваньне дзеяньняў, учыненых з мэтаю гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны (караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад пяці да сямі гадоў з пазбаўленьнем права на два гады займаць пэўныя пасады і канфіскацыяй маёмасьці).
У апэляцыйным судзе прадстаўніца кампаніі зьвярнула ўвагу калегіі судзьдзяў на тое, што рашэньне аб арышце актываў ўхвалілі на падставе інфармацыі аб яе належнасьці беларуска-нямецкаму прадпрыемству «Санта Брэмар» і грамадзяніну Беларусі ў той час, калі яго ўжо не было ў складзе бэнэфіцыяраў.
Юрыстка кампаніі таксама нагадала, што з траўня сьледчыя не паведамілі адказным асобам «Санта Холод Україна» аб падазрэньнях, не заявілі цывільны пазоў з вызначаным памерам стратаў.
Паводле яе, у справе таксама няма доказаў спрыяньня і фінансаваньня кампаніяй гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады ва Ўкраіне, а таксама доказаў злоўжываньняў адказных асобаў кампаніі.
Юрыстка кампаніі «Санта Холод Україна» падкрэсьліла ў судзе, што адзінай падставай для крымінальнага расьсьледаваньня стала тое, што колішні яе бэнэфіцыярны ўласьнік — грамадзянін Беларусі, але ён не знаходзіцца пад санкцыямі Ўкраіны і супраць яго ня ўводзілі ніякіх абмежавальных захадаў.
У выніку калегія судзьдзяў скасавала рашэньне суду першай інстанцыі і прыняла новае. Яно таксама прадугледжвае арышт і забарону адчужэньня актываў і зьмены статутных дакумэнтаў, але дазваляе распараджацца і карыстацца актывамі і маёмасьцю.
Гэтае рашэньне апэляцыйнага суду канчатковае і абскарджаньню не падлягае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне арыштавалі актывы кампаніі, зарэгістраванай на дачку ўласьніка ТАА «Санта Брэмар»Чым займаецца кампанія і каму належыць
Актывы і рахункі групы кампаніяў «Санта Україна» раней належалі Аляксандру Машэнскаму, аднаму з бэнэфіцыяраў беларуска-нямецкага прадпрыемства «Санта Брэмар», а ў сьнежні 2020 году іх перарэгістравалі на ягоную дачку Яну Машэнскую, грамадзянку Кіпру, і яе кіпрскую кампанію Newride Services Limited.
Згодна з статутам кампаніі, яе асноўным відам дзейнасьці ёсьць перапрацоўка і кансэрваваньне рыбы, ракападобных і малюскаў.
Апроч таго, кампанія дачкі ўласьніка «Санта Брэмару» мела ліцэнзіі на перапрацоўку і кансэрваваньне гародніны і садавіны, на гуртовы і раздробны гандаль прадуктамі харчаваньня і офіснай мэбляй; фінансавы лізінг, арэнду і кіраваньне ўласнай ці арандаванай маёмасьцю і нават распрацоўку будаўнічых праектаў.
Да 7 сьнежня 2020 году адзіным бэнэфіцыярам кампаніі «Санта Холод Україна» быў Аляксандар Машэнскі як уласьнік беларуска-нямецкага прадпрыемства «Санта Брэмар», адзінага заснавальніка ўкраінскай кампаніі.
Да гэтага ж часу і кіпрская кампанія Newride Services Limited, на якую два гады таму перааформілі ўкраінскую кампанію, таксама належала Аляксандру Машэнскаму. Прадпрыемства-заснавальнік знаходзіцца ў Нікасіі. Цяпер яго бэнэфіцыярны ўласьнік — Яна Машэнская, зарэгістраваная ў Лімасоле на вуліцы Эвагора Піталі, 4.
Пры гэтым у сваіх сацыяльных сетках Яна Машэнская пазначае, што жыве ў Вялікай Брытаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне суд скасаваў арышт рахункаў кампаніі, зарэгістраванай на дачку ўласьніка «Санта Брэмар»Як Машэнскі пазьбягае санкцыяў
Адметна, што склад бэнэфіцыяраў беларускія кампаніі ва Ўкраіне пачыналі зьмяняць у сувязі з увядзеньнем Эўразьвязам санкцыяў супраць іхных уласьнікаў ці заснавальнікаў.
Аляксандар Машэнскі з 2020 году ўнікае эўрапейскіх санкцый, нягледзячы на тое, што некалькі разоў яго ўключалі ў чарнавікі санкцыйных сьпісаў. У 2022 годзе яго выключылі з шостага пакету санкцыяў ЭЗ дзякуючы лабіяваньню Вугоршчыны. Паводле журналістаў, гэта можа быць зьвязана з тым, што найбліжэйшы ягоны паплечнік Сяргей Нядбайлаў ёсьць ганаровым консулам Вугоршчыны ў Берасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнікі сілавога блёку, алігархі, прапагандысты і Галіна Лукашэнка. Супраць каго яшчэ Ўкраіна ўвяла санкцыі
20 кастрычніка Ўкраіна ўвяла пэрсанальныя санкцыі супраць шэрагу фізычных і юрыдычных асобаў Беларусі.
Пад украінскія санкцыі трапілі прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант, дэкан факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін, дырэктар Цэнтру сучасных сацыяльных тэхналёгіяў Сяргей Лушч.
Асобна ў сьпісе пазначаныя бізнэсоўцы, набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі — Аляксандар Шакуцін, Аляксей Алексін, Аляксандар Зайцаў і Мікалай Варабей. Усе яны да вайны мелі свае прадпрыемствы ва Ўкраіне і зараблялі на пастаўках нафтапрадуктаў, бітуму і будаўнічых матэрыялаў.
Аляксандра Машэнскага ў гэтым сьпісе няма.
У сьпісе міністар абароны Віктар Хрэнін, кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо, генэральны пракурор Андрэй Швед, міністар унутраных справаў Іван Кубракоў, кіраўнік КДБ Іван Церцель, кіраўнік Сьледчага камітэту Дзьмітры Гара, дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне нацыяналізуюць буйныя прадпрыемствы, якімі валодалі ўкраінскія алігархі