Шольц заклікаў Расею «выразна заявіць», што яна не выкарыстае ядзерную зброю

Олаф Шольц

Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц запатрабаваў ад Расеі выключыць прымяненьне ядзернай зброі ў вайне супраць Украіны. Аб гэтым ён заявіў 5 лістапада ў Бэрліне на зьезьдзе Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны, паведамляе DW.

Па словах канцлера, «Расея была і застаецца вялікай ваеннай дзяржавай», і менавіта таму «вельмі і вельмі важна» сказаць ёй: «Недазваляльна і недапушчальна выкарыстоўваць у гэтым канфлікце ядзерную зброю. Мы заклікаем Расею дакладна заявіць, што яна гэтага рабіць не будзе. Гэта тая лінія, якую нельга пераступаць».

Паводле слоў Шольца, ён лічыць посьпехам свайго нядаўняга візыту ў Кітай той факт, што Нямеччыне і кітайскаму кіраўніцтву ўдалося, як ён сьцьвярджае, выпрацаваць адзіную пазыцыю аб непрымальнасьці прымяненьня Расеяй ядзернай зброі супраць Украіны. «Толькі дзеля гэтага каштавала зрабіць гэты візыт», — адзначыў канцлер.

На прэс-канфэрэнцыі з Шольцам у Пэкіне кіраўнік урада КНР Лі Кэцян заявіў аб вайне ва Ўкраіне: «Мы ня можам дазволіць сабе далейшай эскаляцыі», а старшыня КНР Сі Цзіньпін адзначыў: «Ядзернага крызісу ў Эўразіі трэба пазьбегнуць... прымяненьне або пагроза прымяненьня ядзернай зброі павінны быць адкінутыя». Наўпрост да Расеі свой заклік ён, аднак, не зьвярнуў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцлер Нямеччыны заклікаў Кітай паўплываць на Расею для завяршэньня яе вайны ва Ўкраіне