«Я хачу быць першай на мяжы». Гутарка з журналісткай Марыяй Грыц пра эміграцыю, вайну і вяртаньне

Марыя Грыц

Марыя Грыц — беларуска, незалежная журналістка, грамадзкая актывістка, двойчы эмігрантка, жонка і маці трохгадовай Фасолі. Мы гаворым пра тое, навошта плянуе пабудаваць у Беластоку сінічнікі, чаму ня можа набыць сабе другую пару джынсаў і дзеля чаго сьпякла і замарозіла ў Польшчы піражкі з капустай.

Марыі 35 гадоў. Яна журналістка «Белсату», вядоўца псыхалягічнага аўтарскага ток-шоў «Трэба пагаварыць», стваральніца шэрагу праектаў. У 2020 годзе яе затрымалі на 71 гадзіну на жаночым маршы. Улетку 2021 году, калі затрымалі ейных калег, яна ўзяла малую дачку і зьехала ў Кіеў. У першыя дні вайны сям’я пераехала ў Беласток.

«З накрыўкай ад рондля і чарпаком я заходзіла ў камэнтары і секлася там, як магла»

— Ці саромеецеся вы быць беларускай?

— Мне было цяжка быць беларускай, калі зь Беларусі паляцелі расейскія ракеты і пайшлі расейскія войскі, але ня сорамна. Пару разоў у мяне была дылема — можа, адказаць, што я з Украіны, бо я тэхнічна з Украіны прыехала ў Польшчу, тады б ніхто не задаваў лішніх пытаньняў. І пару разоў я выбрала гэты прасьцейшы шлях.

— 24 лютага, калі вы хаваліся ў падвале разам з украінцамі, ці заўважылі вы зьмену ў стаўленьні да сябе?

— Мы жылі ў доме, дзе ўсе ведалі, што мы зь Беларусі, зь некаторымі сябравалі, нам спачувалі. Толькі адзін чалавек сказаў мне пасьля 24 лютага: ідзі спыняй танкі. Больш ніхто не зьмяніў да нас добрага стаўленьня.

Але ў сетках пачалася хваля хэйту. На пачатку вайны, калі мы былі ў сьвятой наіўнасьці, што ўкраінцы проста ня ведаюць пра беларусаў усю праўду, мы думалі, што зараз ім раскажам, а яны перадумаюць нас хэйціць.

Мы з калегамі рабілі дайджэст ініцыятываў дапамогі беларусаў украінцам і ўкраінкам. Я разаслала яго 50 людзям. Першая спадарыня слала мне прасьціны праклёнаў. Я думала, калі іншыя 49 зробяць тое самае, то я ня вывезу. Але яна была адзіная, хто так адрэагаваў.

Мой унутраны Скарына не даваў мне супакою. Я думала, што зараз прыйду ў камэнтары і ўсім патлумачу. З накрыўкай ад рондля і чарпаком заходзіла ў камэнтары, секлася там, як магла. А потым я зразумела, што гэта сьвядомы выбар тых украінцаў, якія ставяцца агрэсіўна да нас, калі ня ведаюць, што ў нас адбываецца. За паўгода можна было разабрацца.

Марыя Грыц

— Ёсьць думка, што цяпер украінцам усё дазволена праз сытуацыю, у якой яны апынуліся. Ці згодныя вы з гэтым, або ёсьць нешта, чаго вы ім ня можаце дараваць?

— Межы дазволенага шырэйшыя, але ня ўсё дазволена. Я ніяк не магу зразумець, што ў беларускіх салдатаў ва Ўкраіне няма грамадзянства, што беларускіх актывістаў і актывістак выганяюць з краіны, што прад’яўляюць мне ў цягніку праз 8 месяцаў вайны, што я зубамі не спыніла танкі. Не, давайце гаварыць як дарослыя людзі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Учора брат, а сёньня — вораг. Колькі часу спатрэбіцца, каб паміж беларусамі і ўкраінцамі ўсё стала «як раней»

«Калі вярнуся дадому, я набуду сабе сто пар джынсаў»

— Часам людзі ў Беларусі пішуць у сетках: маўляў, я магу ўявіць, як гэта — жыць у эміграцыі. Як бы вы ім патлумачылі, што такое эміграцыя для вас?

— Нельга ўявіць чужы досьвед. Я б параўнала эміграцыю з больш камфортным зьняволеньнем. Я тут не па сваёй волі. Я хачу быць дома, абдымаць сваю маму, саджаць бульбу, выкопваць бульбу. Мы вымушаныя былі адарваць свае карані, каб уратаваць сябе. Я ратавала дзіця. Калі я была зьняволеная, мне пагражалі, што дзіця пойдзе ў прытулак. (Марыя робіць паўзу.)

Гэты боль заўжды са мной, што я не кірую сваім жыцьцём. Я не магу набыць сабе лішні кубак, бо ўся мая маёмасьць павінна ўлазіць у машыну. Дзіцяці я набываю танныя цацкі, каб, як што, пакінуць іх пад пад’ездам. Я не набываю сабе дзьве пары джынсаў. Калі вярнуся дадому, я набуду сабе сто пар джынсаў.

Я жыву Беларусьсю, я тут часова. Мы зьбіраемся калядаваць. Тутэйшыя беларусы кажуць, што ў іх не прынята хадзіць вэртэпам, а толькі песьню засьпяваць. Я кажу: «Давайце, каб аж жар быў!» Завадатар прапануе: «Давай сёлета як мы калядуем, а налета — як ты». У мяне ледзь сэрца ня трэснула. Налета?! Кожны дзень я прачынаюся з гэтай думкай і засынаю.

— Што стала галоўнай прычынай вашага ад’езду?

— Калі прыйшлі па «белсатаўцаў» у ліпені 2021 году. Я памятаю свой ранейшы патасны пост, што мой дзед ваяваў за гэтую краіну і што я нікуды ня зьеду. Я зьяжджала з малой у Расею ў ноч таго ж дня. У нас на дваіх была малюсенькая валізка, дзе асноўнымі былі яе падушка і коўдра — «якары» для дзіцяці.

— То бок у вас ужо не было ўнутраных дыялёгаў, сумневаў?

— Гэтыя дыялёгі былі да апошняга моманту, калі ўжо крануўся цягнік, ажно дагэтуль. Нядаўна я пабывала ў музэі «Салідарнасьці» ў Гданьску, дзе расказваюць пра польскія пратэсты. Я глядзела і думала: вось так выглядае нявывучаная гісторыя. Там шмат чаму можна павучыцца: як страйкаваць, як не разьлічваць, што гэта можна вырашыць за адны выходныя. Да пераменаў у Польшчы прайшло 18 гадоў. У Фасолі (Марыя так называе сваю дачку Аню. — РС) ужо свая сям’я можа быць. Я стаяла ў музэі і падумала: я ўжо вывезла дзіця, я мушу вярнуцца. Я агучыла гэта родным. Думаю, яны будуць стаяць зь віламі па абодва бакі мяжы, каб не пусьціць мяне ў Беларусь.

— Што б вы забралі ў сваёй валізцы ў Беларусь самага каштоўнага з эміграцыі?

— Ва Ўкраіне я прыдумала, што я ў эміграцыі як ва ўнівэрсытэце. Купіла нататнік і запісваю туды ўсе ідэі для Новай Беларусі. Ад рэцэптаў настоек, супэрпапулярных ва Ўкраіне, да таго, што я б хацела вярнуцца ў гэты музэй у Гданьск, а таксама пагаварыць зь Лехам Валэнсам, бо ён прайшоў такі шлях! Я знайшла польскую ініцыятыву «Нарадзіць па-людзку», якая зьявілася яшчэ ў 1990-х. Вельмі хацелася б і ў Беларусі нараджаць па-людзку, а не зьбіраць грошы, каб нараджаць у Літве.

Я вельмі хачу забраць зь Беластоку зялёныя прыпынкі, абвітыя плюшчом і з мохам зьверху. Тут у горадзе высаджваюць сланечнікі, ня косяць траву, якая тут опэра! Тут ёсьць карта гараджаніна, і чалавек можа галасаваць за праекты, якія прапануюць іншыя гараджане: за лаўку або дзіцячую пляцоўку. Гэта не прывучае цябе да бездапаможнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цімафей Акудовіч: «Усю Беларусь як сыстэму трэба будаваць амаль што з нуля»

«Фасоля, калі ня будзе варыць сочыва, то хаця б будзе памятаць»

— Вы казалі, што да нядаўняга часу адчувалі сябе разгубленай у эміграцыі. Як і ў чым вы знайшлі сябе пасьля пераезду з Украіны?

— Куды б я ні прыяжджала, я саджу агарод. Ён мяне дужа ратуе. Калі мы жылі ў Менску, у нас было лецішча, і не адно. Праца на зямлі была маёй лютай нянавісьцю. А потым я зразумела, што гэтыя сямейныя традыцыі мяне выцягваюць.

У Кіеве ў лютым я пасадзіла памідоркі. Мая сяброўка цяпер іх гадуе. Тут у мяне на бальконе было каля 40 гатункаў расьлін у сэзон. У мяне ёсьць амбітны плян расьціць суніцы ўзімку.

Польшча — краіна клубніцаў. У сэзон ад сквапнасьці я накупіла цэлы пакет клубніцаў. Патрэскаліся языкі — куды яе падзець? Я зварыла сочыва-пяціхвілінку. Я стаю, і ў мяне сьлёзы падаюць у рондаль. Я адчула еднасьць пакаленьняў жанчын маёй сям’і. Мая мама рабіла такое сочыва, мая бабуля, я памятаю гэтую міску, мая прабабуля. Нібыта ўсе яны ў мяне за сьпінай стаяць. Фасоля, калі ня будзе варыць сочыва, то хаця б будзе памятаць.

Яшчэ традыцыі ня толькі сямейныя, але і беларускія. Быў Багач, я ня ведаю, як сьвяткаваць яго сола. Але я паехала на рынак, купіла перцаў, яблыкаў. У мяне быў сьвяточны настрой, я гатавала супэркрутыя стравы. На Дзяды я накупіла прыгожыя ліхтарыкі на могілкі, навару куцьці, запалю сьвечку, пастаўлю на вакно. Які б канец сьвету ні адбываўся вакол, колазварот часу ты ўсё адно не памяняеш.

У Беларусі мы рабілі сінічнікі разам з кіраўніком «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктарам Фенчуком. Налета я хачу накруціць у Беластоку сінічнікі. Калі да Віктара даляціць гэтая вестка, то, спадзяюся, гэта будзе яму трыпутнік на сэрца.

— Вы так энэргічна расказваеце пра ўсе свае праекты. Адкуль вы бераце сілы?

— У мяне сынусоіда. У мяне бываюць чорныя дні, калі я не магу ўстаць з ложка. Нядаўна ў маёй мамы быў юбілей, 60 год. У мяне вялікая сям’я. Калі нікога не запрашаць, то прыходзяць 20 чалавек. Мама мне патэлефанавала онлайн, калі яны былі за сталом. Пакуль быў званок, я яшчэ трымалася... Мяне гэта вельмі разьбіла.

Такі стан баіцца дзеяньняў. Калі хоць нешта рабіць, гэта набліжае Дзень Вялікага Затору на мяжы. Я ж дзеля гэтага і выбрала Беласток, бо я хачу быць першай на мяжы. Я наляпіла і замарозіла піражкі з капустай, зь мясам і яечкам. Мне іх толькі ўсунуць у духоўку. І віно стаіць на гэты дзень. Я пляную ладзіць першы фэстываль Вольнай Беларусі на мяжы.

«Я не ўзяла з сабой у дарогу майткі, боты, але ехала, прыціскаючы сьцяг»

— Вядомы ваш бел-чырвона-белы сьцяг з імёнамі тысячы палітвязьняў, які прадалі на аўкцыёне. Як да вас прыйшла гэтая ідэя?

— Зараз будзе патаснае параўнаньне з іканапісцамі, якія не падпісвалі свае абразы, бо штосьці з вышыняў вадзіла іхнай рукой. Лічба набліжалася да тысячы палітвязьняў, і мне хацелася хоць штосьці зрабіць. Я ўмею пісаць літары — я буду пісаць літары. Ты ня ведаеш, хто сядзіць, апрача асобаў, якія на слыху. Я купіла цюк белай тканіны і пісала па начох. Я падумала, хай іхныя імёны будуць зафіксаваныя. Палітвязьні зьявіліся не цяпер. Я адматала да 1996 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На аўкцыён eBay выставілі сьцяг з імёнамі беларускіх палітвязьняў

Сьцяг на аўкцыёне набыў хтосьці мне невядомы больш як за 1000 даляраў. Пачалася вайна, і стала цяжка яго перадаць. Я не ўзяла з сабой у дарогу майткі, боты, але ехала, прыціскаючы сьцяг. Пакупнік дазволіў перадаць яго ў Музэй вольнай Беларусі ў Варшаве.

Я рабіла яшчэ адзін сьцяг з імёнамі 200 палітзьняволеных жанчын. Яго я ўжо нікому не аддам. Ёсьць яшчэ адна думка — аформіць імёны людзей, якія пайшлі з жыцьця падчас пратэстаў, але я ня ведаю, ці гэта выцягну. Яшчэ я хачу запісаць імёны ўсіх рэпрэсаваных, хто атрымаў адміністратыўку, хто быў зьбіты, каму пагражалі. Калі мы вернемся, я хачу разаслаць яго на праспэкце Скарыны, каб ніхто ня быў забыты.

— Вы пачалі пісаць у Facebook імёны забітых падчас пратэстаў. На іх была малая рэакцыя. Зь якім унутраным адчуваньнем вы іх пішаце?

— Гэта злосьць, якую ты адчуваеш на дзіця, калі ты яму нічога кепскага ня зробіш, такое раздражненьне: колькі можна? Мне было крыўдна, што не было рэакцыі людзей. Ня тое, што я хачу хайпануць, але што людзі не рэагуюць на гэта. Я разумею, што гэта цяжка ўвесь час трымаць у памяці. Але ты можаш паставіць рэакцыю на допіс і жыць далей, але такім чынам ушанаваць іх. За паўсэкунды пусьціць гэтую думку ў сябе.

Са школы прапаведавалася ідэя, што «памяць жыве ў стагодзьдзях», «подзьвіг народу несьмяротны». А я ўсё не магла зразумець, як гэта практычна выглядае. Я шукала нейкую ўтылітарную форму, як я магу трымаць у памяці гэтых людзей.

— Апошнім часам згадваць пра пратэсты стала нібыта кепскім тонам, не прынята — ня толькі дзеля бясьпекі, але і праз расчараваньне ў тым пэрыядзе. Як вы перажываеце тыя падзеі праз два гады?

— Я ганаруся 2020 годам. Амаль 30 гадоў нас качалі ў асфальт, але мы хоць штосьці зрабілі. Калі я чую гісторыі пра расчараваньне, мне хочацца абняць гэтага чалавека і сказаць: «Мы ўсё зрабілі правільна». Проста сілы былі настолькі няроўныя, што мы ня выцягнулі гэта. Мы не маглі ў тых умовах зрабіць штосьці лепей. Я абажаю ўзгадваць 2020 год, глядзець гэтыя здымкі.

— Вы ўдзельнічаеце ў акцыях салідарнасьці за мяжой. Некаторыя людзі ўнутры Беларусі мяркуюць, што гэта бессэнсоўна. Які сэнс вы ў гэтым бачыце?

— Ёсьць два варыянты: рабіць акцыі або не рабіць. У Беларусі зараз акцыі немагчымыя. Не рабіць акцыі ўвогуле — якая з гэтага карысьць? Выйсьці са сьцягамі ў Беларусі — гэта ў мільярд разоў мацней, чым выйсьці са сьцягамі ў Беластоку. Але калі ККД гэтага выхаду 2%, у мяне ёсьць магчымасьць зрабіць гэта тут, прыцягнуць увагу, выказаць салідарнасьць, што я памятаю пра іх, мне баліць за іх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можа ў Беларусі паўтарыцца 2020 год? Дыскусія сацыёляга і праваабаронцы

«Першы тыдзень я ня буду прасыхаць»

— Перад абліччам вайны і магчымасьцю ядзернай вайны ў чым вы бачыце сэнс нешта рабіць?

— Пакуль я ня мераю ядзерны грыб пальцам, ёсьць сэнс змагацца. Калі грыб большы за мой палец на выцягнутай руцэ, то ты ўжо не пасьпееш нікуды падзецца. Пакуль я ня бачу гэты грыб, я буду занятая.

— Ці малюеце вы сабе карцінку, як вы вернецеся ў Беларусь?

— У мяне пляны. Першы тыдзень я ня буду прасыхаць, бо ў мяне здаравенная сям’я, проста ня будуць зачыняцца дзьверы. У мяне ёсьць у вёсцы хата. Я ўяўляю, як мы паставім сталы, як на вясковым вясельлі, людзі будуць сядзець на лавах, бо ты ня можаш устаць, пакуль сусед ня ўстане. І ўсе сядзяць. Мы будзем сьпяваць песьні, мы будзем сьмяяцца і будзем плакаць, і расказваць, што мы перажылі.

Будзе момант катарсісу, калі ўсе замоўкнуць і будуць глядзець на вогнішча, і мы зразумеем, што мы дайшлі, куды ішлі. Усе будуць прыяжджаць і прыяжджаць. Талеркі будуць працірацца, а ня мыцца. Шампанскае будзе ліцца ракой, як і сьлёзы. Магчыма, ня тыдзень, а месяц мы будзем піць. І танцаваць мы будзем лявоніху абавязкова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паэтка Наста Кудасава: «Дзеці ў польскай школе — самая радасная старонка ў маім новым жыцьці»