Гэты пакет законаў прыняты па выніках рэфэрэндуму, які адбыўся ў чэрвені сёлета, аб унясеньні зьменаў і дадаткаў у Канстытуцыю.
Папраўкі прадугледжваюць скарачэньне асобных паўнамоцтваў прэзыдэнта ў дачыненьні да мясцовых выканаўчых органаў улады (зараз прэзыдэнт зможа прызначаць кіраўнікоў гарадоў і рэгіёнаў толькі з ухвалы мясцовых дэпутатаў). Скарачаецца так званая «прэзыдэнцкая квота» ў парлямэнце, а таксама ўводзяцца асобныя абмежаваньні ў пэрыяд знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта.
Прэзыдэнту забаронена быць у палітычных партыях, а блізкім сваякам кіраўніка дзяржавы нельга займаць палітычныя і высокія дзяржаўныя пасады.
Акрамя таго, ад 1 студзеня 2023 г. у Казахстане пачне функцыянаваць Канстытуцыйны суд. Новыя законы замацоўваюць статус, паўнамоцтвы, гарантыі незалежнасьці ўпаўнаважанага ў правах чалавека. Таксама ўзмоцненая праваабарончая функцыя генэральнага пракурора.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Казахстану амніставаў удзельнікаў студзеньскіх пратэстаў. Дзяржава дапаможа ім з працай і мэдыцынай- Такаеў прапанаваў рэфармаваць Канстытуцыю краіны пасьля падаўленьня масавых пратэстаў у краіне. Яны пачаліся 2 студзеня – першапачаткова з патрабаваньнем зьніжэньня коштаў на паліва. Пасьля да іх дадаліся і палітычныя патрабаваньні. Папулярным лёзунгам стала патрабаваньне сыходу Назарбаева з улады. На фоне пратэстаў у шэрагу гарадоў, найперш у Алматы, пачаліся беспарадкі і пагромы з ужываньнем зброі. На просьбу Такаева ў краіну былі ўведзеныя войскі АДКБ.