Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Дракахруст: 28-гадовая беларуская IT-прадпрымальніца, заснавальніца кампаніі Laava Tech Тацяна Зарэцкая заявіла, што пакідае сваю пасаду прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту па фінансах і эканоміцы. Яна пратрымалася на гэтай пасадзе 2 месяцы.
Паводле яе, прычына сыходу — шматлікія пагрозы на адрас яе, яе сваякоў і яе бізнэс-партнэраў. Але зьявіліся публікацыі ў друку, у якіх выказваюцца сумневы, мякка скажам, у пасьпяховасьці бізнэсу Зарэцкай.
Сакрамэнтальнае беларускае пытаньне — «Дзе грошы?» — звычайна тычыцца нейкіх грошай, нібыта патрачаных неналежным чынам. Але ў выпадку Зарэцкай гэтае пытаньне — пра тое, ці былі наагул тыя грошы.
На думку некаторых, сумневы ў пасьпяховасьці бізнэсу Зарэцкай, якія выказваліся і раней, якраз і сталі прычынай яе адстаўкі з Кабінэту па ўласным жаданьні.
Якія палітычныя высновы з кароткатэрміновага служэньня Зарэцкай у кабінэце?
Карбалевіч: Мы маем справу з фэномэнам навабранцаў у палітыцы. У 2020 годзе, падчас бурнага палітычнага крызісу, у палітыку ўлілася вялікая колькасьць людзей, якія раней палітыкай не займаліся. Яны жылі сваім жыцьцём і атрымлівалі ад яго задавальненьне.
Потым уключыліся ў палітыку, у палітычную барацьбу. А ў палітыцы дзейнічаюць свае правілы. Гэта сфэра публічнасьці, і ў ёй «шкілеты ў шафе», якія ёсьць у палітыкаў, маюць значэньне і ўплываюць на іх лёс.
У сытуацыі з Зарэцкай мы гэта назіраем. І ў іншых сытуацыях таксама. Раней узгадвалася, што Ціханоўскі да 2020 году вельмі неадназначна выказваўся наконт Крыму. Таксама мы памятаем гісторыю з расейскім пашпартам Валера Сахашчыка.
Думаю, што гісторыя з Зарэцкай — не апошняя з падобных сытуацый.
Але на будучыню: перад тым як прызначаць людзей на адказныя пасады, трэба неяк іх правяраць, патрэбная нейкая «контравыведка». Мяркуючы па ўсім, у пераходнага кабінэту такой структуры няма.
Дракахруст: Віталь, а якія былі гарантыі ў 1988 годзе, што да палітыкі будзе падрыхтаваны мастацтвазнаўца, супрацоўнік Інстытуту гісторыі акадэміі навук Зянон Пазьняк? Ды ніякіх. Які палітычны досьвед у яго быў да таго? Ды ніякага. І ні ў кога не было, акрамя, у пэўным сэнсе, партнамэнклятуры.
Магчыма, гэта асаблівасьць рэвалюцыйных часоў.
Часам гаворыцца, што ў 2020 годзе ў Беларусі была рэвалюцыя. Як адзначаў адзін зь лідэраў францускай рэвалюцыі Жорж Дантон, рэвалюцыя — гэта сто тысяч вакансій.
Вось адну з такіх вакансій Зарэцкая і заняла. Рэвалюцыя ўздымае, прыводзіць да палітыкі новых людзей. У гэтым, уласна, яе пакліканьне.
Цыганкоў: У мяне няма такой засяроджанасьці на ідэі досьведу, патрэбнага для эфэктыўных заняткаў палітыкай. Сапраўды, асабліва ў рэвалюцыйныя часы, гэта ня самае важнае.
Мне не падабаецца крытыка, якая гучыць ад «старых» апазыцыянэраў на адрас новых асобаў, навабранцаў палітыкі, «неверагодных». Гэтая зьмена, па-першае, заканамерная, а па-другое, новыя асобы, твары не абавязкова кепскія. Трэба радавацца, што раней людзі былі абыякавыя да палітыкі, а цяпер зьмяніліся.
Аднак мне здаецца, што ў сытуацыі з Зарэцкай адбыўся правал у кадравай палітыцы. Надта сьпяшаліся запоўніць пэўныя нішы, пасады. Напачатку ў кабінэце, акрамя Ціханоўскай, усе чальцы былі мужчыны. Узьнік ціск, што трэба прасоўваць жанчын.
Зарэцкая даволі ўмела прадставіла сябе. Магчыма, яна здолела прадставіць сябе больш пасьпяховай і эфэктыўнай, чым гэта ёсьць на самой справе.
Яна прадстаўніца своеасаблівай субкультуры стартапаў. Там трэба ўмець сябе і сваю справу прадставіць. Тады інвэстары дадуць табе грошы. Са стартапаў выжывае 3–5%.
У сьвеце вядомыя яскравыя, гучныя прыклады, калі стартап ня меў посьпеху, але яго ўладальнікі прадстаўляюць сябе як вялікіх бізнэсоўцаў.
У сьпешцы, калі хацелася хутка прызначыць у Кабінэт жанчыну, адказную за эканамічныя пытаньні, не пасьпелі ці не захацелі правесьці належную праверку.
У сацыяльных сетках ёсьць агульная думка, што тлумачэньне Зарэцкай пра пагрозы як прычыну яе адстаўкі не вытрымлівае крытыкі.
Пагрозы час ад часу атрымліваюць усе. І ніхто на гэта не спасылаецца — ні Сахашчык, ні Латушка, у якога стрыечны брат трапіў за краты, ні Герасіменя, у якой пагражаюць адабраць маёмасьць у Беларусі.
Большасьць партнэраў і сваякоў Зарэцкай жывуць у краінах ЭЗ, і ёй менш за ўсё варта было спасылацца на пагрозы на яе адрас.
Дракахруст: Стылістыка стартапаў, якасьці, якія патрэбныя для іх прасоўваньня — наколькі яны пасуюць да палітыкі?
Карбалевіч: Палітыкі даволі часта дзейнічаюць як кіраўнікі стартапаў. І ў беларускай палітыцы гэта назіраецца. Скажам, клясычныя прадстаўнікі такога падыходу — гэта Сяргей і Алег Гайдукевічы.
Што тычыцца сытуацыі, якую мы разглядаем, то чалавек, ідучы на такую пасаду, мусіць сысьці зь бізнэсу. У дадзеным выпадку мы бачым, што чалавек прыйшоў у Кабінэт і адначасова захоўваў свой бізнэс.
Дракахруст: Ня думаю, што гэта такое ўжо правіла. Здаецца, і той жа Валер Сахашчык таксама не сышоў са свайго бізнэсу. Ніхто не сышоў.
Цыганкоў: У Сахашчыка такі бізнэс, што ён можа працаваць і безь яго. Стартап Зарэцкай ладнай часткай трымаецца на яе асобе, на яе кантактах, сустрэчах.
Карбалевіч: Але пры літаральным пераносе стылістыкі стартапаў у палітыку могуць адбывацца нечаканыя і непрыемныя рэчы, калі рэкляма вельмі моцна адрываецца ад рэальнасьці.
Дракахруст: Пры ўсёй умоўнасьці, але ёсьць пэўная аналёгія паміж хуткай адстаўкай Тацяны Зарэцкай і яшчэ больш хуткай адстаўкай брытанскай прэмʼеркі Ліз Трас.
Брытанія — старадаўняя ўстойлівая дэмакратыя, было спаборніцтва кандыдатаў у прэмʼеры, абмеркаваньне, Трас не хавала, што яна зьбіраецца рабіць. І новым чалавекам у палітыцы яна не была. І ўсяго 45 дзён прэмʼерства.
Дык, можа, нічога не дапамагае супраць памылак — ні досьвед дэмакратыі, ні спаборная працэдура вылучэньня, ні досьвед кандыдата?
Цыганкоў: Часам, сапраўды, так складаюцца абставіны — супраць чалавека. Калі ён трапляе ў вір, дзе ад яго здольнасьцяў мала што залежыць.
Трас вырашыла зьнізіць падаткі для багатых. А гэта тое, чаго шырокія масы ня любяць нават у Брытаніі. Хоць досьвед паказвае, што такая палітыка ажыўляе эканоміку.
Яна атрымала давер сваёй партыі і падумала, што можа рабіць радыкальныя крокі. А аказалася, што не.
Так што з сытуацыяй з Зарэцкай тут падабенства няшмат.
Я хачу зьвярнуць увагу на рэакцыю чальцоў Кабінэту. У іх бяруць інтэрвію розныя СМІ, і яны паўтараюць яе вэрсію наконт пагрозаў. Аднак многія публікацыі сьведчаць пра тое, што гэта, прынамсі, ня ўся праўда.
Тут палітычная дылема: ці прызнаць памылку, ці трымацца за першапачатковую вэрсію, якая выглядае непраўдападобнай.
Я б лепш хацеў, каб яны прызналі памылку.
Дракахруст: Маё наступнае пытаньне таксама зьвязанае з падыходамі спадарыні Зарэцкай. У інтэрвію Мелказёраву яна сказала: у Эстоніі, калі табе 25 гадоў і ў цябе няма стартапа, значыць, нешта ты ня так зрабіў у гэтым жыцьці.
А выступаючы на канфэрэнцыі «Новая Беларусь», яна заклікала закрыць у Беларусі неэфэктыўныя прадпрыемствы.
Такая філязофія пасьпяховасьці, такое ніцшэанства ўласьцівыя ня ёй адной. Наколькі гэта можа прывесьці да палітычнага посьпеху ў Беларусі? У Беларусі больш за 9 мільёнаў жыхароў. Яны ўсе стартапы будуць ствараць? Мяркую, што большасьць будуць у калгасе ці на заводзе працаваць.
А вось Лукашэнка ніколі ня скажа так, як Зарэцкая: калі ў вас няма стартапа, то вы няўдачнік.
Карбалевіч: Можна дамагчыся посьпеху і дзякуючы такой філязофіі. Я прыгадваю выбары ў Вярхоўны Савет у 1995 годзе. Я тады таксама балятаваўся ў дэпутаты. Але па маёй акрузе ішоў Андрэй Клімаў — малады, прыгожы, багаты, які хутка разбагацеў.
І ён хваліўся менавіта сваёй пасьпяховасьцю, рабіў стаўку на яе, казаў, што так, як ён, могуць стаць заможнымі многія.
У гэтай акрузе было шмат студэнтаў, ён там ішоў на ўра і ўпэўнена перамог. Калі ўявіць сабе парлямэнцкія выбары, а такі чалавек — на чале партыйнага сьпісу, то ён набярэ ладную падтрымку і будзе мець вялікую фракцыю. Я б не сказаў, што такі падыход зусім кепскі.
Але калі ісьці з такім падыходам у прэзыдэнты, то гэта непераканаўча.
Дракахруст: А можа, гэта сапраўдная, карэнная прычына, вакол якой адбываецца палітычны канфлікт? За і супраць Лукашэнкі — гэта, магчыма, псэўданім падзелу менавіта па гэтым пытаньні.
Цікавая была фраза Лукашэнкі наконт падзеяў 2020 году — што супраць яго «буржуйчыкі» паўсталі. Магчыма, у гэтым — сацыяльна-палітычнае тлумачэньне падзеяў 2020 году?
Цыганкоў: Гэта сапраўды адзін з падзелаў. У прыхільнікаў Лукашэнкі насамрэч нізкі гарызонт патрабаваньняў да жыцьця. І каб не было цяжару выбару — каб быў адзін прэзыдэнт, адна ідэалёгія, адна мова. І ня трэба нам разнастайнасьці, і ня трэба жураўлёў у небе.
Так, як сфармулявала свае думкі Зарэцкая, фармуляваць іх палітыку ня варта. І ня тое што ня варта закрываць неэфэктыўныя вытворчасьці. Тая ж Эстонія так зрабіла і жыве нашмат лепш, чым Беларусь. Савецкія заводы там пазачынялі.
Ды нават і Беларусь — постындустрыяльнае грамадзтва. У нас толькі некалькі адсоткаў ВУП — сельская гаспадарка. І рабочыя складаюць каля 10% працоўнай сілы. Мы жывём у эпоху дамінаваньня сфэры паслугаў.
Непасьпяховымі людзі могуць быць у розных сфэрах. І яны могуць быць пакрыўджанымі, калі нехта казырае сваёй пасьпяховасьцю. Але гэта не адмяняе неабходнасьці даволі жорсткіх эканамічных рэформаў.