Лукашэнка назваў БелАЭС «ратункам для краіны», пакуль Захад эканоміць электрычнасьць. Але АЭС ужо паўгода рамантуюць

БелАЭС

Беларуская атамная электрастанцыя аказалася падарункам і паратункам для краіны, заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня Пухавіцкага раёну. Але з адкрытых крыніц вынікае, што яна не прадукуе электрычнасьць.

«Атамная станцыя — гэта танная электраэнэргія. Мы цяпер ужо ня толькі транспарт перабудоўваем на электрычнасьць, мы сёньня будуем жылыя дамы, дзе ўсё будзе на электрычнасьці. Без электрычнасьці ня можа быць эканомікі, — сказаў Лукашэнка. — Павядзіся мы тады на гэтыя заклікі, вы ведаеце, дзе б мы сёньня былі».

Паводле Лукашэнкі, АЭС у Беларусі — «паратунак, бо электрычнасьць сёньня на Захадзе эканомяць як толькі могуць».

Ад моманту свайго афіцыйнага запуску ў кастрычніку 2020 году першы энэргаблёк Астравецкай АЭС спынялі ўжо каля дзесяці разоў. У некаторых выпадках ён прастойваў больш за месяц. Частка адключэньняў была плянавая, іншыя сталі вынікам аварыйнага спрацоўваньня аўтаматыкі. Падрабязных справаздач аб прычынах спыненьняў і іншых інцыдэнтах на БелАЭС улады Беларусі не публікуюць. Напрыканцы красавіка стала вядома, што першы энэргаблёк ізноў спынілі на рамонт. На пачатку кастрычніка паведамлялася, што тэрміны ўключэньня ў сетку першага энергаблёка Беларускай АЭС скарэктавалі. Пакуль незразумела, як менавіта.

Фізычна запуск другога энэргаблёка нібыта адбыўся вясною. Пра гэта заявіў генэральны дырэктар дзяржкарпарацыі «Росатом» Аляксей Ліхачоў. Але гэта ня значыць, што ён прадукаваў электраэнэргію. Энэргетычны пуск блёка зь яго ўключэньнем у энэргасыстэму краіны зможа адбыцца толькі пасьля пасьпяховага выкананьня гэтых работ. Мяркуецца, што гэта можа адбыцца ў канцы году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінэнерга расказалі, калі запусьцяць першы энэргаблёк БелАЭС. Ён не працуе з красавіка

Праз год пасьля афіцыйнага запуску, у кастрычніку 2021 году, Астравецкая АЭС выдавала каля 25% ад усёй электраэнэргіі, якую спажывала Беларусь. 25 красавіка 2021 году на афіцыйным сайце БелАЭС зьявілася паведамленьне з крытыкай яе працы. «Да гэтага часу сыстэмы не наладжаныя да канца, гэта выклікае пастаянныя непаладкі абсталяваньня, — гаварылася ў апублікаваным паведамленьні, зробленым нібыта ад імя супрацоўнікаў станцыі. — Рамонтныя работы адбываюцца ў небясьпечных умовах. Праз гэта рабочыя пастаянна траўмуюцца, маюць месца сьмяротныя выпадкі».

Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны афіцыйны Кіеў цалкам адключыў сваю энэргасыстэму ад беларускіх сетак і перастаў купляць у Беларусі электраэнэргію, у тым ліку вырабленую на Астравецкай АЭС. Ці адновяцца пастаўкі ў будучыні, невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь дагэтуль не падпісала пагадненьне з Расеяй пра перапрацоўку ядзернага паліва з Астравецкай АЭС