Пад экстрэмісцкім фармаваньнем маецца на ўвазе полк «Пагоня», піша reform.by.
Як паведамляе МУС, у Варшаве створаны вэрбавальны і фінансавы цэнтар палку, які займаецца адборам мужчын ва ўзросьце ад 20 да 45 гадоў, якія маюць вопыт вайсковай службы. «Навучаньне і зладжваньне баевікоў праводзіцца замежнымі інструктарамі на тэрыторыях Чэхіі, Польшчы і Ўкраіны. Аднымі з арганізатараў гэтага экстрэмісцкага фармаваньня зьяўляюцца Вадзім Пракопʼеў і Валер Сахашчык», — гаворыцца ў паведамленьні МУС.
Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бясьпецы Аб'яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык пракамэнтаваў завядзеньне крымінальнай справы на стваральнікаў палку «Пагоня»:
«Я па жыцьці заўжды стараўся па максымуме ва ўсім, што я рабіў і раблю. І дабіваўся посьпеху і павагі, часам — узнагарод. Гэтую «крыміналку» я лічу такой жа адзнакай павагі і карысьці, якую я і мае таварышы прыносім нашай Айчыне — Беларусі».
МУС заяўляе, што супрацоўнікам ГУБАЗіК вядомы дадзеныя ўсіх асоб, якія маюць дачыненьне да дзейнасьці палку, у тым ліку асоб, якія ўступілі або праходзяць падрыхтоўку для ўступленьня ў «Пагоню».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея рыхтуе новы напад на Ўкраіну зь Беларусі? Беларускія вайсковыя палігоны — на здымках з спадарожнікаў