Бацька палітзьняволенай былой журналісткі БТ Ксеніі Луцкіной расказаў «Народнай волі», што ягоную дачку перавезьлі зь Менску ў СІЗА Гомля.
За час знаходжаньня за кратамі ў Ксеніі Луцкінай моцна пагоршылася здароўе: абвастрылася бранхіяльная астма, павялічваецца пухліна ў мозгу — у 2014 годзе жанчыне рабілі апэрацыю і выдалілі дзьве пухліны ў галаве.
«Пасьля вынясеньня прысуду мне дазволілі спатканьне з Ксеніяй у СІЗА на Валадарскага, — расказаў Алег Луцкін, бацька журналісткі. — А 25 кастрычніка яе перавезьлі зь Менску ў СІЗА Гомля, дзе яна і будзе чакаць разгляду апэляцыі ў Вярхоўным судзе».
На пытаньне пра самаадчуваньне дачкі Алег Луцкін адказаў:
«Са здароўем усё кепска. Хвароба не адступае, таму ў яе пастаянныя галаўныя болі, трасуцца рукі і ногі. Яшчэ калі была ў Менску ў СІЗА, Ксеніі абяцалі дадатковае мэдыцынскае абсьледаваньне, але абяцаньні так словамі і засталіся. Сказалі, што, магчыма, у Гомлі зробяць МРТ. Адным словам, мо зробяць, а мо і ня зробяць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пухліна ў мозгу, баліць адзіная нырка, гнояцца дзясны. Каму з палітвязьняў пільна патрэбная мэдычная дапамогаПерасьлед Ксеніі Луцкіной
Журналістку Ксенію Луцкіну затрымалі ў сьнежні 2020-га ў «справе Прэс-клюбу»: яе абвінавацілі ў «нявыплаце падаткаў» (пасьля закрыцьця гэтай справы распачалі новую).
Раней яна працавала на Беларускай дзяржаўнай тэлевізіі, але звольнілася адтуль на хвалі пратэстаў, далучылася да дзейнасьці Каардынацыйнай рады. Супрацоўніцтва з Радай і стала падставай для завядзеньня крымінальнай справы.
Разгляд крымінальнай справы Ксеніі Луцкіной пачаўся 1 верасьня. Працэс вяла судзьдзя Тацяна Фалькоўская.
20 верасьня пракурор запатрабаваў пакараць палітзьняволеную журналістку 8 гадамі калёніі. У выніку 28 верасьня судзьдзя пагадзілася зь дзяржабвінаваўцам і прысудзіла Ксеніі 8 гадоў калёніі паводле ч. 1 арт. 357 КК («змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»), паведамляе «Вясна». Ксенію Луцкіну абвінавацілі ў «змове ці іншых дзеяньнях, учыненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады».
21 верасьня Ксенія Луцкіна выступіла з апошнім словам. Яна папрасіла суд аб гуманнасьці і нагадала, што дома яе чакае непаўналетні сын:
«Яму патрэбна маці. Ня сябар, ня проста дарослы побач, а маці. Чалавек, які кожны дзень дорыць пачуцьцё неабмежаванай любові, адчуваньне бясьпекі, дорыць тое самае дзяцінства. Больш за ўсё я хачу вярнуць веру ў дабрыню і справядлівасьць. Я хачу выхаваць чалавека, грамадзяніна, які ўмее рабіць правільныя высновы».
У апошнім слове Луцкіна таксама адзначыла, што мае патрэбу ў мэдычным абсьледаваньні і дапамозе лекараў.
У зьняволеньні ў Ксеніі Луцкіной абвастрыліся праблемы са здароўем — пачала расьці пухліна ў галаўным мозгу, абвастрылася бранхіяльная астма. Ад пастаянных галаўных боляў журналістка вымушана пастаянна прымаць абязбольвальныя лекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былой журналістцы БТ Ксеніі Луцкіной прысудзілі 8 гадоў калёніі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-журналістка БТ Луцкіна заявіла ў судзе, што ў турме ў яе значна пагоршыўся стан здароўя