Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-журналістка БТ Луцкіна заявіла ў судзе, што ў турме ў яе значна пагоршыўся стан здароўя


Ксенія Луцкіна
Ксенія Луцкіна

Першага верасьня пачаўся судовы працэс над сябрам КР Ксеніяй Луцкіной. Журналістцы ставяць у віну «змову або іншыя дзеяньні з мэтай захопу ўлады» (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу). Працэс адкрыты. Справа Ксеніі складаецца з 67 тамоў.

Пасьля абвяшчэньня абвінавачаньня Ксенія сказала, што прызнае віну, паведамляецца на сайце Каардынацыйнай рады.

Перад дачай паказаньняў журналістка папярэдзіла, што за час знаходжаньня ў турме ў яе значна пагоршыўся стан здароўя: яна мае пухліну галаўнога мозгу, ад чаго рэгулярна прымае моцнадзейныя лекі. Аднак на судзе Ксенія трымалася і выглядала добра, адзначае Каардынацыйна рада.

Сярод слухачоў на працэсе прысутнічалі бацькі і сябры журналісткі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, паседжаньні будуць праходзіць кожны дзень да 24 верасьня ў Менскім гарадзкім судзе (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1/3).

Працэс вядзе судзьдзя Тацяна Фалькоўская.

Ксенія Луцкіна знаходзіцца за кратамі больш за 20 месяцаў.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што Ксеніі выставілі абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу (Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады). Па гэтым артыкуле ёй пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.

Генпракуратура Беларусі сьцьвярджае, што Ксенія Луцкіна нібыта займалася стварэньнем «грамадзкай беларускай інтэрактыўнай тэлевізіі, мэта якой — утойваньне і скажэньне рэальных фактаў, эскаляцыя пратэставай актыўнасьці, стымуляваньне расколу ў беларускім грамадзтве, фармаваньне ў людзей нэгатыўнай думкі аб дзейнасьці дзяржорганаў».

Экс-журналістка БТ Ксенія Луцкіна, якая адразу пасьля выбараў звольнілася зь дзяржаўнага тэлеканалу, марыла стварыць альтэрнатыўную тэлевізію. Аднак яе затрымалі ў сьнежні 2020 году. Яе прызналі палітычнай зьняволенай.

Вядома, што Ксенія адмовілася пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG