Абвяшчаюць чарговага выступоўцу. Добра знаёмае імя палітвязьня, якога днямі вызвалілі з умовай пакінуць радзіму. Падыходжу бліжэй і не пазнаю чалавека пры мікрафоне. Змардаваны пакутамі твар, страшэнна схуднелая постаць. І толькі як загаварыў, упэўніваюся, што гэта ён, мой, за год састарэлы на дваццаць, даўні прыяцель. Але голас прамаўляе нечаканую рэч. Не пра зьверствы турэмшчыкаў і жахі існаваньня за мурамі. Над пляцам гучыць верш. У ім — увесь жыцьцяпіс ягонай сям’і, ягонай зямлі, палітай крывёю трох пакаленьняў. І ўпэўнена аптымістычны фінал. «…На нас гэта мусіць закончыцца».
Ужо потым прызнаўся ў вершаваных «грахах» маладосьці. Гадоў дзесяць нічога не пісаў, а ў турме нешта зноў у душы як прарвала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: „Я быў ва ўтрапеньні“. Як Алеся Бяляцкага ў вязьніцы ратавала беларускае словаЗьняволеная літаратура
Гэтая гісторыя — не адзінкавая. То тут, то там раптам дачуваемся пра творы, якім удалося прарвацца праз краты. Нядаўна з акрэсьцінскай катоўні нейкім дзівам вынесьлі цішотку, на ўнутраным баку якой напісаныя вершы.
Мой прыяцель расказаў, што прачытаны ім верш ён таксама здолеў перадаць на волю з «Валадаркі». Як тут не ўзгадаць эпізоды з жыцьця ўвязьненага Якуба Коласа, прынамсі тое, як ён таемна перадаваў свае вершы ў «Нашу Ніву» на спатканьнях зь яе выдаўцом Аляксандрам Уласавым. Вось жа, дазвалялі нават не сваякам хадзіць да зьняволеных за царскім часам.
І яшчэ адзін важны момант пра літаратуру з турмы расказаў мой знаёмец. Што-небудзь, хоць і таемна, можна ўмудрыцца перадаць толькі са сьледчага ізалятара. Пасьля прысуду з калёніі гэта зрабіць практычна немагчыма. У яго пры вызваленьні забралі і зьнішчылі ня толькі нейкія свае запісы, а нават лісты ад унукаў.
На прыкладзе іншых палітвязьняў, якім са сьледчых ізалятараў удавалася перадаць нешта напісанае на паперы, а пасьля судоў ад іх нічога з-за муроў ужо не прарываецца, мы можам гаварыць ня толькі пра зьняволеных аўтараў, але і пра зьняволеную літаратуру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты што, супраць прэзыдэнта пісаў?» Журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч пра вызваленьне з калёніі, жоўтыя біркі і ШЫЗАПісаць няма на чым, чым пісаць — таксама няма
Былая знаёмая палітзьняволеная расказала, як пры ператрусах у іхнай камэры забіралі паперу і алоўкі. Яна мела ў схованцы асадку, якой на абрыўках газэт спрабавала рабіць занатоўкі. Знайшлі і забралі пры чарговым шмоне. Саму, вядома ж, пакаралі.
Тут зноў прыходзяць аналёгіі з турэмнай творчасьцю Якуба Коласа. У Пішчалаўскім замку ён задумаў і напісаў значную частку «Новай зямлі», між вясёлых старонак якой (для кансьпірацыі) запісваў трагічныя радкі «Сымона-музыкі». Усё захавалася і трапіла на волю.
І, дарэчы, прылады для творчай працы Якубу Коласу ў турме выдавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне страшна. Я ўрэшце дома». Пра «Анталёгію паэтак», укладзеную Вальжынай МортАдзін са спосабаў не звар’яцець
Падпытваю знаёмцаў, у чыіх душах турма абудзіла паэтаў, чаму так раптам іх навярнула да гэтага.
Адказы розьняцца, але нейкі ўнутраны лейтматыў іх лучыць.
Цябе гвалтоўна вырываюць са звыклых абставінаў. Ты ў шоку. Ня ведаеш, што будзе з табою ў наступную хвіліну. Ніякіх зьвестак пра родных. Дзе і што зь імі.
Потым пакрысе даходзіш да цямы, што гэта — твая новая рэальнасьць, і трэба пастарацца неяк зь ёю даць рады. Не звар’яцець. У жорсткай абсурднасьці захаваць больш-менш здаровы розум.
Зьмяніць оптыку вачэй. Убачыць у гвалтаўніках тваёй вонкавай свабоды нягеглікаў-курдупляў, якім ніколі ня стаць асілкамі.
Шукаць апірышча для ўнутранай свабоды.
Пачуць у бразгаце кайданоў пачатак гімну вызваленьня.
Стварыць Гармонію з Хаосу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Літаратура выконвае функцыю праўды». Ляўрэат Гедройця-2020 пра кнігу, яе героя і судовую сыстэмуЗося Сухавей
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.