Сьцісла:
- Беларускія афіцыйныя асобы ўвесь час пужаюць людзей вайной.
- З процілеглага боку палітычнага супрацьстаяньня шмат гавораць пра нямірны шлях пераменаў у краіне.
- Прывід грамадзянскай вайны паўстае на інфармацыйным экране Беларусі як будучая рэальнасьць.
- Між тым беларусы баяцца вайны. Любой. Страх вайны глыбока сядзіць у генэтычнай памяці людзей.
- Для абываталя сёньня небясьпекай здаецца ня столькі вобраз Лукашэнкі-дыктатара, колькі тое, што ён уцягвае Беларусь у вайну.
Калі глядзець на заявы афіцыйных асобаў вачыма абываталя, то з кожным днём жыць у Беларусі становіцца ўсё страшней. Усе яны прасякнутыя страхам і пагрозамі блізкай вайны.
Лукашэнка ўжо больш за два гады цьвердзіць, што на Беларусь вось-вось зьбіраецца нехта напасьці (ці то Польшча, ці то NATO, ці то Ўкраіна). Да нагнятаньня напружанасьці далучаюцца расейскія чыноўнікі.
Другога лістапада міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу на сумеснай калегіі ведамстваў дзьвюх краін заявіў, што «пад ударам можа апынуцца Беларусь».
Кіраўнікі сілавых структураў працягваюць езьдзіць па краіне і пужаць народ ужо ня толькі вонкавай пагрозай, але і грамадзянскай вайной.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што Пуціну трэба ад Беларусі? Тлумачэньне палітолягаСтаршыня КДБ Іван Тэртэль падчас сустрэчы з працоўнымі калектывамі ў Магілёве 1 лістапада параўнаў сытуацыю, якая цяпер складваецца ў сьвеце, з той, якая была напярэдадні Першай і Другой сусьветных войнаў, і апавядаў, што «беглыя» «ужо ня бачаць магчымасьці мірных пераменаў і актыўна распрацоўваюць сілавы сцэнар зьмены канстытуцыйнага ладу».
І тут варта адзначыць, што і з другога боку палітычнага супрацьстаяньня шмат гавораць пра нямірны шлях пераменаў у краіне. Вось нядаўна прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэта ў пытаньнях абароны і бясьпекі Валер Сахашчык і кіраўнік Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк на «Эўрарадыё» разважалі пра стварэньне і задзейнічаньне беларускіх вайсковых фармаваньняў. Таксама прадстаўнікі палка Каліноўскага абяцаюць «вызвольны паход» на Беларусь у пэўны момант.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка як чырлідэр: бегае, скача, падтрымлівае расейскую каманду — але сам выходзіць на поле не жадае», — палітоляг ЯгораўТакім чынам, прывід грамадзянскай вайны паўстае на інфармацыйным экране Беларусі як будучая рэальнасьць. Не выклікае сумневу, што значная частка прадстаўнікоў абодвух палітычных флянгаў маральна і псыхалягічна гатовыя да такога разьвіцьця падзей. Два гады існаваньня ва ўмовах халоднай грамадзянскай вайны зрабілі сваю справу.
А як гэта ўспрымае глыбінны народ, тыя абываталі, якія жывуць сваім звычайным жыцьцём і да палітыкі зьвяртаюцца толькі час ад часу? Нават без сацыялёгіі можна канстатаваць, што беларусы баяцца вайны. Любой. Страх вайны глыбока сядзіць у генэтычнай памяці людзей.
Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў прафэсара Андрэя Вардамацкага, 60% беларусаў адмаўляюць, што Беларусь зьяўляецца «саўдзельніцай ваеннага канфлікту ва Ўкраіне». Прытым, што пра выкарыстаньне расейцамі беларускай тэрыторыі дзеля нападу на суседнюю дзяржаву гавораць ня толькі незалежныя мэдыя. Сам Лукашэнка некалькі разоў прызнаваў гэты факт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Радзіма цябе кіне, сынок. Заўсёды». Як уцякалі ад мабілізацыі раней і як уцякаюць цяперАднак беларусам страшна прыняць гэта. Ці яны ня лічаць выкарыстаньне беларускай тэрыторыі саўдзелам. Бо разумеюць, што могуць быць вельмі непрыемныя наступствы. Гэтае псыхалягічнае адмаўленьне відавочнага факту даволі адметнае. Лепш зрабіць выгляд, што ўсё добра, маўляў, «мы, беларусы, — мірныя людзі».
Ва ўмовах, калі няма глыбокіх і цалкам рэпрэзэнтатыўных сацыялягічных дасьледаваньняў, цяжка дакладна вызначыць, якія працэсы адбываюцца ў беларускім грамадзтве. Бо на палітычны крызіс 2020 году налажылася цяперашняя вайна ва Ўкраіне, што стала для грамадзкай сьвядомасьці вялікім землятрусам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А што, калі ўдарыць па Ўкраіне зь Беларусі праз Валынь?» Якім можа быць «другі фронт» галоўнакамандуючага ЛукашэнкіВыкажу гіпотэзу, што сёньня ў беларускім грамадзтве замест дылемы «дэмакратыя або дыктатура» дамінуючай стала дыхатамія «мір — вайна». І той, хто гарантуе ці хаця б паабяцае народу мір, можа атрымаць грамадзкую падтрымку. Здаецца, гэта ня вельмі разумее дэмакратычная апазыцыя. Ці разумее, але ня вельмі дакладана фармулюе. Бо для абываталя сёньня небясьпекай здаецца ня столькі вобраз Лукашэнкі-дыктатара, колькі тое, што ён уцягвае Беларусь у вайну. І больш блізкім да рэальнасьці быў бы такі паліттэхналягічны канструкт: Лукашэнка — гэта вайна, Ціханоўская — гэта мір. Сёньня ў Беларусі мае шанец той, хто выйграе барацьбу за мір, а не запалохвае людзей вайной.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.