Па папярэдніх дадзеных, КНДР выпусьціла тры ракеты. Адна з іх — меркавана вялікай далёкасьці, паведаміла паўднёвакарэйскае агенцтва «Ронхап». Яна праляцела каля 760 кілямэтраў і ўпала ў Японскае мора. Крыніца агенцтва ў сфэры абароны паведаміла, што ракета, хутчэй за ўсё, выйшла са строю пасьля таго, як аддзялілася яе другая прыступка.
Гэта быў сёмы пуск міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты КНДР у 2022 годзе.
У пачатку кастрычніка ракета, запушчаная КНДР, упершыню за пяць гадоў праляцела над тэрыторыяй Японіі. Учора Паўночная Карэя запусьціла ў бок Японскага і Жоўтага мораў сама меней 23 ракеты і каля 100 артылерыйскіх снарадаў.
Адна з іх упершыню з 1953 года перасекла фактычную марскую мяжу і ўпала ля ўзьбярэжжа недалёка ад тэрытарыяльных вод Паўднёвай Карэі. Паўднёвакарэйскі прэзыдэнт Юн Сок Ёль назваў гэта «тэрытарыяльным уварваньнем». Адміністрацыя ЗША заявіла аб «безразважных» дзеяньнях Паўночнай Карэі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КНДР запусьціла не менш як 10 ракет, адна зь іх перасекла марскую мяжу з Паўднёвай Карэяй. Сэул адказаў