«Расейцы акопваюцца, украінцы паспрабуюць наступаць»
Вайсковы аглядальнік амэрыканскага выданьня Forbes Дэйвід Экс цытуе прадстаўніка арміі ЗША, які тлумачыць складанасьці зь вядзеньнем ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне ўзімку.
«Зямля па чарзе то замярзае, то адтае, бо тэмпэратуры вагаюцца паміж адзнакамі вышэй і ніжэй за нуль. Гэта робіць плянаваньне праблематычным. Да прыкладу, тыя раёны, якія даступныя для транспарту, калі зямля замярзае, робяцца надзвычай абмежаванымі для доступу, калі яна адтае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У анэксаваным Херсоне зачынілі пераправу праз ДняпроПаводле Экса, расейскія войскі ня маюць намеру працягваць узімку наступ ва Ўкраіне. Замест гэтага яны акопваюцца, ставяць лініі супрацьтанкавай абароны і спадзяюцца за зімовыя месяцы інтэграваць у войскі частку з 300 тысяч чалавек, мабілізаваных у Расеі гэтай восеньню.
Украінцы, аднак, могуць паспрабаваць працягваць наступ, бо ім нявыгадна чакаць вясны і даваць расейцам магчымасьць аднавіць сілы. На думку Экса, наступ у апошнія месяцы году, калі халады яшчэ не такія вялікія, дае ўкраінскім войскам шанец ударыць па расейскіх пазыцыях, калі расейцы найслабейшыя.
Зіма — праблема і для манэўраў, і для акопаў
Аднак весьці зімовы наступ украінскім войскам будзе праблематычна, лічыць Майк Марцін, былы вайсковец, дасьледчык Каралеўскага каледжу ў Лёндане: «Украінскі стыль баявых дзеяньняў пабудаваны вакол манэўраў, дзеля чаго патрэбныя хуткасьць і спрыт. І таго, і другога нашмат цяжэй дасягнуць узімку».
Пры гэтым для расейскіх войскаў сытуацыя ў зімовыя месяцы можа быць яшчэ цяжэйшая, лічыць Фрэнк Лэдвідж, выкладчык вайсковай стратэгіі і права брытанскага Портсмуцкага ўнівэрсытэту. Паводле яго, NATO — у прыватнасьці Канада і ЗША — ужо шмат месяцаў працуе над тым, каб забясьпечыць украінскіх вайскоўцаў зімовым камплектаваньнем. У той жа час расейскія войскі ня могуць пахваліцца эфэктыўнымі пастаўкамі і вядомыя высокім узроўнем карупцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія дэпутаты прапануюць караць ухілістаў ад мабілізацыі пяцьцю гадамі турмыЛэдвідж адзначае, што акопы ў цяперашняй вайне настолькі ж важныя, як былі ў 1914 ці 1941 годзе, каб абараніць вайскоўцаў ад артылерыі і абстрэлаў з аўтаматычнай зброі. Нават цяпер капаць іх — ня самая простая задача, а яшчэ цяжэйшай яна зробіцца, калі зямля замерзьне. «Сотні тысяч пяхотнікаў з абодвух бакоў ваююць у дакладна такіх жа ўмовах — з акопамі і зямлянкамі, — зь якімі сутыкаліся іх дзяды і прадзеды падчас дзьвюх сусьветных войнаў», — піша Лэдвідж.
Якія ўрокі фінскай вайны?
Былы кіраўнік Аўстралійскага вайсковага каледжу, генэрал-маёр у адстаўцы Мік Раян адзначае, што апошнім часам многія параўноўваюць надыход зімы ва Ўкраіне з падзеямі савецка-фінскай вайны, якая ішла зь лістапада 1939 году да сакавіка 1940-га. Тады Фінляндыя здолела стрымаць наступ савецкіх войскаў, і пасьля мірнай дамовы ваенныя дзеяньні былі часова спыненыя. Але пры гэтым краіна страціла 9 працэнтаў сваёй тэрыторыі.
Як піша Раян, тая вайна паказала, што баявыя дзеяньні могуць працягвацца нават у самых экстрэмальных умовах надвор’я, у тым ліку і глыбокай зімой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прызнаньне Беларусі акупаванай краінай — гэта адбельваньне рэжыму Лукашэнкі», — экспэрт Вадзім МажэйкаПаводле Раяна, стратэгіі і расейцаў, і ўкраінцаў грунтуюцца на тым, што ваенныя дзеяньні працягнуцца ў самыя халодныя месяцы. Мэта Расеі — зацягнуць вайну надалей у 2023 годзе. А ключавымі элемэнтамі ў гэтым мае стаць далучэньне да ваенных дзеяньняў масы новых мабілізаваных вайскоўцаў, а таксама зьнішчэньне ўкраінскай энэргетычнай інфраструктуры.
Як адзначае аўстралійскі генэрал, пуцінскія ўдары ўжо закранулі каля 30 працэнтаў магутнасьцяў вырабу энэргіі ва Ўкраіне, абмежаваўшы таксама падачу цяпла і вады. Былы міністар інфраструктуры Ўкраіны Ўладзімір Амялян у гутарцы з амэрыканскім выданьнем USA Today называе яшчэ большую лічбу — 40 працэнтаў.
Холад як зброя тэрору
Дэйл Бакнэр, амэрыканскі генэрал-палкоўнік у адстаўцы і кіраўнік кампаніі Global Guardian, якая займаецца міжнароднай бясьпекай, кажа USA Today, што новы камандуючы расейскімі войскамі генэрал Сяргей Суравікін плянуе выкарыстоўваць халады як зброю супраць цывільнага насельніцтва Ўкраіны і каардынуе кампанію, каб разбурыць пастаўкі энэргіі ва Ўкраіне.
Мік Раян таксама лічыць, што гэта наўмысная стратэгія, каб тэрарызаваць насельніцтва і прымусіць украінскі ўрад альбо да перамір’я, альбо да нейкіх іншых саступак расейскім захопнікам. «Але, як мы пабачылі, упартасьць украінцаў і іх высокая падтрымка намаганьняў выгнаць расейскую армію сьведчаць, што Пуцін наўрад ці здолее дабіцца такога выніку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Энэргетыкі — тыя ж войскі, але на іншым фронце». Зь якімі праблемамі сутыкнулася Ўкраіна пасьля расейскіх атак на энэргааб’ектыУкраінцы, у сваю чаргу, хочуць скарыстаць ініцыятыву наступаў на Харкаўшчыне і Херсоншчыне, каб вярнуць сабе частку страчаных тэрыторый, лічыць Раян. Аднак зь лістапада да сакавіка ва Ўкраіне ня толькі тэмпэратура часта падае ніжэй за нуль, але і шмат ідуць дажджы ды сьнег, а дні робяцца кароткімі. Мабільнасьць колавай тэхнікі пагаршаецца, і гэта паўплывае на забесьпячэньне абодвух бакоў. Таксама будзе значна цяжэй маскаваць тэхніку і людзей.
Раян зьвяртае ўвагу яшчэ на адзін урок савецка-фінскай вайны. Больш як праз год пасьля перамірʼя ваенныя дзеяньні паміж СССР і Фінляндыяй аднавіліся і працягваліся да верасьня 1944 году, пакінуўшы забітымі, параненымі і зьніклымі бязь вестак больш за 1 мільён чалавек.
«Гэта непрыемны сцэнар, але цалкам магчымы для цяперашняй вайны», — завяршае свой артыкул аўстралійскі генэрал-маёр у адстаўцы Мік Раян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З Кітаем Эўропа паўтарае памылку, якую зрабіла з Расеяй». Што кажуць амэрыканскія і эўрапейскія экспэрты пра кітайска-расейскі хаўрус