Качанава пахваліла нацпарк «Прыпяцкі» за дрэваапрацоўку. Эколягі лічаць, што парк знаходзіцца пад пагрозай

Ілюстрацыйнае фота

Старшыня Савету Рэспублікі наведала сёньня нацыянальны парк «Прыпяцкі», які падпарадкаваны Кіраўніцтву спраў Лукашэнкі. Натальля Качанава пахваліла кіраўніцтва, якое павялічвае там дрэваапрацоўку.

Гендырэктар «Прыпяцкага» Юры Апановіч расказаў Качанавай, што асноўныя віды дзейнасьці ў парку — дрэваапрацоўка, турыстычная дзейнасьць і лясная гаспадарка.

Паводле яго, у студзені — жніўні гэтага году нацпарк наведалі на 70 працэнтаў больш турыстаў, чым за 9 месяцаў мінулага. Дрэваапрацоўка, на думку Апановіча, таксама прынясе сёлета больш грошай, чым летась.

«Калі ў мінулым годзе экспарт склаў $9 млн, то за 9 месяцаў гэтага году — ужо $7,6 млн. Па годзе, думаю, атрымаем $10 млн», — цытуе пляны гендырэктара агенцтва Белта.

Сёлета ў нацпарку пачалі рэалізацыю, паводле Апановіча, пэрспэктыўнага інвэстыцыйнага праекту — цэху па вытворчасьці паліўных гранулаў — пэлетаў. Ён працуе на расейскім абсталяваньні. Магутнасьць вытворчасьці складзе каля 20 тысяч тон пэлетаў у год.

«Яшчэ на стадыі будаўніцтва на нас ужо выходзяць партнэры. Мы будзем выпускаць і прэміяльную, і індустрыяльную пэлету», — сказаў Юры Апановіч.

Натальля Качанава, як перадае Белта, адзначыла добрую якасьць прадукцыі нацпарку.

Прыпяцкі нацыянальны парк разьмяшчаецца ў пойме ракі Прыпяць. У 2013 годзе ён увайшоў у топ-15 тэрыторый Беларусі для біяразнастайнасьці па вэрсіі грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», як тэрыторыя пад пагрозай. Прычынай паслужылі шматлікія нараканьні на стыль прыродакарыстаньня кіраўніцтва нацпарку — у першую чаргу разьвіцьцё вясновага паляваньня і інтэнсыфікацыя высечак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эколягі заявілі, што вайсковыя вучэньні пашкодзяць флёры і фаўне Нацыянальнага парку «Прыпяцкі»