Маці чатырох непаўналетніх — 1,5 года зьняволеньня
Іну Панову затрымалі 15 ліпеня 2022 году. Маці чатырох непаўналетніх дзяцей абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх».
31 кастрычніка шматдзетнай маці прысудзілі 1,5 года калёніі агульнага рэжыму, піша «Вясна».
Затрыманьне школьнай настаўніцы
Сілавікі паведамілі пра затрыманьне «за экстрэмізм» грамадзянкі Літвы, якая працавала школьнай настаўніцай. Жанчына пераехала ў Беларусь на пастаяннае месца жыхарства ў 2011 годзе. Яна брала ўдзел у пратэставых маршах-2020, паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы.
Цяпер жа, як сьцьвярджаюць гэтыя каналы, яна «цкавала дзяцей за палітычныя погляды і месца працы бацькоў». Жанчыну завуць Алена Цымбаліст, яна настаўнічала ў 173-й сталічнай школе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Індывідуальную прадпрымальніцу, якая зьбіралася перадаць уладам пэтыцыю, арыштавалі на 30 сутакНа выхадзе з аўтобуса з Варшавы затрымалі аднаго з пасажыраў
Праваабаронцам стала вядома, што 31 кастрычніка на выхадзе з аўтобуса Варшава — Менск затрымалі Ўладзімера Канапліцкага. Паводле папярэдняй інфармацыі, 1 лістапада над 34-гадовым мужчынам адбудзецца суд па адміністрацыйнай справе.
За перавод крыптавалюты ў BYPOL менчука асудзілі на тры гады калёніі
У Менскім гарадзкім судзе на тры гады калёніі асудзілі 35-гадовага менчука Аляксандра Зіязэтдзінава. Яго абвінавацілі па ч. 1 арт. 361-2 Крымінальнага кодэксу («фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня») за пералічэньне ў траўні 2021 году 0,2 эфіру (каля 800 даляраў) на крыптагаманец BYPOL, паведамяле «Вясна».
Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасьці справы невядомыя. Прысуд вынесла судзьдзя Сьвятлана Чарапанава.
Ініцыятыва былых сілавікоў BYPOL была прызнаная МУС экстрэмісцкім фармаваньнем толькі ў лістападзе 2021 году, то бок праз 6 месяцаў пасьля пералічэньня крыптавалюты.
Полацкую прадпрымальніцу адправілі на «суткі» праз аватарку ў сацсетках
Праваабаронцам стала вядома, што полацкую прадпрымальніцу Тацяну Шастак, якую затрымалі перад падачай калектыўнага звароту мясцовым уладам, асудзілі за аватарку ў сацыяльных сетках. Што гэта была за аватарка — невядома.
Блізкія Тацяны просяць людзей не пісаць ёй у сацсетках, бо яны пад кантролем міліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 31 кастрычніка: 3 гады ў «справе Зельцара»; музыкам Tor Band і праваабаронцы Лойцы па 15 содняўЖыхара Гомля асудзілі на 4,5 гады калёніі па 7 артыкулах Крымінальнага кодэксу
У закрытым судовым пасяджэньні Гомельскі абласны суд разгледзеў крымінальную справу індывідуальнага прадпрымальніка Сяргея Захаранкі, абвінавачанага адразу па сямі артыкулах Крымінальнага кодэксу.
Сяргей прызнаны вінаватым у паклёпе ў дачыненьні да Лукашэнкі, арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, публічнай абразе прадстаўніка ўлады, незаконных зьбіраньні і распаўсюдзе зьвестак аб прыватным жыцьці, наўмысных дзеяньнях, накіраваных на ўзбуджэньне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасьці, а таксама ў іншым садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці, паведамляе «Вясна».
Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Піскуноў, сутнасьць абвінавачаньня праваабаронцам пакуль невядомая.
Затрымалі сваяка беларускага добраахвотніка Васіля Парфянкова, які летам загінуў пад Лісічанскам
У праўладным тэлеграм-канале зьявілася «пакаяльнае» відэа з мужчынам, які называе сябе братам загінулага Васіля. На відэа мужчына «прызнаецца», што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» ТГ-каналы, паведамляе @belsat.
Што яму інкрымінуюць — невядома.
Раней былі затрыманыя стрыечны брат, сястра і маці загінулага байца Палка імя Кастуся Каліноўскага Васіля Парфянкова.
Гомельскага грузчыка, які раней удзельнічаў у велапрабегу ў падтрымку Лукашэнкі, асудзілі на 2 гады калёніі па «справе Зельцара»
Суд Чыгуначнага раёна Гомля вынес прысуд грузчыку Гомельскага вінзавода Дзьмітрыю Малашанку, абвінаваціўшы яго ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 Крымінальнага кодэксу), паведамляе «Вясна».
Пад суд Дзьмітры Малашанка трапіў за два камэнтары «У краіне страшней, чым у Самалі» і «Калі б была ў мяне стрэльба і да мяне ламіліся б такія людзі, я б таксама абараняў свой дом, толькі б барыкады зрабіў».
Пра Малашанку вядома, што ён удзельнічаў у велапрабегу ў падтрымку Лукашэнкі і прымаў удзел у якасьці дружыньніка ў свой выходны дзень на выбарах у 2020 годзе. А яшчэ мужчына ў судзе шчыра не разумеў, за што яго судзяць.
Дар’ю Лосік прызналі палітычнай зьняволенай
Жонку палітвязьня і журналіста Свабоды Ігара Лосіка Дар’ю затрымалі 18 кастрычніка, яе абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» ў выглядзе размовы з тэлеканалам «Белсат» вясной 2022 году.
Па стане на 1 лістапада беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 1357 чалавек. Сёньня ў сьпіс дадалі 6 чалавек: Дар'ю Лосік, Юлію Юргілевіч, Валянціна Самасюка, Максіма Стасюка, Аляксандра Айнутдзінава і Яўгена Карпава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дар’ю Лосік ня выпусьцілі з-пад варты. Яна застаецца ў СІЗА БерасьцяДа старшыні незалежнага прафсаюзу «Нафтан» зноў прыйшлі сілавікі
Да старшыні незалежнага прафсаюзу «Нафтан» Вольгі Брыцікавай зноў прыйшлі сілавікі, паведамляе тэлеграм-канал «Свободный профсоюз».
Вольгу Брыцікаву затрымалі паводле адміністрацыйнага артыкула, якога — пакуль не вядома. Цяпер яна ў Наваполацкім АУС.
У траўні гэтага году Брыцікава выйшла на волю пасьля 75 дзён за кратамі.
У Гордані затрымалі Андрэя Чаромуху
«Затрыманы за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у 2020 годзе і за абразу супрацоўнікаў міліцыі», — сказаў мужчына ў «пакаяльным» відэа сілавікоў.
Вядома, што Андрэй працуе кіроўцам у таксі, раней працаваў на «Гродна Азоце», піша @Grodno_grab.