28 верасьня 2021 году пры перастрэлцы ў Менску загінулі праграміст Андрэй Зельцар і супрацоўнік КДБ Дзьмітры Федасюк. На працягу наступных дзён у Беларусі арыштавалі каля 200 чалавек, якія пісалі камэнтары аб перастрэлцы. Пазьней затрыманым давалі турэмныя тэрміны.
Адзін з «камэнтатараў» — вядомы гомельскі валянтэр Ільля Міронаў. Ён атрымаў на судзе паўтара года і ўжо выйшаў на волю. Свабода азнаёмілася з пастановай аб прыцягненьні валянтэра да крымінальнай адказнасьці.
Распальваньне варожасьці за спачуваньні блізкім
Ільлю Міронава затрымалі ў канцы верасьня 2021 году. Ён на сваёй старонцы ў Facebook напісаў спачуваньні родным забітага Андрэя Зельцара. У дачыненьні да яго былі распачатыя крымінальныя справы паводле артыкулаў 369 КК («Абраза службовай асобы»), 130 («Распальваньне варожасьці») і 361-1 («Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
Ільля год прабыў у гомельскім СІЗА. Абвінавачаньні ў «абразе службовай асобы» і «распальваньні варожасьці» да суду не дайшлі. Не дайшло да суду і абвінавачваньне ў «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці». З пастаноў вынікае, што органы падазравалі валянтэра ў «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці» таму, што ён на сваёй старонцы ў Facebook заклікаў прыносіць яму прадукты і рэчы для перадачы асуджаным у СІЗА.
Праверка паказала, што Міронаў сапраўды перадаваў атрыманае ў СІЗА. Але «зьвестак пра тое, што на тэрыторыі СІЗА існуе экстрэмісцкае фармаваньне зь ліку асоб, якія там утрымліваюцца, не атрымана», пры гэтым «прадукты харчаваньня і сродкі гігіены ня могуць быць выкарыстаныя для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці». У выніку крымінальную справу спынілі «праз адсутнасьць складу злачынства».
Такім чынам, валянтэра судзілі за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». З пастановы аб прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці вынікае, што сваім камэнтаром са спачуваньнем родным забітага Ільля «дыскрэдытаваў Рэспубліку Беларусь».
Што напісалі ў абвінавачаньні?
Як менавіта сьледчыя ацанілі камэнтар Ільлі «Спачуваю родным і блізкім Андрэя Зельцара»?
З пастановы вынікае, што такім камэнтаром валянтэр «рэалізоўваў злачынны намер і агульную мэту на распаўсюджваньне заведама хлусьлівых зьвестак пра палітычнае, сацыяльнае становішча Рэспублікі Беларусь, прававое становішча грамадзян, дзейнасьць дзяржаўных органаў». А таксама «ведаў загадзя і жадаў надыходу наступстваў у выглядзе прычыненьня істотнай шкоды дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам, дзейнічаў наўмысна, мэтанакіравана з матываў палітычнай і ідэалягічнай варожасьці». Тамсама можна пабачыць і іншыя «злачынствы»:
- апублікаваў камэнтар аб спачуваньні родным і блізкім Андрэя Зельцара, які 28 верасьня 2021 году застрэліў супрацоўніка КДБ Федасюка Дзьмітрыя і быў зьліквідаваны агнём у адказ;
- меў агульнадаступную інфармацыю пра абставіны мерапрыемстваў, якія праводзілі супрацоўнікі КДБ, якія ўказваюць на правамернасьць іхных дзеяньняў;
- дэманстраваў неабмежаванаму колу асоб заведама хлусьлівыя зьвесткі пра адабрэньне і гераізацыю Андрэя Зельцара і зробленага ім злачынства, таксама асуджаў дзеяньні супрацоўнікаў КДБ, паказваючы іх як неправамерныя, для падрыву аўтарытэту КДБ, дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь;
- камэнтар меў сацыяльна-псыхалягічную накіраванасьць, зьвязаную з фармаваньнем станоўчага вобразу Зельцара і нэгатыўнага стаўленьня да супрацоўнікаў КДБ, значыць, распаўсюджваў хлусьлівыя зьвесткі пра палітычнае, сацыяльнае становішча Рэспублікі Беларусь, прававое становішча грамадзян;
- сказіў прававыя падставы дзейнасьці органаў КДБ, «неабгрунтавана прафанаваў» прынцыпы законнасьці, павагі, якімі кіруюцца ў сваёй дзейнасьці супрацоўнікі КДБ;
- зрабіў нікчэмнымі (у арыгінале «предал ничтожности». — Рэд.) каштоўнасьці і мэты грамадзтва і дзяржавы ў забесьпячэньні правоў і свабод грамадзян.
Такім чынам, вырашылі сьледчыя, Міронаў «зьдзейсьніў злачынства» і «дыскрэдытаваў Рэспубліку Беларусь», за што і атрымаў паўтара года зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валянтэра з Гомля Міронава асудзілі і адпусьцілі, бо ён адседзеў свой тэрмін ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «27 чалавек аб’ядналі ў групу, праводзяць экспэртызы». Што цяпер зь беларусамі, затрыманымі за камэнтары па «справе Зельцара»