«Напярэдадні Дзядоў, Дня памяці продкаў, паводле даўняй традыцыі дыпляматы краін Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі і Швайцарыі наведалі Курапаты, каб ушанаваць памяць пра незьлічоныя жыцьці і таленты, зьнішчаныя пошасьцю таталітарызму», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні дыпляматычнай місіі Эўразьвязу ў Менску.
«Народны мэмарыял Курапаты — сьведка нястомнай працы многіх адважных беларусаў, што ў любое ліхалецьце дбалі пра абарону годнасьці ахвяраў і нацыянальнай гістарычнай памяці. Маем надзею і молімся, каб урокі гісторыі былі засвоеныя», — напісалі дыпляматы.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году карнікі НКВД расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты — выбітных дзеячоў культуры, мастацтва і навукі, а таксама грамадзкіх дзеячоў. Праўдападобна, яны пахаваныя ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам.
У апошнія гады ва ўрочышчы традыцыйна ладзілі акцыю памяці «Ноч расстраляных паэтаў», аднак сёлета і летась ва ўмовах рэпрэсіяў з боку ўладаў яе не было.
Пры гэтым акцыі ўшанаваньня праходзяць па ўсім сьвеце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля Курапатаў будуюць новы жылы комплекс