Якой Пуцін бачыць будову сьвету і месца ў ім Расеі? З улікам пошуку Крамлём саюзьнікаў ці трэба яму, каб беларуская армія ваявала ва Ўкраіне? Ці вынікае з заяваў Пуціна, зробленых на Валдайскім форуме, што Расея не зьбіраецца ўжываць ядзерную зброю (прынамсі, пакуль)?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту, экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS Аляксандар Марозаў.
Марозаў
Якой Пуцін бачыць будову сьвету?
- Канструкцыя будовы сьвету, якую выкладае Пуцін, знаходзіцца за межамі сусьветнай палітыкі, незалежна ад таго, да якога лягера належаць тыя ці іншыя гульцы.
- Пуцін у сваёй прамове выклаў вельмі архаічнае і дзіўнае бачаньне рэальнасьці. Гэта як у астраноміі абапірацца на дакапэрнікаўскую сыстэму.
- Тэмы яго прамовы ўзятыя са слоўніка левых і правых маргіналаў Эўропы апошніх 30 гадоў.
- Пуцін гаворыць пра канец аднапалярнага сьвету. Але, з аднаго боку, сама канцэпцыя полюсаў цяпер збольшага выйшла з ужытку; а па-другое, цяпер калі і гавораць пра полюсы, дык пра два — гэта ЗША і Кітай.
- Ядро гэтай прамовы — антызаходніцтва. Я мяркую, што гэтую прамову пісалі людзі, блізкія да Зіноўеўскага клюбу, у якім сканцэнтраваныя змрочныя антыглябалісты.
- Раней на Валдайскі форум прыяжджалі выбітныя і вельмі вядомыя эўрапейскія і амэрыканскія палітыкі і экспэрты. Гэтым разам на форуме прысутнічалі прадстаўнікі таго, што ў Крамлі называюць «глябальным Поўднем».
- І Пуцін у сваёй прамове гаварыў пра пошук саюзьнікаў на гэтым «глябальным Поўдні». І ён даваў зразумець прадстаўленым там Індыі, Пакістану, краінам Магрыбу, Афрыцы, што ён выступае супраць «глябальнай Поўначы».
- Але ў цяперашняй сытуацыі «глябальны Поўдзень» за Пуціным ня пойдзе. Яго дарадцы спрабуюць сфармаваць для яго ролю лідэра глябальнага антыглябалізму. Расея пад заходнімі санкцыямі, большасьць краінаў сьвету асуджае расейскія паводзіны ў Украіне. І саюзьнікаў даводзіцца шукаць хоць у Гвінэі ці Тунісе.
- Мне здаецца, што Крэмль зараз ня надта чакае павароту эўрапейскай палітыкі ў свой бок. Гэтым разам Пуцін нічога не казаў пра Вугоршчыну, якая можа разглядацца як слабое зьвяно ЭЗ.
- Зьмены ва ўнутранай палітыцы Італіі, магчымыя — у ЗША, — мяркуючы па ўсім, крамлёўскія аналітыкі не спадзяюцца, што вынікам гэтага стане аслабленьне, зьмякчэньне пазыцый Захаду.
- Пазыцыя Захаду можа зьмяніцца ў выпадку адхіленьня ад улады Пуціна людзьмі ў Крамлі. Калі яго заменяць нават на «Пуціна № 2», зь ім магчымы дыялёг.
Лукашэнка для Пуціна: саюзьнік ці «гарматнае мяса»
- Для Пуціна Лукашэнка ў пэўным сэнсе саюзьнік. Магчыма, Пуцін ставіцца да яго з іроніяй. Але Беларусь застаецца важным элемэнтам пляну імпартазамяшчэньня. І гэта для Крамля ня менш важна, чым кантакты з Арабскімі Эміратамі і Турэччынай. Беларусь робіць гэта не ў такім аб’ёме, але яна гэта робіць.
- Падпісана вялікая праграма імпартазамяшчэньня, пад яе Лукашэнка атрымаў 1,5 мільярда даляраў.
- Зараз Беларусь важная для Крамля як трэніровачная база. Беларусь пастаўляе Расеі нават экіпіроўку і амуніцыю для арміі.
- Так што ёсьць шмат матываў, якія робяць Лукашэнку зручным саюзьнікам. Да таго ж ягоная рыторыка вельмі падабаецца Пуціну.
- Лукашэнка кажа тое самае, што і Пуцін: калі мы ня будзем ваяваць, на нас нападзе NATO ці Ўкраіна. Моладзь гэта называе касплеем. Маўляў, мы не зьбіраемся ні на кога нападаць, мы толькі рыхтуемся да адпору польскай ці ўкраінскай агрэсіі. Больш ніхто з саюзьнікаў РФ з такой рыторыкай не выступае.
- Выкарыстаньне Беларусі ў якасьці пляцоўкі для запуску расейскіх ракет захаваецца.
- Тым ня менш, з пункту гледжаньня Дзярждэпартамэнту і МЗС некаторых краінаў ЭЗ, Лукашэнка пакуль устрымліваецца ад поўнамаштабнага ўдзелу ў вайне, ад удзелу ў ёй беларускай арміі.
- Так што для Пуціна ў Беларусі пакуль усё зручна. Лукашэнка пакуль лявіруе даволі ўпэўнена.
- А вось што будзе праз 2–3 месяцы — гэта невядома. Гэтая хваля мабілізацыі скончыцца чарговай няўдачай Расеі ва Ўкраіне. Вось тады Беларусь можа быць задзейнічаная для ўдару па Ўкраіне з поўначы.
Ці ўжыве Пуцін ядзерную зброю?
- Я мяркую, што насамрэч Крэмль і не зьбіраўся выкарыстоўваць ядзерную зброю. Прапагандысцкія заявы пра магчымасьць удараў па Ўкраіне тактычнай ядзернай зброяй — гэта элемэнт мэдыя-барацьбы.
- Але тэма ўжываньня ядзернай зброі ўвайшла зараз у сусьветны парадак дня. Для такіх краінаў, як, скажам, Аргентына ці Аўстралія, вайна Расеі з Ўкраінай — гэта рэгіянальная вайна. І для іх шок, што ў сувязі з гэтай рэгіянальнай вайной вядуцца размовы аб ужываньні ядзернай зброі.
- Ніхто ня ведае, якую пагрозу бясьпецы РФ у Крамлі палічаць «пагрозай існаваньню Расеі як дзяржавы». Паводле расейскай ядзернай дактрыны, гэта, як і прамы ядзерны напад на РФ, — падстава для ўжываньня Расеяй ядзернай зброі.
- Маглі палічыць, што далучэньне да NATO Фінляндыі і Швэцыі — гэта ўжо экзыстэнцыйная пагроза для Расеі. Або як такая пагроза маглі разглядацца ўдары па інфраструктуры Белгарадзкай і Варонескай вобласьцяў. Крэмль гэтага ня робіць. Але ён заходзіць усё глыбей у цёмны лес вайны.
- Баявыя дзеяньні ўжо пашыраюцца ня толькі на Крым, але і на тэрыторыі, чыя прыналежнасьць РФ нікім не аспрэчваецца. Яшчэ год таму гэта немагчыма было сабе ўявіць. Зь Белгараду эвакуююць цывільнае насельніцтва.
- Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі Расеі размылася. Што разглядаецца як пагроза існаваньню Расеі, а што не? І гэта даволі небясьпечна.
- ЗША і NATO ўжо заявілі, што калі Расея першай ужыве ядзерную зброю, то яны (прынамсі напачатку) адкажуць канвэнцыйнай зброяй, каб не прыйсьці да Трэцяй сусьветнай вайны.
- Пакуль незразумела, што будзе далей. Дапусьцім, Расея ўжыла ядзерную зброю, Захад адказаў канвэнцыйнай зброяй. І што далей?
- Я лічу, што зараз Пуцін ня зможа ніякім ядзерным шантажом запалохаць Захад, разбурыць кансэнсус, паводле якога Пуцін павінен пацярпець у нейкай форме паразу. Гэта не абавязкова такая катастрафічная параза, як у Другой сусьветнай вайне. Але альтэрнатыва паразе Пуціна — гэта будзе, як адзначыў Енс Столтэнбэрг, параза ўсёй цывілізацыі.
- Я мяркую, што разьлік Захаду — на тое, што расейская палітычная эліта адхіліць Пуціна ад улады, як Хрушчова. Таму на форуме, адказваючы на пытаньне Фёдара Лукʼянава, Пуцін з усьмешкай адказаў: «Не, я не падобны да Хрушчова». Ён меў на ўвазе ня толькі 1962 год — Карыбскі крызіс, але і 1964 год — адхіленьне Хрушчова ад улады.
«Анэксія тэрыторый — падарожжа глыбей у цёмны лес вайны»
- Тое, што Пуцін вырашыў далучыць да РФ захопленыя тэрыторыі Ўкраіны, азначае, што мэта для Крамля — разбурэньне Ўкраіны. У выніку Пуцін хоча атрымаць сытуацыю, у якой Украіна будзе дэмантаваная як дзяржава. Гэта ў яго не атрымліваецца.
- Пасьля анэксіі ён павінен рушыць далей, да гэтага дэмантажу, у яго няма іншага выйсьця, якое б не было паразай. Нават пры спыненьні ваенных дзеяньняў ніякія перамовы зараз немагчымыя.
- Наперадзе змрочны, кепскі сцэнар, зь якога ёсьць толькі адно разумнае выйсьце — гэта параза Крамля.