З прадпрымальнікамі сустрэўся старшыня Баранавіцкага гарвыканкаму Міхаіл Бацэнка, заявы якога і скаргі прадпрымальнікаў цытуе мясцовая газэта «Наш край».
«У чым справа? Чаму вы не выйшлі на працу? — спытаў у прадпрымальнікаў Міхаіл Бацэнка. — 713-й пастановы ўраду ніхто не адменіць, яе можна толькі падкарэктаваць, як гэта цяпер робіць у рэжыме рэальнага часу МАРГ».
«У нас узьнікла вельмі шмат пытаньняў аб цэнаўтварэньні, на якія мы ні ў кога не маглі знайсьці адказаў, — уступіла ў размову індывідуальная прадпрымальніца з рынку «Палескага» Любоў Шырокава. — Накладныя на тавар, якія ў нас ёсьць, мякка кажучы, не зусім карэктныя. Нават пры закупцы тавару на тэрыторыі Беларусі аптавікі імкнуцца ў гэтых накладных цану занізіць, ня кажучы ўжо пра закупкі ў Маскве.
Акрамя таго, частку тавара мы закупляем за наяўныя грошы. Вось і выходзіць, што нават калі я накручу на свой тавар 60%, не вярну тых грошай, якія выдаткавала на закуп. Таму і ня выйшлі на працу, каб не застацца ў стратах ды не панесьці адказнасьці за парушэньне заканадаўства аб цэнаўтварэньні».
« Як раз сёньня вы парушылі заканадаўства, якое не дапускае збою устаноўленага рэжыму працы гандлёвага аб’екта, — заявіў Бацэнка. — Давайце разьбірацца канкрэтна, чаму за тыя пяць дзён, што пастанова Саўміна давала на прывядзеньне цэнаў у адпаведнасьць, вялікія крамы змаглі гэта зрабіць і працаваць далей, а вы — не?»
«Вы не прыраўноўвайце нас, дробных іпэшнікаў, да вялікіх гандлёвых сетак, — выказаў свой пункт гледжаньня Уладзімір Якубец, які прадстаўляе цэнтральны рынак. — Я гандлюю на маленькай плошчы, выдаткі вялікія, а пакупнікі на рынку бываюць толькі па выходных днях. Ды і тыя прыяжджаюць з раёнаў».
«А вы палічылі выдаткі буйной гандлёвай сеткі? Вашы выдаткі і выдаткі гандлёвых сетак несупастаўныя. Чым бярэ краму? Абаротам. 713-я пастанова — гэта аксіёма, яна не будзе адменена, прыпынена, у яе могуць уносіцца толькі зьмяненьні з улікам правапрымяняльнай практыкі. Чаму працаваў рынак «Аляксееўскі»?»
«Таму што там адзеньнем і абуткам гандлююць мала, у асноўным прадаюць іншыя тавары», — патлумачыла індывідуальная прадпрымальніца з цэнтральнага рынку.
«Мы пагаварылі зь людзьмі, папрасілі патрываць, магчыма, у дакумэнт будуць уносіцца карэкціроўкі. Урэшце, за 5-10 дзён, месяц ніхто з голаду не памрэ, — казала дырэктарка рынку «Аляксееўскі» Алена Цярэнцьева. — Вось і сёньня ўжо растлумачана, як, напрыклад, быць з рэшткамі».
«Так, рэшткамі можна гандляваць па ранейшай цане, не пераацэньваючы тавар, а новае паступленьне ўжо прыводзіць у адпаведнасьць з заканадаўствам, робячы гандлёвую надбаўку ня больш за 55%. Хто дыктуе закон рынку? Пакупнік. Вашыя пастаўшчыкі ўсё роўна прыйдуць да таго, што пачнуць выпісваць накладныя ў адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам. Таму шукайце пастаўшчыкоў, якія пакажуць у накладных сапраўдную цану тавару. Цяпер для вас самае галоўнае — атрымаць легітымны дакумэнт на тавар. А якія надбаўкі, па-вашаму, павінны быць, каб не гандляваць на страту?»
«У кожнага свае, — пачуўся адказ. — Мы ня можам зараз вам гэтага сказаць. Нам трэба ўсё палічыць».
«Я вас пачуў, — сказаў старшыня гарвыканкама. — Але, паўтараю, усе працуем у рамках 713-й пастановы. Не ў маіх сілах яе адмяніць... А заўтра выходзьце на працу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ІП у Баранавічах і Горадні закрылі гандлёвыя пункты праз палітыку цэнаўтварэньня; падобныя зьвесткі ёсьць і зь іншых гарадоўУ Баранавічах 27 кастрычніка па ўсім горадзе закрыліся гандлёвыя павільёны прадстаўнікоў прадпрымальніцтва. Пра гэта паведаміла ў сваім тэлеграм-канале дзяржаўная раённая газэта «Наш край» і незалежнае мясцовае выданьне «Інтэкс-прэс».
Паводле выданьняў, прадпрымальнікі абвясьцілі, што ставяць сваю дзейнасьць на паўзу да таго часу, пакуль не атрымаюць дакладнага тлумачэньня, як далей прымяняць мэханізм цэнаўтварэньня.
Тэлеграм-канал «Посмотри, брехня?» пісаў пра тое, што страйкі ІП былі таксама ў Магілёве і Лідзе.
Зыходзячы з сабраных дадзеных, атрымліваецца, што учора ў знак пратэсту супраць рэгуляваньня цэнаў не адкрылі свае крамы прадпрымальнікі мінімум у 13 гарадах краіны: Менску, Гомлі, Віцебску, Берасьці, Магілёве, Горадні, Лідзе, Баранавічах, Маладэчне, Кобрыні, Койданаве, Смаргонях і Пінску, піша блогер Антон Матолька.
Праз час тэлеграм-канал motolko_help з спасылкай на свае крыніцы паведаміў, што пасьля пачатку страйку ў адным з ГЦ Гомля адбыўся сход, на які прыйшоў прадстаўнік раёну і прыгразіў штрафамі тым індывідуальным прадпрымальнікам, якія не адкрыліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАРГ: Цэны на рэшткі тавараў трэба прывесьці ў адпаведнасьць з новымі патрабаваньнямі да 26 кастрычніка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэгуляваньне цэнаў спыніла ня толькі ІП, але і інтэрнэт-крамы