Амбудсмэн Расеі ўсынавіла выкрадзенага з Марыюпалю хлопчыка, ва Ўкраіне супраць яе хочуць завесьці крымінальную справу

Надпіс «Дзеці» ля разбуранага расейскай бомбай тэатру ў Марыюпалі, дзе загінула шмат цывільных, 10 красавіка 2022

Упаўнаважаная пры прэзыдэнце Расеі па правах дзяцей Марыя Львова-Бялова ўсынавіла выкрадзенага ў Марыюпалі расейскімі войскамі ўкраінскага хлопчыка.

Пасьля яе публічнай заявы аб гэтым Міністэрства замежных спраў Украіны зьвярнулася да праваахоўных органаў Украіны з ініцыятывай завесьці супраць яе крымінальную справу паводле парушэньня нацыянальнага і міжнароднага гуманітарнага права.

«Расейская ўпаўнаважаная таксама прызналася ў спрыяньні незаконнаму ўсынаўленьню ў Расеі яшчэ каля 350 дзяцей з захопленых рэгіёнаў Данбасу», — адзначаецца ў заяве МЗС Украіны.

Зьнешнепалітычнае ведамства Ўкраіны падкрэсьліла, што гэтыя дзеяньні становяць парушэньне ўкраінскага заканадаўства, Канвэнцыі ААН аб правах дзіцяці ад 1989 году, а таксама Жэнэўскай канвэнцыі аб абароне цывільнага насельніцтва ў часе вайны ад 1949 году, якая прадугледжвае абавязаньні дзяржавы-акупанткі не мяняць грамадзянскага статусу дзяцей.

«Заклікаем міжнародную супольнасьць рашуча асудзіць злачынствы Расеі і яе адказных уладных асобаў супраць дзяцей на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях», — гаворыцца ў заяве МЗС Украіны.

Украінскія дыпляматы заявілі, што будуць рабіць усё магчымае, каб Расея вярнула бацькам і законным апекунам украінскіх дзяцей, незаконна вывезеных і ўсыноўленых на расейскай тэрыторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне расьсьледуюць 43 крымінальныя справы аб сэксуальных злачынствах расейскіх вайскоўцаў супраць мірных грамадзян

Расея пасьля акупацыі некаторых раёнаў Харкаўскай, Херсонскай, Запароскай і Данецкай абласьцей пачала масава вывозіць дзяцей на сваю тэрыторыю пад выглядам неабходнасьці іх аздараўленьня. Факты незаконнага вывазу дзяцей без бацькоў мелі месца на ўсіх акупаваных расейскімі войскамі тэрыторыях.

Марыя Львова-Бялова паведаміла, што ў Расею апошнім часам вывезьлі да 2 тысяч дзяцей-сірот з сацыяльных устаноў Украіны, а 350 дзяцей з Данбасу ўжо знайшлі сабе сем’і ў 16 рэгіёнах Расеі. Яна дадала, што яшчэ тысячу ўкраінскіх дзяцей плянуецца ўсынавіць найбліжэйшым часам.

Паводле ўкраінскіх уладаў, Расея нібыта на аздараўленьне вывезла з Украіны 4600 дзяцей. Зь іх удалося вярнуць пакуль што толькі 90.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.