СБУ: тэракт у Аленаўцы ўчынілі расейцы з рэактыўных агнямётаў «Чмель», тады загінулі 50 украінскіх палонных

Ілюстрацыйнае фота

Выканаўца абавязкаў кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Малюк заявіў, што падрыў бараку, дзе былі ўкраінскія палонныя вайскоўцы, у Аленаўцы Данецкай вобласьці ўчыніла Расея з выкарыстаньнем рэактыўных пяхотных агнямётаў «Чмель».

«Ня буду заглыбляцца ў дэталі, але, паводле апошніх зьвестак, там былі выкарыстаныя ў тым ліку так званыя „Чмялі“. Час пройдзе, расставім усе кропкі над „і“. Але ўжо даўно і для нас, і для міжнароднай супольнасьці зразумела, што гэта было», — сказаў Васіль Малюк у інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву «Інтэрфакс-Украіна».

Паводле яго, праваахоўныя органы Ўкраіны яшчэ вядуць дасудовае расьсьледаваньне факту гібелі ня менш як 50 украінскіх вайскоўцаў ад выбуху ў бараку ў Аленаўцы Данецкай вобласьці 29 ліпеня.

«Маем сур’ёзныя доказы, у тым ліку атрыманыя негалосна. Шэраг „азоўцаў“, якія вярнуліся [з палону], таксама даюць важныя паказаньні. Увогуле ў Аленаўцы было страшнае стаўленьне да нашых палонных — менавіта там ворагі жорстка зьдзекаваліся з нашых байцоў, парушаючы ўсе дамоўленасьці», — падкрэсьліў кіраўнік СБУ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН накіруе місію для расьсьледаваньня гібелі ўкраінскіх ваеннапалонных у калёніі ў Аленаўцы

У ноч на 29 ліпеня адзін з баракаў выпраўленчай калёніі ў паселішчы Аленаўка на Данеччыне быў зруйнаваны выбухам. Загінулі ня менш як 50 украінскіх палонных вайскоўцаў.

Улады Ўкраіны заявілі, што Расея арганізавала масавае забойства ўкраінскіх палонных, каб абвінаваціць у гэтым украінскае войска, дыскрэдытаваць яго і зьменшыць замежную вайсковую дапамогу Ўкраіне.

Праваахоўныя органы Ўкраіны не выключалі, што прычынай выбуху магла стаць тэрмабарычная зброя, а Расея заявіла, што гэтую турму абстраляла Ўкраіна з амэрыканскіх установак HIMARS.

Агнямёт «Чмель» (тэрмабарычную рэактыўную гранату) выпускалі ў Расеі ў савецкія часы, ён аднаразовага выкарыстаньня. Гэтыя агнямёты актыўна выкарыстоўвалі ў Афганістане.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея і Ўкраіна правялі чарговы абмен палоннымі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Устаўлялі іголкі ў раны, абмяжоўвалі ў вадзе, пагражалі расстрэлам». Вызваленыя з расейскага палону ўкраінцы расказалі пра катаваньні

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.