Дырэктара кіроўнай кампаніі гандлёвай сеткі «Суседзі» ўзялі пад варту за рост цэнаў

Ілюстрацыйнае фота

Супраць дырэктара кіроўнай кампаніі гандлёвай сеткі «Суседзі» завялі крымінальную справу аб бязьдзейнасьці службовай асобы (ч. 2 арт. 425 КК).

Як паведамляе пракуратура Менску, прадпрымальніка ўзялі пад варту, ідуць неадкладныя сьледчыя ды іншыя працэсуальныя дзеяньні.

У ведамстве адзначылі, што дырэктар кіроўнай арганізацыі трох суб’ектаў гаспадараньня не прыняў належных і своечасовых захадаў для недапушчэньня неабгрунтаванага росту цэнаў, што прывяло да пераацэнкі цаны тавараў у 100 крамах сеткі і росту раздробных цэнаў на ня менш як 65 пазыцыяў асартымэнту.

Павышэньне цэнаў прычыніла істотную шкоду правам і законным інтарэсам ня менш за 1000 пакупнікоў, дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам, заявілі ў пракуратуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Суседзі», «Прыёрбанк», «Нардзін»: У якія бізнэсы прыйшлі беларускія сілавікі і што цяпер з самімі бізнэсоўцамі

Пра затрыманьне кіраўніцтва гандлёвай сеткі «Суседзі» стала вядома 22 кастрычніка. Таксама затрымалі аднаго з асноўных бэнэфіцыяраў Вадзіма Аванесава.

Гандлёвая сетка «Суседзі», якая аб’ядноўвае 180 крамаў, належыць кампаніі «Лібрэцік», якая працуе ў Беларусі больш за 20 гадоў. Летась у кампаніі працавалі больш за 5 тысяч чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУБАЗіК затрымаў некалькіх супрацоўнікаў турфірмы «АэраБелСэрвіс»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: Затрымалі кіраўніцтва гандлёвай сеткі «Суседзі»