— «З чаго пачаць?.. Пачну з Радзімы», — напісаў некалі Анатоль Сыс. А мы дазволім сабе пачаць з вашага імя — Цімафей. У пашпарце яно, пэўна, так. Але ж гледзячы на ваша аблічча, такое тыповае для заходнебеларускага шляхцюка, неяк само просіцца на язык і адпаведнае імя — Цімох? Чаму не?
— Усе сябры завуць мяне Цімохам. Але ў нейкі момант я зразумеў, што няправільна будзе «хаваць» поўнае імя. Форма Цімафей мае адбітак у нашай гісторыі, што добра бачна па старых дакумэнтах (попісах войска, напрыклад). Зрэшты, я не цураюся і ўсходняга/праваслаўнага бэкграўнду гэтай формы, хоць сам па бацьках, сапраўды, заходнік. Такі ў нас лёс — стаяць дзьвюма нагамі ў розных традыцыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я хачу дадому». У Варшаве праходзіць выстава, дзе можна пачуць гукі Менску і паплакаць у адмысловым пакоі— «Сумнеўная доля эмігранта дагнала і мяне», — напісалі вы ў Фэйсбуку, анансуючы чарговы выпуск сваёй аўтарскай праграмы «Вусы Скарыны» на Белсаце. Раскажыце коратка, як яна вас даганяла, тая эмігранцкая доля?
— Крыху больш за год таму зразумеў, што кола рандомных пасадак знаёмых і сяброў паціху заціскаецца вакол мяне. Вырашыў не чакаць, покуль пагрукаюць.
Зрэшты, гэтай матывацыі, можа, і не хапіла б, бо ніколі не ўяўляў, што змагу надоўга зьехаць зь Беларусі. Але ў нейкі момант зразумеў, што не магу ўжо ў Беларусі рабіць нічога карыснага. Галава заўсёды была занятая зусім іншымі праблемамі. А за мяжой нешта змагу. Таму і паехаў. Ці меў я рацыю наконт карысьці, пакажа час.
— Але калі глядзіш на вашы справы, чытаеш пра іх, складаецца ўражаньне, што вы ехалі ў Варшаву ўжо з поўнай торбай ідэй і плянаў, што там будзеце рабіць. Ці так гэта?
— Менавіта так, меў набор ідэй і думак. Ладная частка іх усё яшчэ ляжаць «на паперы». Але некаторыя сапраўды паступова рэалізую.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэй Янушкевіч аднавіў сваю выдавецкую дзейнасьць у Варшаве, шукае партнэраў— «Вольная мова». «Магістраты культуры». «Вусы Скарыны». Гэта ўсё вашыя пасьпяховыя праекты. А нядаўна яшчэ і «Кніганошы» анансавалі. Як, што і з чаго паўстае?
— Усе пляны паўстаюць з разуменьня, што ў 2020 годзе беларусы аб’явіліся як нацыя. Нас цяпер шмат. «Нас» — маецца на ўвазе грамадзян, якія гатовыя ўкладацца ў беларускую справу на розных узроўнях. Такой маштабнай супольнасьці ў нас яшчэ не было. Бо раней разам з веданьнем пра тое, што беларусаў 10 мільёнаў, ішло падазрэньне, што грамадзян усяго некалькі дзясяткаў тысяч. Цяпер мы бачым, што нас значна больш.
А гэта значыць, што нават культурніцкія праекты можна рабіць больш «агрэсіўна», па сучасных правілах пабудовы маркетынгавых кампаній, абапіраючыся на зразумелыя «болі» вялікай колькасьці людзей.
«Вольная Мова», напрыклад, — гэта адказ на запыт ад рускамоўных беларусаў, якія прасілі нейкую прастору для моўных трэніровак. Праект гэты разьвіваецца паволі, але мы хочам па выніку зрабіць зразумелы і эфэктыўны інструмэнт для беларусаў, якія ўжо хочуць гаварыць па-беларуску, але ня ведаюць, як і з кім.
«Беларускія Магістраты» — гэта спроба аб’яднаць людзей да супольнага інвэставаньня ў пэрспэктыўныя беларускія праекты. Я перакананы, што супольнае інвэставаньне — гэта магутны інструмэнт разьвіцьця Беларусі. Значна больш эфэктыўны, чым індывідуальныя данаты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «90% палітэмігрантаў ня вернуцца ў Беларусь». Вялікая размова з Канстанцінам Каверыным— За мяжой вам удаецца ня толькі захаваць сябе ў прафэсіі такога, можна сказаць, гісторыка-практыка, але пры гэтым яшчэ і не спыняцца, а прыдумляць нешта новае і новае. Як тыя «Вусы Скарыны». Вось жа якая файная атрымліваецца праграма. Як вас на ўсё хапае? Здаецца, што дома ў Менску вы рабілі крыху менш. Ці нечага мы ня ведаем пра тое?
— Перадача «Вусы Скарыны» — гэта шчасьлівае супадзеньне абставінаў, калі сабралася каманда і прыдумала такі крыху незвычайны праект. Я вельмі рады, што атрымалася яго запусьціць. У нас гісторыю часьцей уяўляюць як месца бітвы розных ідэалёгій, а мы спрабуем зрабіць гісторыю месцам, дзе можна паразважаць, паазірацца і часам усьміхнуцца.
Але агулам часу на ўсё ўжо не хапае. Ідэй яшчэ процьма, а часавы рэсурс ужо скончыўся. Зрэшты, усе, хто застаўся ў беларускай справе пасьля ад’езду, думаю, адчуваюць тое ж.
У спакойнай сытуацыі падманна мірнай Беларусі да 2020-га мы займаліся рознымі справамі, істотнымі для нейкага вузкага сэгмэнту грамадзкага сэктару ці істотнымі для нас асабіста.
Цяпер жа час іншы. Усё рухаецца імкліва, і ў нас няма магчымасьці, ці, лепей сказаць, няма права яго губляць. Усю Беларусь як сыстэму трэба будаваць амаль што з нуля.
— Даводзілася неаднаразова чуць ад слыннага Аляксандра Надсана, апостальскага візытатара для беларусаў-каталікоў замежжа, што, маўляў, Беларусь мы вам за мяжой не пабудуем. Можам толькі дапамагчы. У вас няма адчуваньня, што ягоны шматгадовы досьвед жыцьця і працы па-за межамі радзімы даў яму падставы для такой высновы? І што ўсё, што сёньня робіцца за мяжой для Беларусі, немагчыма будзе перанесьці на радзіму, калі надыдзе час вяртаньня?
— Дык будаваць Беларусь за мяжой, падаецца, ніхто і не плянуе. Беларусь мусіць быць у Беларусі. І ў той жа час Беларусь мусіць быць па ўсім сьвеце. І гэта не мэсіянства нейкае, а патрабаваньне нашага часу да любой нацыі, якая хоча разьвівацца.
Страх згубіцца ў эміграцыі мае зразумелыя карані ў ХХ стагодзьдзі. Але мы маем цяпер іншыя ўмовы і абставіны. Беларусаў за мяжой значна больш, яны маюць навык самаарганізацыі. Ну, і сучасныя тэхналёгіі моцна мяняюць лёгіку «эмігранцкага быцьця».
Усё самае важнае, відавочна, адбываецца і будзе адбывацца ў Беларусі, але падрыхтоўка да будучых выклікаў вядзецца зь вялікай апорай на беларускія арганізацыі за мяжой.
Ці будзе нагода пераносіць нешта з-за мяжы ў Беларусь, залежыць ад таго, ці будзе нешта напраўду патрэбнае і ўнікальнае створана за мяжой.
Зрэшты, калі ўлічваць, што ладная частка ўсіх праектаў робіцца цяпер у інтэрнэце, то і пераносіць нічога ня трэба будзе. Яны ўжо цяпер працуюць на Беларусь.