Як Казахстан спрабуе балянсаваць паміж ЭЗ і Расеяй

Астана

Старшыня Эўрапейскай рады Шарль Мішэль наведае Казахстан. Двума тыднямі раней там ужо пабываў прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін. Ці зможа Астана зблізіцца з Эўропай, не раззлаваўшы пры гэтым Маскву?

Пра гэта расказвае DW.

«ЭЗ гатовы паглыбляць сувязі з Цэнтральнай Азіяй і падтрымліваць рэгіянальнае супрацоўніцтва», — напісаў у Twitter кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль, паведамляючы пра свой маючы адбыцца 27 кастрычніка візыт у Казахстан і наступную паездку ва Ўзбэкістан. Але як канкрэтна будзе выглядаць гэтае супрацоўніцтва і якія будуць яго наступствы — перш за ўсё для Казахстану?

Зварот Такаева да Пуціна

Агрэсія Расеі супраць Украіны абвастрыла пытаньне аб прыярытэтах зьнешняй палітыкі Астаны. Казахстан устрымаўся падчас абодвух галасаваньняў па рэзалюцыях Генэральнай Асамблеі ААН, якія асуджаюць Маскву за ўварваньне і спробу анэксіі ўкраінскіх тэрыторый.

Але гэта не было «маўчаньнем», заявіў DW намесьнік міністра замежных спраў Казахстану Раман Васіленка. Ён кажа, што няўдзел у абодвух галасаваньнях і шматлікія заявы прэзыдэнта краіны Касыма-Жамарта Такаева, якія выказваюць прыхільнасьць міжнародным нормам, зьяўляюцца «вельмі прынцыповай і вельмі дакладнай» пазыцыяй: «Мы выступаем за выкананьне статуту ААН і за тэрытарыяльную цэласнасьць дзяржаў».

Такаеў асабіста зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна на Пецярбурскім міжнародным эканамічным форуме ў чэрвені, назваўшы «ЛНР» і «ДНР» «квазідзяржаўнымі тэрыторыямі» і заявіўшы, што Казахстан не прызнае іх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Задача была паказаць Такаева як самастойнага і сьмелага палітыка». У Казахстане лічаць заявы прэзыдэнта дамоўленымі з Масквой

У верасьні Такаеў заявіў, што больш за 100 тысяч расейскіх прызыўнікоў, якія ўцяклі ў Казахстан ад мабілізацыі ў РФ, былі, па вялікім рахунку, «вымушаныя зьехаць з прычыны безнадзейнай сытуацыі. Мы павінны паклапаціцца пра іх і гарантаваць іх бясьпеку».

«Гэты канфлікт выклікаў вельмі вялікае гора ў нашым грамадзтве. У Казахстане ён нікога не пакінуў абыякавым, таму што ў нас добрыя адносіны і з Расеяй, і з Украінай», — растлумачыў Васіленка. Аднак, дадаў ён, «калі калі-небудзь і быў час наладзіць больш трывалыя сувязі паміж Казахстанам — і Цэнтральнай Азіяй у цэлым — і Эўропай, навесьці масты паміж намі і зблізіць нашы два рэгіёны, то гэты час прыйшоў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паміж Казахстанам і Расеяй узьнік дыпляматычны скандал на фоне расейскай вайны ва Ўкраіне

Капітал уцякае з Расеі ў Казахстан?

Дзясяткі замежных кампаній, якія базуюцца ў Расеі, ужо разглядаюць Казахстан як бясьпечную гавань для пераезду, і, паводле слоў Васіленкі, яшчэ сотні выказалі зацікаўленасьць у гэтым. «Гэта кампаніі, якія працуюць у сфэрах, якія не падпадаюць пад санкцыі і якія пакінулі Расею пасьля пачатку канфлікту на ўласнае жаданьне», — сказаў ён.

Васіленка кажа, што знаходжаньне ў Эўразійскім эканамічным саюзе, у які ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея, выгаднае для гэтых кампаній.

«Гэта дасьць магчымасьць ім працягваць работу ў рамках адзінага прававога поля, якое ахоплівае ня толькі Расею, але і Беларусь, і Кіргізстан, пры гэтым знаходзячыся ў краіне, якая мяжуе з Кітаем, з пэрспэктывай экспарту сваіх тавараў у Кітай», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расею пасьля 21 верасьня пакінулі каля 700 000 грамадзян

Астана імкнецца да дывэрсыфікацыі

На гэты момант Эўразьвяз застаецца найбуйнейшым гандлёвым партнэрам і інвэстарам у Казахстане. Аднак абодва бакі залежаць ад Расеі, паколькі большая частка экспартных тавараў з Казахстану паступае ў Эўропу праз РФ. Гэтую залежнасьць лёгка праілюстраваць наступнымі лічбамі: экспарт нафты і газу складае больш за 40% нацыянальнага даходу Казахстану, пры гэтым 80% гэтага экспарту перасякаюць Расею па нафтаправодзе Касьпійскага трубаправоднага кансорцыюму (КТК), найбуйнейшы акцыянэр якога — Масква.

«Мы захоўваем гэтыя экспартныя маршруты праз Расею, — адзначыў у інтэрвію DW Васіленка. — Але цяпер мы разумеем, што існуе неабходнасьць у дывэрсыфікацыі».

Ён кажа, што Казахстан і яго партнэры «вельмі ўважліва» вывучаюць іншыя маршруты, па якіх можна было б дастаўляць энэрганосьбіты ў Эўропу праз Азэрбайджан, Грузію і Турэччыну. Паводле яго слоў, гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца з старшынём Эўрапейскай рады Мішэлем падчас яго візыту ў Астану.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Казахстан дыстанцыюецца ад Расеі. У 10 прыкладах

Крэмль усё яшчэ трымае карты ў руках

Аднак цяпер Казахстан наўрад ці можа дазволіць сабе злаваць Маскву, кажа Тэмур Умараў, аналітык Фонду Карнэгі за міжнародны мір. Ён зазначае, што Астане ўжо прадэманстравалі, на што здольны Крэмль. «Расея пяць разоў спыняла працу трубаправоду з пачатку вайны, і гэта стварала праблемы для Казахстану, — растлумачыў ён. — Яны ня могуць пастаўляць нафту ў адпаведнасьці з кантрактамі, і ім даводзіцца плаціць мыта і скарачаць заплянаваныя даходы бюджэту».

«Ва ўсім эўразійскім рэгіёне Казахстан — свайго роду апошні прадказальны партнэр, бо Расея звар’яцела, Кітай замкнуты і ня вельмі хоча праяўляць гнуткасьць у адносінах з Эўропай, засяродзіўшыся на канфрантацыі з ЗША, — лічыць Умараў. — Іншыя краіны недастаткова вялікія, каб унесьці рэальныя зьмены ў рэгіянальную геапалітыку і стратэгію».

У сваю чаргу, Раман Васіленка кажа, што казахстанскі ўрад працуе над усім вышэйпералічаным і спадзяецца, што сьвет зразумее тое, што ён называе шматвэктарнай зьнешняй палітыкай Астаны. «Мы не прарасейскія, мы не пракітайскія, мы не празаходнія, — падкрэсьліў ён у інтэрвію DW. — Мы настроеныя па-праказаску».