Паводле зьвестак СМІ, Сабчак перасекла расейска-беларускую мяжу ў ноч на 26 кастрычніка, і ўжо зь Менску прыехала ў Літву. Сама Сабчак на момант публікацыі інфармацыю не камэнтавала.
Раніцай 26 красавіка ў доме Сабчак у элітным пасёлку ў Падмаскоўі пачаўся ператрус. Яго праводзілі сьледчыя Галоўнага ўпраўленьня МУС Расеі па Маскве ў суправаджэньні апэратыўнікаў і спэцназу.
Крыніца RT сьцьвярджае, што Ксенія Сабчак — падазраваная па крымінальнай справе, у рамках якой раней затрымалі яе камэрцыйнага дырэктара Кірыла Суханава, а таксама былога галоўнага рэдактара часопіса Tatler Арыяна Раманоўскага. Як паведамілі ТАСС у праваахоўных органах, Сабчак стала падазраванай па справе аб вымагальніцтве ў дзяржкарпарацыі «Растэх». Санкцыі артыкулу прадугледжваюць да 15 гадоў калёніі.
26 кастрычніка суд павінен арыштаваць Суханава і Раманоўскага. Сабчак назвала затрыманьне Суханава «нонсэнсам» і цкаваньнем СМІ.
Тэлевядоўца Ксенія Сабчак валодае мэдыяхолдынгам, у які ўваходзяць яе выданьне «Осторожно, новости» з паўтара мільёнамі падпісчыкаў у Telegram, Youtube-канал «Осторожно, Собчак» з трыма мільёнамі падпісчыкаў і студыя падкастаў.
Сабчак зь дзяцінства знаёмая з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, ён быў памочнікам яе бацькі, першага мэра постсавецкага Санкт-Пецярбургу Анатоля Сабчака. Яе маці — сэнатар ад Тувы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія СМІ не згадалі словы Пугачовай пра «гібель нашых хлопцаў за ілюзорныя мэты» ў навіне пра яе зварот да Мін'юсту