Кангрэсмэны адклікалі ліст да Байдэна аб перамовах з Расеяй

Джо Байдэн, 3 траўня 2022 году.

Ліст да амэрыканскага прэзыдэнта быў апублікаваны без праверкі, патлумачыла ініцыятар звароту Праміла Джаяпал.

Як інфармуе DW, група лібэральных кангрэсмэнаў-дэмакратаў на чале з Прамілай Джаяпал адклікала свой ліст на адрас прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна з заклікам пачаць з Расеяй прамыя перамовы, якія маглі б прывесці да спынення вайны ва Ўкраіне.

«Ліст быў складзены некалькі месяцаў таму, але, на жаль, быў апублікаваны супрацоўнікамі без праверкі. Як старшыня фракцыі я бяру на сябе адказнасць за гэта», — патлумачыла Джаяпал у пісьмовай заяве, распаўсюджанай у аўторак, 25 кастрычніка.

Паводле палітыка, гэты ліст некаторыя блытаюць зь нядаўняй заявай лідэра рэспубліканскай меншасьці ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Кэвіна Макарці, які пагражае спыненьнем дапамогі Ўкраіне ў выпадку прыходу рэспубліканцаў да ўлады.

«Блізкасьць гэтых заяў стварыла прыкрую бачнасьць таго, што дэмакраты, якія рашуча і аднагалосна падтрымалі і прагаласавалі за кожны пакет вайсковай, стратэгічнай і эканамічнай дапамогі ўкраінскаму народу, так ці інакш зьвязаныя з рэспубліканцамі, якія імкнуцца перакрыць амэрыканскую падтрымку для прэзыдэнта Зяленскага і ўкраінскіх сіл», — дадала кіраўніца групы лібэральных кангрэсмэнаў-дэмакратаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паплечнікі Байдэна па партыі ўпершыню заклікалі яго да перамоваў з Расеяй

У лісце, падпісаным 30 кангрэсменамі-дэмакратамі і накіраваным у Белы дом 24 кастрычніка, гаварылася, што разам з працягам вайсковай і фінансавай дапамогі Ўкраіне Байдэн павінен пачаць беспасярэднія перамовы з Расеяй, каб знайсьці «рэалістычныя рамачныя ўмовы для спыненьня агню», паколькі альтэрнатывай дыпляматычнаму рашэньню стане цяжкая вайна з катастрафічнымі і не пралічанымі рызыкамі.

Падпісанты звароту адзначалі, што рамачныя ўмовы павінны ўключаць шэраг стымулаў для спынення вайны, у тым ліку паслабленьне санкцый супраць Расеі і ўзгадненьне сумесна з сусьветнай супольнасьцю гарантый бясьпекі свабоднай і незалежнай Украіны, прымальнай у першую чаргу для саміх украінцаў.

Сутыкнуўшыся з крытыкай з боку аднапартыйцаў, некаторыя з тых, хто падпісаў ліст, дыстанцаваліся ад яго.

«Час у дыпляматыі — гэта ўсё. Я падпісала гэты ліст 30 чэрвеня, але з таго часу шмат што змянілася. Я б ня стала падпісваць яго сёньня», — напісала ў Twitter дэмакратка Сара Джэйкабс. — Мы павінны працягваць падтрымліваць Украіну ў эканамічных і вайсковых адносінах, каб даць ёй рычагі, неабходныя для спыненьня гэтай вайны».

Дзярждэп: І дэмакраты, і рэспубліканцы за працяг дапамогі Ўкраіне

Прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс заявіў, што як дэмакраты, так і рэспубліканцы падтрымліваюць працяг дапамогі Ўкраіне, і што, на яго думку, ліст не паставіць пад сумнеў падтрымку ЗША.

«У апошнія дні мы чулі ад дэмакратаў, мы чулі ад рэспубліканцаў, што яны разумеюць неабходнасць прадаўжаць падтрымліваць Украіну, адстойваць прынцыпы, якія тут адыгрываюць ролю», — сказаў ён на брыфінгу.

ЗША — адзін з галоўных саюзнікаў Украіны, які аказвае ёй шматмільярдную дапамогу, у тым ліку вайсковую. На фоне расейскай агрэсіі ва Ўкраіне Вашынгтон увёў супраць Расеі некалькі пакетаў санкцый.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.