Юрыстка адзначыла, што прыём заяў на атрыманьне гуманітарных візаў непасрэдна на тэрыторыі краіны пачаўся 22 верасьня ў візавых цэнтрах міжнароднай кампаніі VFS Global у Варшаве, Познані і Любліне.
Паводле Дабравольскай, зь першых дзён беларускія грамадзяне масава атрымліваюць адмову ў прыёме дакумэнтаў, хаця візавы цэнтар аказвае толькі пасярэдніцкія паслугі, а рашэньне аб выдачы візы павінна прымацца на ўзроўні Міністэрства замежных спраў.
Сярод прычын адмоў называецца недастатковая, на думку супрацоўнікаў цэнтру, колькасьць пустых старонак у пашпарце, а таксама няправільная трактоўка палажэньняў, якія аўтаматычна падаўжаюць нацыянальныя дакумэнты, у тым ліку візы, у рамках антыкрызіснага заканадаўства ў пэрыяд пандэміі каранавірусу і вызачанага цяпер у Польшчы рэжыму «пагрозы эпідэміі».
Яшчэ адна прычына — нібыта «нечытэльныя зьвесткі ў пашпарце».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Польшчы высылаюць шасьцёх беларусаў — яны нелегальна працавалі на беларускую фірмуАдмовы выносяцца ў вуснай форме і не афармляюцца дакумэнтальна, што пазбаўляе заяўнікаў магчымасьці абскардзіць рашэньні, канстатуюць у ЦБС.
Акрамя таго, адзначыла кіраўніца юрыдычнага цэнтру, які дзейнічае ў Варшаве, падчас маніторынгу дзейнасьці візавага цэнтру ў Варшаве адзначалася няведаньне ягонымі супрацоўнікамі польскай мовы, зафіксавана прапанова абслугоўваць і афармляць дакумэнты для грамадзян Беларусі на ўкраінскай мове.
Першапачаткова, у пэрыяд падрыхтоўкі нарматыўных актаў у частцы атрыманьня гуманітарных візаў непасрэдна на тэрыторыі краіны, анансавалася, што запытваць іх змогуць усе грамадзяне Беларусі. Прынятая ў выніку пастанова МУС Польшчы вызначыла, што такое права ёсьць толькі ў тых, хто мае дзейную падобную візу, адзначыла Дабравольская. Паводле яе, у нефармальных гутарках супрацоўнікі ведамства прапануюць грамадзянам Беларусі, якія ў тым ліку ўехалі на польскую тэрыторыю пасьля пачатку вайны з Украіны, падаваць дакумэнты на атрыманьне міжнароднай абароны, якая прадугледжвае наданьне статусу ўцекача або наданьне дадатковай абароны.
«Гэта асабісты выбар кожнага. Мы нікому не навязваем той ці іншы спосаб легалізацыі. Але ёсьць заканадаўства, якое прадугледжвае розныя спосабы. І [дзяржаўныя] структуры не павінны адразу раіць іншую працэдуру», — падкрэсьліла Дабравольская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы палічылі, колькі беларусаў легальна пражывае ў краінеПаводле зьвестак ЦБС, атрыманых ва Ўправе ў справах іншаземцаў Польшчы, з 10 жніўня 2020 году (першы дзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і пачатку пратэстаў супраць іх фальсыфікацыі) Польшча выдала беларускім грамадзянам 39 709 гуманітарных і 53 154 візы па праграме Poland Business Harbour. Па міжнародную абарону ў Польшчы зьвярнуліся 5063 чалавекі, у тым ліку 2034 — пасьля пачатку вайны Расеі з Украінай 24 лютага.
Дырэктар дэпартамэнту ЦБС паведаміла, што з пачатку 2021 году да 30 верасьня 2022 году статус уцекача ў Польшчы атрымалі 276 беларускіх грамадзян, дадатковую абарону — 3691.
З 2019 году беларусы сталі другой па колькасьці групай іншаземцаў у Польшчы — больш там толькі ўкраінцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я зразумеў: калі ты беларус, закон ня дзейнічае». Польскія памежнікі не прынялі ў беларуса заяву на міжнародную абарону