Памежная варта паведаміла, што інцыдэнт адбыўся 20 кастрычніка. Памежнікі падалі фургону Peugeot Boxer сыгнал спыніцца, але кіроўца зрэагаваў павелічэньнем хуткасьці. Памежнікі кінуліся ў пагоню. Каб спыніць машыну, яны скарысталі стужку з шыпамі і стралялі па колах. Кіроўца кінуў машыну з прабітымі шынамі і паспрабаваў уцячы, але яго схапілі.
Кантрабандыстам аказаўся 38-гадовы жыхар польскага Элку. Ён перавозіў амаль 3,5 мільёна цыгарэт зь беларускімі акцызнымі нумарамі, коштам больш за 2,5 мільёна злотых ($0,5 млн). Акрамя таго, у машыне, на якой ён кантрабандай перавозіў нелегальныя тытунёвыя вырабы, былі спэцыяльныя сховы, у якіх разьмяшчалася ўстаноўка для раскіданьня шыпоў па дарозе, каб спыняць пагоню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад выглядам цукерак. У Літве затрымалі беларускія цыгарэты амаль на 2 мільёны эўра