«А ад вас ляцяць ракеты!» — пішуць нам з Украіны. «А вы заўжды любілі Лукашэнку!» — адказваем мы. Гэтыя ўзаемныя абвінавачаньні, такія папулярныя апошнім часам у сацыяльных сетках, часта ідуць побач з прэтэнзіямі, што да цяперашняй катастрофы ўсё дайшло таму, што адным людзям было пляваць на праблемы іншых.
Ва Ўкраіне сапраўды любілі Лукашэнку. У Беларусі сапраўды выкарыстоўвалі ў якасьці самай страшнай страшылкі Майдан. Эўразьвяз сапраўды спакойна набываў у Расеі газ, не зважаючы на тое, што фінансуе тым самым пуцінскі рэжым.
Усе клапаціліся выключна пра ўласныя інтарэсы, ігнаруючы той факт, што чалавецтва — гэта своеасаблівая экасыстэма, і да яе прымяняецца першы закон экалёгіі. Усё зьвязана з усім.
І цяпер, калі Расея руйнуе Ўкраіну, у тым ліку іранскімі дронамі, гэта становіцца асабліва заўважна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля прыезду ў Кіеў нямецкага прэзыдэнта Расея запусьціла зь Беларусі іранскія дроныЗдавалася б: ну каму ў Беларусі справа да таго, што ў Іране жанчын вымушаюць насіць хіджаб, а за пазашлюбны сэкс зьбіваюць на плошчах і кідаюць у турмы? Акрамя фэміністак і праваабаронцаў, гэтым амаль ніхто ніколі і не цікавіўся — Іран жа далёка, да нас дачыненьня ня мае, і ўвогуле ў іх там такія традыцыі, ня станем жа мы ў гэта лезьці. Нам бы са сваімі бедамі разабрацца.
Але ёсьць адна дэталь, якая руйнуе ўвесь гэты лягічны ланцужок. Людажэрскія рэжымы так не разважаюць. Зь імі не працуе аргумэнт «гэта нашы справы, і вас яны ня тычацца». Такія рэжымы абараняюць сваё «права» на людажэрства, спасылаючыся на традыцыі і культурныя асаблівасьці, але гэта працуе толькі ў адзін бок. Нават калі сьвет не кранае іх, яны імкнуцца зьнішчыць увесь сьвет.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране памерла 16-гадовая дзяўчына, пабітая ў школе сілавікамі за адмову сьпяваць песьню ў гонар аяталы Алі ХаменеіЦі шмат каго ва Ўкраіне год таму хвалявала становішча жанчын у Іране? Думаю, што не. А сёньня відавочна: чым больш небясьпечны іранскі рэжым для іранскіх жа жанчын, тым больш небясьпечны ён для ўсяго сьвету. Бо тое, што палітыкі робяць са «сваім» народам сёньня, яны захочуць зрабіць з усім сьветам заўтра. І асабліва гэта тычыцца рэжымаў, пабудаваных на садысцкіх уяўленьнях пра патрыярхат і маскуліннасьць.
Цяпер Украіна пакутуе ад іранскіх дронаў, але ўсяго гэтага магло б ня быць, калі б сьвет выпрацаваў іншыя спосабы рэагаваньня на людажэрства. А цяпер іранская рэвалюцыя, якая пачалася пасьля таго, як Махсу Аміні забілі за нібыта няправільна апрануты хіджаб, — гэта новая надзея Ўкраіны на больш мірнае неба ў прамым сэнсе гэтага слова. Ня будзе цяперашняга рэжыму — ня будзе і дронаў-камікадзэ над Украінай.
І ўвесь сьвет уздыхне з палёгкай, бо нарэшце разумее, што праблемы адной краіны — гэта праблемы ўсіх. І хочацца верыць, што гэта надоўга.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.