Рэдактара «Ежедневника» (ej.by) Сяргея Сацука, якога затрымалі летась 8 сьнежня, абвінавачвалі паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Працэс ішоў у Менскім гарадзкім судзе з 23 верасьня.
Як паведаміў БАЖ, прысуд Сяргею Сацуку — 8 гадоў калёніі. Такое пакараньне для журналіста тыдзень таму запатрабаваў пракурор.
Суд прызнаў Сацука вінаватым у атрыманьні хабару ў буйным памеры, перавышэньні службовых паўнамоцтваў, распальваньні варожасьці па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасьці.
Сацуку таксама прызначылі значаны штраф, 16 тысяч рублёў, і пазбавілі права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў, паведамляе БелТА. Акрамя таго, суд вырашыў спагнаць з абвінавачанага ў даход дзяржавы грашовую суму ў памеры 12 384 рублі.
Справу разглядала судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка. Менавіта яна раней адправіла за краты журналістку Кацярыну Барысевіч.
Адразу Сацука спачатку абвінавацілі ў атрыманьні хабару. Празь нейкі час журналіст паведаміў у лісьце зь СІЗА пра новыя абвінавачаньні.
Сяргей Сацук — журналіст-расьсьледнік, рэдактар беларускага парталу «Ежедневник». Праваабаронцы прызналі Сяргея Сацука палітычным вязьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць рэдактара «Ежедневника» Сяргея СацукаБАЖ: прысуд Сацуку — помста аднаму з найлепшых беларускіх расьсьледнікаў за прафэсійную працу
Беларуская асацыяцыя журналістаў з нагоды выраку Сяргею Сацуку заявіла, што «органы сьледзтва і суд адвольна прымянілі супраць Сацука крымінальны перасьлед, імкнучыся адпомсьціць журналісту за ягоныя рэзанансныя расьсьледаваньні».
БАЖ патрабуе адмены прысуду і неадкладнага вызваленьня Сяргея Сацука, а таксама ўсіх 32 прадстаўнікоў і прадстаўніц СМІ, якія на сёньня знаходзяцца за кратамі ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволенаму рэдактару Сяргею Сацуку выставілі абвінавачаньні паводле новых артыкулаўПісаў аб карупцыі, атрымліваў пагрозы, спрачаўся з Лукашэнкам
Сяргей Сацук вядомы сваімі журналісцкімі расьсьледаваньнямі. Адно з самых гучных — аб пастаўках у Беларусь незарэгістраванага ў краіне прэпарату «Эўпэнта».
Пасьля прышчэпкі гэтай карэйскай вакцынай летам 2018-га ў райцэнтры Ганцавічы памерла двухмесячнае дзіця. Сацук, дасьледуючы сайты раённых бальніц, выявіў, што незарэгістраваная вакцына прымянялася на дзецях са студзеня 2017 году, і раскрытыкаваў тлумачэньні Міністэрства здароўя аб бясьпецы лекаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вінаватых у сьмерці немаўляці пасьля вакцынацыі «Эўпэнтай» не знайшліСацук высьветліў, што «Эўпэнта» ў той пэрыяд не была зарэгістраваная нават у краіне-вытворцы і знаходзілася ў разьдзеле навуковых распрацовак, якія праходзілі стадыю рэгістрацыі.
Пазьней Сацук казаў аб пагрозах у ягоны адрас:
«Пасьля выхаду першага з двух артыкулаў аб карупцыі да мяне прыйшоў нечаканы чалавек. Ён проста мне сказаў: калі спынюся, мяне альбо грохнуць альбо пасадзяць», — расказваў Сацук незалежнай прэсе.
23 сакавіка, за два дні да перашага затрыманьня, Сяргей Сацук апублікаваў артыкул «Хто сее паніку вакол каранавірусу, прэзыдэнт або сайты і каналы?», у якім выказаў сумненьні ў дакладнасьці афіцыйнай статыстыкі аб распаўсюджваньні каранавірусу ў Беларусі.
Лукашэнка загадаў КДБ разабрацца з тымі, хто публікуе такія зьвесткі, назваўшы публікацыі фэйкамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць галоўнага рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука завялі крымінальную справу за хабарУ 2015 годзе Сяргей Сацук публічна паспрачаўся з Аляксандрам Лукашэнкам аб карупцыі, заявіў аб прычынах, якія нараджаюць яе ў чыноўніцкім асяродзьдзі, назваў асобныя прыклады, сказаў што за 25 гадоў атачэньне Лукашэнкі яго так вывучыла, што карыстаецца ягонымі асаблівасьцямі для сваёй выгады.
Дыскусія адбылася на прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі.
«Чаму пад выглядам маштабнай барацьбы з карупцыяй ідзе маштабнае стварэньне тыповых умоваў для карупцыянэраў?» — прама спытаў ён у Лукашэнкі.
Лукашэнка назваў гэтае пытаньне палітычнай заявай і доўга тлумачыў, як ён змагаецца з карупцыяй. Сацук не згадзіўся зь ягонымі довадамі і сказаў пра іншыя выпадкі карупцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты