Пагутарылі са стваральніцай праекту «Палітвязынка» журналісткай Яўгеніяй Доўгай і мастачкай Ганнай Татур пра тое, чаму важна гаварыць пра беларускіх палітзьняволеных жанчын падчас вайны.
«Я пабачыла поўнае неразуменьне працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі»
Журналістка Яўгенія Доўгая пасьля вымушанага ад’езду зь Беларусі ў лістападзе 2020-га вырашыла, што трэба рабіць нешта пра жанчын.
«На нашых вачах адбываецца ГУЛАГ. Акурат я бачыла, як расейскі цэнтар „Мемориал“ спрабуе аднавіць гісторыі жанчын, якія былі высланыя ў ГУЛАГ, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Яшчэ ў маёй дачкі Сашкі ёсьць кніга „100 казак на ноч для юных бунтарак“ з партрэтамі жанчын з усяго сьвету, якія зрабілі нейкі ўнёсак: праваабаронцы, мастачкі, журналісткі, кіраўніцы. Там усё коратка і вельмі зразумелай мовай напісана. Я пачала зьбіраць цікавыя гісторыі пра нашых жанчын, брала інтэрвію», — кажа журналістка Яўгенія Доўгая.
Яўгенія сустрэлася з украінскай журналісткай Лесяй Ганжой, галоўнай рэдактаркай выданьня пра жанчын у палітыцы «50 відсотків». Для гэтага СМІ Яўгенія рабіла матэрыялы пра выбарчую кампанію ў Беларусі.
«Яшчэ ў Кіеве мясцовая асацыяцыя журналістаў арганізавала для беларускіх супрацоўнікаў мэдыя экскурсіі па ўкраінскіх рэдакцыях. Тады я пабачыла поўнае неразуменьне працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, такі сындром старэйшага брата. І я вельмі ў душы крыўдзілася на тое, што яны расказваюць пра сваю рэдакцыю. Перад імі беларусы ў выгнаньні, а яны нават не спыталі, як мы працуем. Я ўсё гэта расказала Лесі, сказала, што трэба нешта з гэтым рабіць. Яна мяне падтрымала: „Вядома, трэба, каб нарэшце ўкраінскае жаночае грамадзтва падтрымала вашых жанчын“».
«Усё, што мы можам зрабіць сёньня, — не забываць пра нашых жанчын»
У Яўгеніі зьявілася ідэя зрабіць кнігу. Яна напісала ў сваім Instagram, што шукае мастачку, якая можа намаляваць партрэты зьняволеных жанчын. Адгукнулася ілюстратарка Ганна Татур.
«Мне хацелася дапамагаць. З дапамогай візуальных сродкаў я магу прыцягваць увагу да праблемы. Партрэты — гэта добры спосаб выклікаць нейкую эмпатыю ў людзей. Насамрэч я вельмі ганаруся, што ў гэтым удзельнічаю, і вельмі паважаю Яўгенію за тое, што яна робіць», — кажа Ганна.
Першы варыянт твораў Ганна выканала на паперы, бо яшчэ не валодала інструмэнтамі, каб ствараць digital-ілюстрацыі. Ну і першапачатковая ідэя Яўгеніі і Ганны была ў тым, каб зрабіць папяровую кнігу, ілюстраваную ў акварэлі.
«Цяпер я вучуся ў францускай найвышэйшай школе мастацтваў. Летась у мяне была такая дысцыпліна, як „Рэдагаваньне“, там нас вучылі рабіць кнігі ад пачатку і да канца: вёрстка, рэдагаваньне, сшываньне. Пад канец нам трэба было зрабіць уласную кніжку. Я старалася сумясьціць праект „Палітвязынкі“ са сваім праектам у школе. Тады я пераклала гісторыі жанчын, якія падрыхтавала Яўгенія, і іншых людзей на францускую мову і зрабіла некалькі ілюстрацый акварэльлю. Прафэсары і выкладчыкі вельмі былі ўражаныя. Мой выкладчык рэдагаваньня сказаў, што трэба гэты праект прадставіць як пэрформанс, бо гэта вельмі моцныя гісторыі».
«Мы тады паспрабавалі атрымаць невялікі грант у фондзе Маршала на стварэньне і дызайн сайту, гісторый, на пераклад, — кажа Яўгенія. — Усе гэтыя партрэты Аня малявала ў рамках стажаваньня, якое мы змаглі аформіць ва ўкраінскай арганізацыі. А так гэта ўсё валянтэрскі праект».
Ганна кажа, што для яе вельмі важны ўдзел у праекце ня толькі таму, што можа рэалізоўвацца як мастачка, ілюстратарка, але і дзеля таго, каб паўплываць на людзей.
«Я спадзяюся, што змагу зрабіць так, каб было трохі менш несправядлівасьці, бо сёньня яе вельмі багата, — кажа Ганна. — Гэта быў дастаткова цяжкі праект і эмацыйнай напругай, і тэрмінамі выкананьня. Я зрабіла за лета 100 партрэтаў. Я пражыла кожны дзень лета з гісторыямі гэтых жанчын, прачыналася і клалася спаць з гэтым. Мне здаецца, вельмі важна гаварыць пра беларускіх жанчын, нягледзячы на вайну, бо гэта вельмі неабароненая група людзей».
«Ой, ну а што вы хадзілі з кветачкамі, а ня скінулі вусатага свайго»
Пасьля пачатку вайны журналістка Леся Ганжа пайшла на фронт і праект беларусак застаўся безь яе ўдзелу.
«Яна сказала: „Я больш ня буду займацца гэтым праектам, прабачце, бо маю краіну сьціраюць з твару зямлі“. Я і Аня засталіся сам-насам з гэтым праектам. Нам вельмі дапамагала Наста Захарэвіч зь беларускай мовай. Вялікі дзякуй усім беларускім журналістам, якія пашырылі інфармацыю, гэта вельмі важна. Для мяне важна, што ёсьць напрацаваная сувязь з палітзьняволенымі дзяўчатамі. Яны выходзяць, бачаць свой партрэт і пішуць, расказваюць пра сваіх сукамэрніц, пра сябе», — кажа Яўгенія.
Яўгенія дадае, што яе заўжды ўражвала, калі яна чула абясцэньваньне ў бок беларускіх жанчын і іхнага пратэсту.
«Шмат мужчын так казалі, украінцаў: „Хадзілі, дарылі кветачкі, вось нічога і не выйшла“. Гэта з намёкам на жаночыя маршы. А тое, што ў нас сядзяць праваабаронцы; сядзяць за тэракты, і ў іх гіганцкія тэрміны, у якіх праходзіць жыцьцё? Жанчыны ў нас сядзяць у жудасных умовах, дзе раз на тыдзень лазьня, няма паветра, ціск на дзяцей. А асноўная рыторыка Лукашэнкі пра тое, што ён з жанчынамі не ваюе. У нас 200 жанчын-палітвязьняў, як гэта ты зь імі не ваюеш?! Гэта вельмі розныя жанчыны: ад маладых студэнтак да пажылых пэнсіянэрак. Вайна настолькі жудасная і бессардэчная, што можа змыць усе дасягненьні, пакуты, усе рэпрэсіі, празь якія праходзяць нашы жанчыны».
«Важна, каб не было абясцэньваньня, каб уклад беларусак быў дзесьці зафіксаваны»
Яўгеніі вельмі блізкая тэма палітзьняволеных жанчын, бо яна сама была затрыманая.
«Я толькі тры дні пасядзела ў гэтай камэры, а выйшла з кучай праблем па гінэкалягічнай частцы, проста жах. Жанчыны сядзяць незразумела за што ў гэтых умовах. Неяк мяне папрасіла мама Тоні Канавалавай сабраць Тоню ў калёнію і прыслала сьпіс, які быццам з часоў Сталіна. Там усё павінна быць чорным: чорныя хусткі, шкарпэткі, бялізна. Я чытала пра рэпрэсіі часоў НКУС, чаму ўсё чорнае: гэта стварае дадатковы ціск на псыхіку, каб людзі вар’яцелі ад гэтай чарнаты, каб не было разнастайнасьці».
Яўгенія кажа, што гэты праект важны, таму што вайна можа ўсё абясцэніць.
«Я не хачу, каб казалі: „Ой, ну а што вы хадзілі з кветачкамі, а ня скінулі вусатага свайго“. Вось, паглядзі, жанчын узялі незразумела за што і ўляпілі, як Марфе Рабковай, 15 гадоў, больш за 10 артыкулаў! Якія кветачкі тут?! Важна гаварыць пра гэта, каб не было абясцэньваньня, каб уклад беларусак быў дзесьці зафіксаваны, каб можна было ўзяць Instagram „Палітвязынкі“, скапіяваць, выслаць і сказаць: „Пачытай гэтыя гісторыі“. Усе гэтыя гісторыі пра грамадзянскую пазыцыю і барацьбу за дэмакратыю».
«Ты ўсё зрабіла правільна, ты малайчына, ты змагаесься за сваю сямʼю»
Журналістка кажа, што займацца праектам псыхалягічна вельмі цяжка.
«Я вось літаральна ўчора скончыла гісторыю Алены Маліноўскай. Яна мяне вельмі ўразіла. Гэтая жанчына — спэцыялістка ў грудным выкормліваньні, дапамагае нармальна пачаць і скончыць яго. Кармленьне наогул складаны працэс, часта жанчыны мучацца з грудзьмі. Яшчэ і Каця Ваданосава і Каця Пытлева захварэлі на рак ад стрэсу, і для мяне тэма грудзей далікатная. І вось Алена літаральна ратавала жанчын, яна сутыкалася з чымсьці вельмі трапяткім і інтымным, а яе проста ўзялі і пасадзілі. І цяпер ёй пішуць ейныя пацыенткі, перадаюць праз адваката нейкія рэчы, яна кансультуе іх, седзячы ў СІЗА. Гэта нейкая неймаверная сіла духу, амаль біблейская».
Яўгенія апавядае, што больш за ўсё яе вымотвала пачуцьцё бясьсільля. Быццам тое, што яна робіць, нікому не патрэбна.
«Я так перанэрвавалася за Алену, думаю, які жах, чым жа дапаможа гэты праект. А ўвечары мне напісала Вольга Рытус, былая палітзьняволеная: „О, вы мяне намалявалі! Ой, клас!“ І яна стала расказваць, як сябе адчувае. Яшчэ Воля Гарбунова мяне вельмі падтрымлівае. Адна жанчына са Стакгольма папрасіла ў нас партрэт Волі і зрабіла зь ім майку. Воля мне сказала потым: „Тое, што я ўбачыла гэтую майку, было для мяне вельмі важна. Бо ты там сядзіш і думаеш, што пра цябе ўсе забыліся“. Здорава, што ёсьць зваротная сувязь, гэта трымае».
Таксама Яўгеніі пішуць сваякі палітзьняволеных, адгукаюцца на партрэты іхных блізкіх.
«Пісала дачка Галіны Дзербыш, якой у справе Аўтуховіча далі 20 гадоў. Яна зьмясьціла гэты партрэт у сваім Instagram, вельмі дзякавала. Пісалі блізкія Дар’і Афанасьевай і Алены Лазарэнкі, абяцалі напісаць больш падрабязна, што яна за чалавек. Было цікава, калі апублікавалі Кацю Андрэеву і ейны муж Ігар Ільяш напісаў: „А я хацеў спытаць, калі ўжо?!“», — сьмяецца Яўгенія.
Цяпер Яўгенія ў сваім Instagram пачала весьці рубрыку, у якой просіць напісаць словы падтрымкі зьняволеным жанчынам.
«Гэта пачалося з Ірыны Леўшынай. Я яе знаю і вельмі сябе дакараю за тое, што, можа, мала нейкіх бандэроляў выслала ёй. Я напісала ў Instagram: „А што б вы сказалі Ірыне?“ І людзі сталі пісаць. З Дашай Лосік таксама людзі адгукаліся, і ня проста нейкія звычайныя рэчы пісалі, а, напрыклад, такое: „Даша, ты ўсё зрабіла правільна, ты малайчына, ты змагаесься за сваю сямʼю“. Гэта вельмі ўражвае і падбадзёрвае іншых. Мне хочацца такую зваротную сувязь зрабіць, каб сваякам перадаваць гэтыя паведамленьні».
Цяпер Яўгенія і Ганна хочуць стварыць кнігу пра беларускіх палітзьняволеных. Падтрымаць праект можна праз BySol і Patreon, за гэта можна атрымаць у падарунак паштоўку.