Як прайшла прэзэнтацыя новай кнігі Зьмітра Бартосіка «Забіць упалмінзага», якая заснаваная на выпадкова знойдзеных дакумэнтах пра антысавецкі супраціў у Беларусі.
Падзея адбылася ў Вільні ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасьці.
Распачаў прэзэнтацыю дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, які традыцыйна прадставіўся «бібліятэкарам Свабоды». Як адказны бібліятэкар ён адзначыў, што «Забіць упалмінзага» — гэта 87-я кніга з калекцыі «Бібліятэка Свабоды».
«Пакуль гэтая кніга не была напісаная, гэтай фантастычнай старонкі, ці нават тома, беларускай гісторыі насамрэч не існавала», — сказаў Лукашук, адразу зьвяртаючы ўвагу аўдыторыі на надзвычайныя падзеі, пра якія расказвае Зьміцер Бартосік. Самога аўтара «бібліятэкар Свабоды» прадставіў словамі «чалавек, якому я зайздрошчу».
«Гэта кніжка, якой я ганаруся вельмі асабліва, — распачаў свой выступ Зьміцер Бартосік. — Яна атрымалася кніжкай ад пачатку да канца — з завязкай, разьвіцьцём, кульмінацыяй і высновай, якую я пакіну чытачу».
Зьміцер кажа, што «Забіць упалмінзага» «нарадзілася выпадкова, як усё невыпадковае» і расказвае захапляльную гісторыю пра легендарнага Міхася Чарняўскага. Вядомы беларускі гісторык калісьці цудам здабыў дакумэнты Маладачанскага абласнога суду. Дакумэнтальныя сьведчаньні з крымінальных спраў пра антысавецкія паўстаньні, падпольле, агітацыю, думкі і размовы людзей, погляды і настроі празь некалькі рук і дзясяткі гадоў урэшце трапілі да Зьмітра Бартосіка.
«У кожным раёне дзейнічала па некалькі ўзброеных атрадаў. Якіх кармілі, лячылі, якім давалі прытулак тысячы людзей. Выглядала, што адразу пасьля вайны на гэтай зямлі пачалася новая вайна, якую вялі войскі МГБ. Вялі бяз танкаў і „кацюш“, без гармат і самалётаў. Толькі аўтаматамі і кулямётамі. Але той вайной была ахопленая ўся заходняя частка Беларусі. Тайны і яўны фронт быў літаральна паўсюль...», — зачытвае Зьміцер Бартосік урывак са сваёй кнігі. Гэтыя дакумэнты сталі для аўтара зачэпкамі і своеасаблівай мапай, па маршруце якой ужо сам Зьміцер зьбіраў жывыя сьведчаньні сучасных беларусаў пра тыя падзеі.
«Праца над кніжкай ішла цяжка», — кажа Зьміцер Бартосік, з гумарам наракаючы на дачэплівасьць рэдактара кнігі Сяргея Дубаўца. Ён прызнаецца, што шмат чаго ў кнігу не ўвайшло. Як, напрыклад, частка пра пошукі перайменаванай вёскі Галоднічы. У выкананьні Зьмітра Бартосіка яна мелася б выглядаць у кнізе як драматычная і камічная гісторыя перайменаваньня беларускіх мястэчак і вёсак савецкімі ўладамі. «Астапава стала Варашылавым, Мардалысава — Сьвярдловым, Бесава — Сьветлым, Магільнае — Мірным, а Драчылава — Гагарыным», — «у знак пратэсту» зачытвае Зьміцер гэтую частку падчас прэзэнтацыі.
Сярод іншых урыўкаў з кнігі, якія прагучалі на прэзэнтацыі, была і гісторыя пра аднаклясьніка Зьмітра — Канстанціна Залатых, дырэктара газэты «Белорусы и рынок», цяпер палітзьняволенага. «Зайздрошчу ягоным сукамэрнікам», — сказаў пісьменьнік, асабліва адзначаючы выдатнае пачуцьцё гумару Канстанціна.
Новую кнігу Зьмітра Бартосіка можна спампаваць з сайту Радыё Свабода ў фармаце PDF.
«Забіць упалмінзага» — трэцяя кніга з цыклю Зьмітра Бартосіка, у якім раней выйшлі «Быў у пана верабейка гаварушчы» і «Клініка кітайскага дантыста». «Быў у пана верабейка гаварушчы» атрымаў у 2017 годзе першую прэмію імя Ежы Гедройця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе кнігі Бібліятэкі Свабоды