Былога дарадцу Трампа Стыва Бэнана асудзілі на 4 месяцы турмы і штраф за непавагу да Кангрэсу

Стыў Бэнан

Суд у ЗША асудзіў Стыва Бэнана, даўняга палітычнага паплечніка Дональда Трампа, які быў пры ім галоўным стратэгам Белага дому, на чатыры месяцы турмы і штраф 6500 даляраў за непавагу да Кангрэсу і адмову даваць паказаньні па справе аб штурме Капітолію ў студзені 2021 году.

Судзьдзя паведаміў, што Бэнан можа адтэрмінаваць абвінаваўчы прысуд да разгляду апэляцыі.

Пра гэта піша BBC.

У ліпені Стыў Бэнан быў прызнаны вінаватым у непавазе да Кангрэсу па двух пунктах, пасьля таго як адмовіўся супрацоўнічаць з камітэтам Кангрэсу па расьсьледаваньні нападу на Капітолій у студзені 2021 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дональд Трамп памілаваў свайго былога дарадцу Стыва Бэнана

Яго выклікалі даць паказаньні і прасілі перадаць дакумэнты, якія, на думку Камітэту, маюць дачыненьне да здарэньня. Бэнан адмовіўся, пасьля чаго прадстаўнікі Кангрэсу зьвярнуліся ў суд.

Гэта ня першы раз, калі ў былога паліттэхноляга ўзьніклі праблемы з законам.

У жніўні 2020 году ён быў на некалькі гадзін арыштаваны па абвінавачаньні ў растраце сродкаў, сабраных на будаўніцтва сьцяны паміж ЗША і Мэксыкай. Суд вызваліў яго пад заклад да разгляду справы па сутнасьці.

Хто такі Стывэн Бэнан?

Бэнан — былы марскі афіцэр, інвэстыцыйны банкір і галівудзкі прадусар. Усеагульную вядомасьць ён атрымаў як сузаснавальнік ультраправага вэб-сайту Breitbart News.

Узначальваў перадвыбарчы штаб Дональда Трампа ў апошнія месяцы кампаніі 2016 году. Пасьля перамогі на выбарах атрымаў пасаду галоўнага стратэга Белага дому.

У пэрыяд прэзыдэнцтва Трампа ў амэрыканскім істэблішмэнце нейкі час Бэнан лічыўся другім самым уплывовым чалавекам у краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кніга, якая ўзрушыла Белы дом

Шматлікія выцекі інфармацыі ў СМІ зь Белага дому сьведчылі пра тое, што Бэнан — сапраўдны шэры кардынал і ключавая фігура ва ўсіх рашэньнях, якія прымаліся адміністрацыяй.

У жніўні 2017 году, пасьля жорсткіх сутыкненьняў паміж левымі і правымі актывістамі ў Шарлатсьвілі, штат Вірджынія, Бэнан пакінуў Белы дом. Прэса прыгадала яму яго ўльтраправыя погляды і называла ценевым натхняльнікам такіх настрояў у краіне.

Ажно да студзеня 2018 году ён заставаўся верным саюзьнікам і неафіцыйным дарадцам Трампа.

Іх адносіны скончыліся пасьля выхаду кнігі Майкла Вульфа «Агонь і лютасьць» пра Белы дом эпохі Трампа, напісанай са слоў ананімных крыніцаў.

У кнізе сьцьвярджаецца, што Бэнан называў сувязі сына Трампа зь некаторымі ўплывовымі расейцамі здрадай, а дачку Трампа Іванку аднойчы назваў «дурной, як цэгла».

Дональд Трамп заявіў, што Бэнан страціў розум, пасьля чаго той пазбыўся ўсялякага ўплыву.