«Лукашэнка падобны да Гаральда, які хавае боль». У Менску адкрылася выстава з партрэтамі лідэраў пратэсту і Лукашэнкі з аўтаматам

Мастачка Сьвятланы Жыгімонт і яе карціны. Каляж

У Палацы мастацтва 19 кастрычніка пачалася выстава мастачкі Сьвятланы Жыгімонт «Чалавечы фактар». На ёй выстаўленыя партрэты Аляксандра Лукашэнкі і лідэраў дэмакратычных сілаў.

Сьвятлана Жыгімонт нарадзілася ў 1968 годзе, але шырокая вядомасьць да яе прыйшла толькі на хвалі падзей 2020 году. Тады ў СМІ шмат абмяркоўвалася праца Жыгімонт, дзе яна ў непрывабным сьвятле паказала ўдзельніц жаночых маршаў. Таксама Сьвятлана намалявала карціну, дзе маці не пускае сына на акцыю пратэсту.

«Вучыць маляваць можна любога, — на ўмовах ананімнасьці кажа адзін менскі мастацтвазнаўца. — Але пры адсутнасьці ідэй такая творчасьць нічога ня вартая. Гэта звычайныя карыкатуры. Яны дазваляюць Жыгімонт зарабляць у Беларусі, але за мяжой яна была б бездапаможная. Калісьці былі расейскія мастакі-„перасоўнікі“, якія малявалі тое, што бачылі. Лепш за Рэпіна Жыгімонт ужо нічога ня створаць у гэтым кірунку».

Сярод наведнікаў выставы Жыгімонт былі кіраўнік ЛДПБ Алег Гайдукевіч, праўладныя палітолягі Аляксандар Шпакоўскі і Аляксей Аўдонін, сьпявачка Юлія Быкава са сваім мужам і мэнэджарам Яўгенам Алейнікам, кіраўнік афіцыйнага Саюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў. Амаль кожны зь іх выклаў сэлфі з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі, які займае на выставе цэнтральнае месца.

Мастацтвазнаўца Мікіта Моніч кажа, што трошку знаёмы са Сьвятланай Жыгімонт.

«Аднойчы мы сустрэліся ля дзіцячага садочку, паразмаўлялі, і толькі пазьней я зразумеў, хто гэта такая была. Яе пасыл быў такі, што пра асьвету я раблю добрую справу, а пра палітыку — не. Мне ня блізкае яе мастацтва, палітычна мы ворагі. Але мяне радуе ў яе творчасьці тое, што яна проста ёсьць».

Мікіта Моніч

Мікіта кажа, што раней меркавалася, што існавалі мастакі, якія выконвалі дзяржаўны заказ, але пры гэтым нельга было сказаць, што яны знаходзяцца на тым баку.

«Былі, канечне, ідэйныя камуністы старой школы, якія лагодна ставіліся да нашчадкаў той сыстэмы ў выглядзе Лукашэнкі. Але ўсё гэта было за межамі жыцьця, жывога сёньня. Тут жа мы бачым жывую жанчыну, якая робіць працу крок за крокам на тым полі, якое мы традыцыйна лічым сваім, — культуры і мастацтва. Мне не падабаецца, што яна малюе, але мне падабаецца, як у яе гэта атрымліваецца».

Мастацтвазнаўца зьвяртае ўвагу на працу Жыгімонт, якая складаецца з трох карцін. Пасярэдзіне вялізны партрэт Лукашэнкі, а вакол меншыя карціны зь лідэрамі пратэсту — Ціханоўскай, Халезіным, Вячоркам, Латушкам, Пракоп’евым, якія займаюцца магіяй.

Выстава мастачкі Сьвятланы Жыгімонт

«Гэтыя цёмныя сілы апазыцыі значна больш прыгожыя, чалавечныя і жывыя. Лукашэнка ж у выкананьні Жыгімонт выглядае як „Гаральд, які хавае свой боль“, ён глядзіць у нікуды, побач зь ім аўтамат, а вакол яго трэшчына ў зямлі, якая хутка яго забярэ, а недзе далёка сапраўдная „фата-маргана“ — палі, праваслаўная цэркаўка. Жыцьця ва ўсім гэтым нуль».

Экспэрт лічыць, што праўда ў творах Жыгімонт прабіваецца празь яе карціны. Такой жа думкі і іншы мастацтвазнаўца.

«Возьмем карціну з хлопцам, які зьбіраецца на мітынг. Зразумела, што спачуваньне тут выклікае менавіта гэты хлопец, ён там станоўчы пэрсанаж. Мне здаецца, сама Жыгімонт нават не разумее гэтага. А карціну з Лукашэнкам можна трактаваць вельмі двухсэнсоўна, што Лукашэнка — дуб», — кажа ананімна мастацтвазнаўца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Глядзець на лукашэнкаўскую Беларусь невыносна цяжка». Сілавікі і пратэстоўцы ў жывапісных гісторыях Ігара Рымашэўскага

Мікіта Моніч прызнаецца: калі б быў у Менску, то схадзіў бы на такую выставу.

«Усё ж у яе творах бачна, што жыцьцё нашмат больш складанае за звычайныя штампы. „Зло“ ў яе атрымліваецца сапраўдным, складаным. А вось „дабро“ — гэта пустыя формы, нешта сярэдняе між коміксам і агіткай. У іх няма зьместу, бо такіх пэрсанажаў проста не існуе. Мне падаецца, што драма Сьвятланы Жыгімонт у тым, што таленту больш, чым разуменьня грамадзтва і каштоўнасьцяў. Празь яе праходзіць жыцьцёвы імпульс, ёсьць іскра, якая адлюстроўваецца толькі тады, калі яна малюе сваіх ворагаў. Магчыма, так выходзіць таму, што ёй гэта значна цікавей, або яна насамрэч ня верыць у добрую палову свайго сусьвету».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тайная вячэра» ў Віскулях. Аўтар трыптыху з Лукашэнкам увекавечыў Белавескія пагадненьні. ФОТА

Муж Сьвятланы Павел Жыгімонт — заснавальнік першага ў Беларусі тату-салёну «Ў лісіцы». Татуіроўка з выявай лісіцы ёсьць і ў самой Сьвятланы. У свой час у гэтым салёне працаваў мэтал-музыка Алесь Таболіч.

Суразмоўцы Свабоды пры гэтым адзначаюць, што сама Сьвятлана Жыгімонт не мяняла сваіх палітычных поглядаў, яны заўжды падтрымлівала Аляксандра Лукашэнку. Пры гэтым жанчына няблага размаўляе па-беларуску.

«Я мару, каб гэтыя творы Жыгімонт трапілі ў музэй. Ня важна які — гістарычны, беларускай дзяржаўнасьці ці мастацкі, але пройдзе 50 гадоў, і гэтыя работы будуць яскравай ілюстрацыяй таго часу, у якім мы жылі. Як у расейскіх перасоўнікаў, у творах шмат жыцьцёвага, але розныя людзі зробяць розныя высновы», — падсумоўвае Мікіта Моніч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я хачу дадому». У Варшаве праходзіць выстава, дзе можна пачуць гукі Менску і паплакаць у адмысловым пакоі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе сьмяюцца, страху няма». Менская мастачка зрабіла Лукашэнку героем усходняга календара