Дакладнай колькасьці расейскіх салдат, якія ўжо пачалі прыбываць у Беларусь, ні Лукашэнка, ні Пуцін не называлі. У Беларусі толькі намякнулі, што гэта будзе «не адна тысяча чалавек». Пазьней Мінабароны ўдакладніла, што іх будзе каля 9 тысяч, украінская выведка называе лічбу 20 тысяч мабілізаваных у верасьні расейцаў. Расказваем, дзе ў Беларусі зараз знаходзяцца расейскія войскі і ўзбраеньні.
«Зябраўка», Мазыр і Лунінец
Пасьля таго як у канцы сакавіка расейцы адступілі з поўначы Ўкраіны ў Беларусь, на беларускай тэрыторыі засталося каля тысячы расейскіх вайскоўцаў. Яны перш за ўсё абслугоўваюць дзейнасьць вайсковага аэрадрому пад Гомлем ля вёскі Зябраўка, а таксама аб’екты супрацьпаветранай абароны ля Мазыра, побач зь вёскай Прудок. Зьвесткі пра тое, што на гэтых аб’ектах пастаянна прысутнічае адносна невялікая колькасьць расейскіх вайскоўцаў, пэрыядычна зьяўляюцца ў сацсетках. Пацьвярджаюць іх і ўласныя крыніцы Свабоды.
Паводле спадарожнікавых здымкаў, на тэрыторыі аэрадрому каля Зябраўкі летам пачалі будаваць земляныя насыпы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, каля Зябраўкі і Прудка расейцы трымаюць комплексы супрацьпаветранай абароны С-400. Інфармацыю пра іх знаходжаньне ў Беларусі пацьвярджаў Лукашэнка.
Заўважаюць расейскую прысутнасьць і ў раёне вайсковага аэрадрома ля Лунінца, што побач з украінскай мяжой. У лютым і сакавіку яго актыўна выкарыстоўвала расейская авіяцыя, якая бамбіла ўкраінскую тэрыторыю.
Акрамя расейскіх комплексаў супрацьпаветранай абароны і некалькіх самалётаў, на тэрыторыі Беларусі таксама знаходзяцца як мінімум некалькі ракетных комплексаў «Іскандэр», з дапамогай якіх Расея абстрэльвае ўкраінскую тэрыторыю цяжкімі ракетамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца на беларускім аэрадроме ў Зябраўцы ля мяжы з Украінай. Спадарожнікавыя ФОТАНовыя расейскія салдаты прыбываюць у цэнтральныя і паўночныя раёны
Пра прыбыцьцё першых эшалёнаў з расейскімі салдатамі Мінабароны Беларусі паведаміла 15 кастрычніка. На апублікаваным відэа бачна, як расейцам падносяць хлеб-соль і сустракаюць іх на невялікіх чыгуначных станцыях. Пазьней Мінабароны РБ апублікавала яшчэ некалькі падобных паведамленьняў. Яны суправаджаюцца фатаздымкамі і відэасюжэтамі.
Прыбыцьцё расейскіх салдатаў у Беларусь у кастрычніку моцна адрозьніваецца ад таго, як яны прыбывалі на тэрыторыю Беларусі ў студзені і лютым, перад уварваньнем на ўкраінскую тэрыторыю. На апублікаваных фота і відэа няма назваў расейскіх частак і падразьдзяленьняў, самі салдаты рознага ўзросту і камплекцыі. Яны часта няголеныя і нават маюць розную форму і галаўныя ўборы, што пацьвярджае вэрсію ўкраінскай выведкі аб прыбыцьці ў Беларусь мабілізаваных у верасьні цывільных асобаў.
Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» вызначыў месцы, куды на дадзены момант ужо прыбылі расейскія вайсковыя эшалёны. Усе яны, у адрозьненьне ад студзеня і лютага, далёка ад украінскай мяжы. Расейскія эшалёны разгружаліся непадалёк ад вайсковых палігонаў у Віцебскай і Берасьцейскай абласьцях — на чыгуначных станцыях Ласьвіда, Заслонава і Палонка.
У кожным з эшалёнаў, якія можна пабачыць на апублікаваных Мінабароны Беларусі відэа, прыкладна 6–7 пасажырскіх вагонаў, а таксама плятформы з вайсковай тэхнікай.
Якую зброю расейцы цяпер прывозяць у Беларусь
Паводле памочніка міністра абароны Беларусі Валерыя Равенка, агулам Расея гэтым разам перакіне ў Беларусь каля 170 танкаў, прыкладна 200 браняваных і звычайных вайсковых аўтамабіляў, а таксама да 100 гармат і мінамётаў.
Пры гэтым на апублікаваных фота і відэа з прыбыцьця расейскіх эшалёнаў пакуль відаць толькі БТР, тэнтаваныя вайсковыя грузавікі, на якіх перавозяць амуніцыю, рыштунак, боепрыпасы, альбо асабовы склад.
16 кастрычніка над Менскам заўважылі як мінімум тры розныя расейскія перахватчыкі МіГ-31, якія ў вайне супраць Украіны расейцы выкарыстоўваюць як носьбіты ракет «Кінжал» альбо ў якасьці самалётаў-радараў. Пазьней Мінабароны Беларусі патлумачыла зьяўленьне расейскіх вайсковых самалётаў над Менскам «плянавым патруляваньнем». Усе МіГ-31 прызямліліся на вайсковы аэрадром Мачулішчы, дзе пасьля 10 кастрычніка таксама былі заўважаныя расейскія транспартныя вайсковыя самалёты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генштаб УСУ не назірае прыкмет падрыхтоўкі да ўварваньня з тэрыторыі Беларусі, але папярэджвае пра захаваную пагрозу паветраных удараў