Суд у Празе апраўдаў расейца, абвінавачанага ва ўдзеле ў анэксіі Крыму

Аляксандр Франчэці

Суд у Празе апраўдаў грамадзяніна Расеі Аляксандра Франчэці, якога абвінавачвалі ў арганізацыі злачыннай групы для ўчыненьня тэракту.

Аб гэтым паведамляюць чэскія СМІ.

Абвінавачаньне датычыла падзей 2014 году падчас анэксіі Крыму, калі Франчэці, паводле зьвестак сьледзтва, удзельнічаў у прарасейскіх узброеных фармаваньнях «Самаабарона Крыму» і «Паўночны вецер». Адным з пунктаў абвінавачаньня быў яго ўдзел у незаконным затрыманьні 11 па-праўкраінску настроеных жыхароў Крыму.

Суд палічыў віну Франчэці недаказанай. Ён таксама прыняў рашэньне аб вызваленьні яго з-пад варты. Прысуд не набыў законнай моцы, бо пракурор падаў апэляцыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Празе арыштаваў расейца, чыёй экстрадыцыі патрабуе Ўкраіна

Франчэці, які мае права на пастаяннае пражываньне ў Чэхіі, быў затрыманы ў верасьні 2021 году ў аэрапорце Прагі паводле міжнароднага ордэру на арышт, выдадзенага на запыт Украіны. У лютым сёлета суд у Празе прыняў рашэньне аб яго экстрадыцыі ва Ўкраіну. Аднак неўзабаве пасьля гэтага пачалося расейскае ўварваньне ў гэтую краіну. Чэскі апэляцыйны суд разгледзеў скаргу Франчэці на рашэньне аб экстрадыцыі і адмяніў яго, зазначыўшы, што ў выпадку яго выдачы ва Ўкраіну ў гэтай сытуацыі ягоныя правы апынуліся б пад пагрозай. Пасьля гэтага абвінавачаньні, практычна ідэнтычныя ўкраінскім, вылучылі супраць Франчэці ўжо чэскія ўлады.

Раней у Чэхіі на працяглыя тэрміны зьняволеньня былі асуджаныя некалькі іншаземцаў і грамадзян краіны, якія ваявалі ў шэрагах сэпаратыстаў Данбасу.

Франчэці адмаўляе сваю віну. Ён сьцьвярджае, што прыехаў у Севастопаль падчас анэксіі Крыму, каб абараніць сваю сям’ю і маёмасьць, і што сабраў там «групу людзей», якія мелі навыкі жыцьця ў лесе, з мэтай гарантаваць сабе бясьпеку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Празе затрымалі расейца, узнагароджанага мэдалём «За вяртаньне Крыму»