Прэзыдэнт Украіны склікаў вайсковую стаўку з прычыны пагрозы падрыву Расеяй Кахоўскай  ГЭС

Кахоўская ГЭС

Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) заявіў, што Расея працягвае рыхтавацца да нападу на Кахоўскую гідраэлектрастанцыю.

У эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом паведамілі, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі з нагоды імавернасьці падрыву дамбы Кахоўскай ГЭС склікаў стаўку Вярхоўнага галоўнакамандуючага.

Расея дыктуе ўмовы для вываду сваіх войскаў з Херсону

Экспэрты ISW мяркуюць, што расейцы рыхтуюцца падарваць дамбу Кахоўскай ГЭС пасьля выхаду з захаду Херсонскай вобласьці і абвінаваціць у гэтым украінскія войскі.

Дамба ўтрымлівае больш за 18 мільёнаў кубамэтраў вады, і яе падрыў прывядзе да вялікага імклівага затапленьня населеных пунктаў, што знаходзяцца ўздоўж Дняпра, у тым ліку гораду Херсону.

«Працяг расейскай падрыхтоўкі да нападу пад фальшывым сьцягам на Кахоўскую ГЭС таксама, пэўна, мае на мэце адцягнуць увагу ад паведамленьняў аб расейскіх стратах у Херсонскай вобласьці», – мяркуюць у Інстытуце вывучэньня вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: расейцы замінавалі дамбу Кахоўскай ГЭС; у выпадку яе падрыву затопіць звыш 80 населеных пунктаў

Паводле экспэртаў ISW, паведамленьні пра раскраданьне спэцыяльнай і цывільнай тэхнікі пажарнага дэпо ў Херсоне і яе перапраўку паромам у горад Голая Прыстань сьведчаць аб тым, што расейцы засвоілі ўрокі панічнага адступленьня з Харкаўскай вобласьці.

«Разумным з ваеннага пункту гледжаньня было б вывезьці людзей і тэхніку ў належным парадку, каб пазьбегнуць чарговага разбуральнага разгрому. Такі разгром у Херсоне можа заціснуць расейскія сілы і тэхніку на заходнім беразе Дняпра», – адзначаецца ў справаздачы ISW.

Пашкоджаны мост ля Кахоўскай ГЭС, 13 жніўня 2022

Украінскія войскі адбілі атакі расейцаў у Берыслаўскім раёне

Расея сканцэнтравала ў Берыслаўскім раёне свае склады з боепрыпасамі – раённы цэнтар знаходзіцца акурат насупраць Кахоўкі цераз раку Дняпро.

Ужо зь лета ўкраінская авіяцыя і артылерыя стала атакуе пункты кіраваньня і склады з боепрыпасамі і тэхнікай у Берыслаўскім раёне.

Паводле апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень», за ўчора расейцы тройчы спрабавалі атакаваць пазыцыі ўкраінцаў у гэтым раёне армейскай і штурмавой авіяцыяй. «У выніку (вораг) атрымаў агнявы адказ і рэтыраваўся», – паведаміў сьпікер апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень» Уладзіслаў Назараў.

Паводле інфармацыі Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны, на часова акупаваную тэрыторыю Херсонскай вобласьці Расея перакінула каля 2000 мабілізаваных, каб папоўніць страты і аднавіць баяздольнасьць сваіх падразьдзяленьняў.

«Разам з тым акупацыйная ўлада выдала распараджэньне аб падрыхтоўцы эвакуацыі для так званых «банкаўскіх устаноў», падрыхтавалі эвакуацыйныя сьпісы завезеных расейскіх мэдыкаў і настаўнікаў. Аб’екты гуманітарнай сфэры ў Херсоне спынілі працу», – паведаміў сьпікер украінскага Генштабу Аляксандар Штупун.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Вялікай Брытаніі: Расея сур’ёзна разглядае вывад сваіх войскаў у раёне Херсону
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плывём». Як Расея сыходзіць з Херсонскай вобласьці

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.